Усе навіны

Дзмітрый Камароўскі: «Іслач» правяла нядрэнны сезон, але чагосьці грандыёзнага не здарылася»

31 снежня, 14:20

Галоўны трэнер «Іслачы» Дзмітрый Камароўскі падзяліўся сваімі адчуваннямі ад мінулага сезона.

– Які галоўны для вас вынік мінулага сезону – самага паспяховага ў гісторыі «Іслачы»?

– Так, правялі нядрэнны сезон, але чагосьці грандыёзнага не здарылася. Не жыву нейкімі глабальнымі высновамі і падвядзеннямі вынікаў. Мінулы сезон прынёс шмат ежы для разважанняў. Ня ведаю, што самае галоўнае можна вылучыць. У сезоне хапала момантаў, якім надаеш увагу, але неяк глабальна яго ахарактарызаваць, акрамя як дэбютны, я не магу. Нічога не прыходзіць у галаву.

– Ці быў складаны адрэзак у сезоне? Калі так, то назавіце яго. І як удалося яго пераадолець?

– Асабіста для мяне, мусіць, такога адрэзка не было. Прысутнічаў больш эмацыйны аспект у канцоўцы сезона. Калі я ўбачыў, што хлопцы паверылі і могуць больш, чым яны самі сябе запраграмавалі. Гульняў заставалася не так шмат. Калі б мы тады дапусцілі нейкую памылку, то выбылі б з гэтай барацьбы за «бронзу» і проста даігрывалі б чэмпіянат. Гэта было не цяжка, а вельмі энергазатратна і цікава.

– Кантакт з камандай прысутнічаў заўсёды? Ці заўсёды яна была кіруемая, ці былі моманты, калі не разумелі, што трэба рабіць у той ці іншай сітуацыі?

– У гэтым плане спакойна прайшоў год. Я шмат гадоў гуляў у футбол, зараз працую трэнерам і крыху інакш на яго гляджу. А заўзятары і розныя спецыялісты яго тлумачаць па-рознаму. Напрыклад, калі каманда правяла матч, не забіла і прайграла, то ў цябе чамусьці павінна быць істэрыка з-за гэтай сітуацыі. А трэба проста прааналізаваць, чаму так адбылося, з якім супернікам ты гуляў і што зрабіў для таго, каб у наступным паядынку перамагчы.

Я не ўбачыў нейкіх момантаў, пасля якіх трэба было сесці і ўзяцца за галаву, бо нешта ідзе не так. Не было сітуацый, пасля якіх мне магло здацца, што каманда згубілася. Нейкія звышэмацыйныя ці нервовыя адрэзкі таксама адсутнічалі. У нас яшчэ ёсць шмат момантаў, над якімі трэба працаваць, але мінулы сезон ішоў па нарастальнай. Дынаміка мне падабалася.

На мой погляд, сітуацыя ў камандзе заўсёды была кантралюемай. На працягу ўсяго года хлопцы поўнасцю стараліся выконваць тое, што я ад іх прасіў, але з-за розных абставін гэта не заўсёды атрымлівалася. Трэба не забываць, што і мне самому яшчэ трэба шмат чаму вучыцца, быць больш прафесійным у сваёй прафесіі, бо гэта быў дэбютны сезон, – сказаў Камароўскі.