Усе навіны

Іван Біёнчык: «З гадамі чамусьці так склалася, што ў Мазыр гульцы едуць неахвотна. Выдатна, што ў гэтым годзе ўдалося змяніць гэтую тэндэнцыю»

22 снежня, 18:20

Галоўны трэнер «Славіі» Іван Біёнчык расказаў, чаму лічыць сезон-2023 паспяховым для клуба.

– На прэс-канферэнцыі пасля заключнага матчу чэмпіянату вы назвалі мінулы сезон паспяховым для «Славіі». Па якіх крытэрыях змаглі ацаніць яго такім чынам?

– Перш за ўсё, трэба ўспомніць, як гэты год пачынаўся для нас. Да перадсезоннай падрыхтоўкі мы прыступілі без якіх-небудзь асцярог. Аднак ужо з другога тыдня людзі пачалі хварэць, прычым масава. І па ланцужку ўсё гэта працягвалася пяць-шэсць тыдняў. І да гэтага часу мы можам будаваць толькі гіпотэзы, чаму так адбывалася: ці то з-за надвор'я, ці то з-за пераездаў, ці проста з'явілася выпадковая крыніца інфекцыі, з якой усё пачалося…

З камплектаваннем таксама ўзніклі складанасці, таму што ўпершыню за доўгі час мы сутыкнуліся з тым, што на рынку было вельмі мала свабодных футбалістаў, якіх мы маглі запрасіць у «Славію». Тым больш з гадамі чамусьці склалася такая сітуацыя, што ў Мазыр гульцы едуць неахвотна. Выдатна, што сёлета нам збольшага ўдалося змяніць гэтую тэндэнцыю. І ўсё ж да тых хлопцаў, якіх паспелі паклікаць яшчэ ў снежні, вельмі мала хто дадаўся. Толькі ў сакавіку зʼявіліся Сяргей Ціханоўскі і Андрэй Залескі, якія не змаглі ўладкавацца так, як хацелі, адпаведна, у нас зʼявілася магчымасць умацавацца добрымі хлопцамі.

А пазітыў я бачу ў тым, як мы выйшлі з гэтай сытуацыі. Так, стартавы матч з «Мінскам» не зусім атрымаўся, але потым было бачна, як мы паступова вырульваем, што футбол у нашым выкананні паляпшаецца ад гульні да гульні. У выніку, дзве траціны чэмпіянату мы ішлі ў лідзіруючай групе і прэтэндавалі на медалі. Вось таму, з улікам нашых зыходных пазіцый, якія былі не надта добрымі з-за таго, як мы правялі міжсезонне, і таго, чаго «Славія» дасягнула, я і лічу, што сезон атрымаўся паспяховым. Цешыць, што хлопцы добра сябе праявілі, і зараз многія з іх маюць прапановы ад іншых клубаў. Праўда, з-за гэтага мы зараз знаходзімся не ў занадта зручным становішчы, – распавёў Біёнчык.