Усе навіны

Мбапэ не выключае пераход у «Ліверпуль», але клуб наўрад ці пацягне заробак гульца

10 студзеня, 23:29

Найлепшы бамбардзір у гісторыі «ПСЖ» Кіліян Мбапэ працягвае разважаць над сваёй будучыняй. Француз плануе прыняць канчатковае рашэнне на працягу найбліжэйшых тыдняў.

Як паведамляе ESPN, гулец з'яўляецца даўнім прыхільнікам «Ліверпуля» і Юргена Клоппа, таму не выключае свой пераход у гэтую каманду. Аднак трансфер можа не адбыцца з-за занадта высокага заробку гульца. Англійскі клуб наўрад ці зможа плаціць 650 тысяч еўра ў тыдзень – менавіта столькі Мбапэ атрымлівае па дзейным кантракце з «ПСЖ».

Кіліян гатовы пагадзіцца на меншы заробак, але пры гэтым ягонаму наступнаму клубу давядзецца заплаціць немалую суму за пераход на правах свабоднага агента.

У «ПСЖ» спадзяюцца, што ім удасца захаваць Мбапэ. У клубе лічаць, што ўдалы старт праекту пад кіраўніцтвам Луіса Энрыке (лідарства ў Лізе 1 і выхад у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў) стане дастатковым стымулам для таго, каб застацца ў Парыжы. Але калі 25-гадовы нападаючы сыдзе вольным агентам, то «ПСЖ» не выплаціць яму бонус за лаяльнасць у памеры 80 мільёнаў еўра.

Нагадаем, у панядзелак зʼявілася інфармацыя, што Мбапэ ўжо дамовіўся з «Рэалам» аб пераходзе наступным летам. Зрэшты, у той жа дзень прадстаўнікі футбаліста выступілі з абвяржэннем.