Усе навіны

Піолі пра нелегальныя стаўкі Таналі: «Я пра гэта нічога не ведаў»

13 снежня, 12:10

Галоўны трэнер «Мілана» Стэфана Піолі пракаментаваў дыскваліфікацыю свайго былога гульца Сандра Таналі перад матчам супраць цяперашняга клуба футбаліста – «Ньюкасла», у Лізе чэмпіёнаў.

«Мілан» рыхтуецца да матчу з англійскім «Ньюкаслам» у заключным туры групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў, і адной з тэм, якую прадстаўнікі СМІ паднялі на прэс-канферэнцыі галоўнага трэнера «расанеры» Стэфана Піолі, была дыскваліфікацыя за нелегальныя стаўкі паўабаронцы Сандра Таналі, які мае дачыненне і да клуба Серыі А, і да прадстаўніка АПЛ.

«Калі «Ньюкасл» падпісваў Таналі, гэта выглядала як выдатная здзелка. Ніхто не мог прадбачыць таго, што адбудзецца пасля. Няма сумневаў у гульнявых якасцях гэтага гульца. Ён выбітны футбаліст.

Ці ведаў я пра яго праблемы з азартнымі гульнямі? Абсалютна не. Я думаю, што ў мяне дастаткова адкрытыя адносіны з гульцамі, я стараюся гаварыць з імі пра многія рэчы, але, на жаль, часта мы насамрэч не ведаем, чым яны займаюцца», – заявіў італьянскі трэнер.

Нагадаем, што Таналі дыскваліфікаваны на 10 месяцаў за дачыненне да нелегальных ставак. Адхіленне набыло моц 27 кастрычніка. 23-гадовы футбаліст таксама пройдзе 8-месячны курс рэабілітацыі ад лудаманіі.