Усе навіны

Польскі журналіст Владарчык пра новы клуб Хацкевіча і Залеўскага: «Пакуль, калі шчыра, надзей, што нешта зменіцца, мала»

16 студзеня, 17:09

Польскі спартыўны журналіст Томаш Владарчык, галоўны рэдактар папулярнага футбольнага сайта Meczyki.pl, распавёў пра клуб «Заглембе» Сасновец. Нагадаем, што нядаўна стала вядома, што ў «Заглембе» будуць працаваць двое беларусаў: галоўным трэнерам стаў Аляксандр Хацкевіч, а спортдырам стаў Міхаіл Залеўскі.

– Што можаце сказаць пра «Заглембе»?

– Клуб ужо шмат гадоў балансуе паміж Экстракласай і Першай лігай. Пры гэтым у «Заглембе» даволі сур'ёзная падтрымка, у тым ліку фінансавая, з боку гарадскіх уладаў. Плюс нядаўна быў адкрыты вельмі добры сучасны стадыён, на якім «Ракув» праводзіў свае матчы ў Лізе Еўропы. У клуба вельмі добрыя ўмовы для трэніровак, гульняў. Адназначана, фінансаванне «Заглембе», калі параўноўваць з астатнімі калектывамі першай лігі, на прыстойным узроўні.

Але, нягледзячы на ўсе ўкладзеныя сродкі, шмат што было растрачана марна, чаканні не апраўдаліся. «Заглембе» паказвае далёка не тую гульню, на якую разлічвалі і заўзятары, і спецыялісты, і гарадскія ўлады. І калі клуб вылеціць у Д3, гэта стане вялізным правалам і ўдарам для ўсіх, хто звязаны з «Заглембе». Лічу, што ў клубе трэба шмат што мяняць, у тым ліку на менеджэрскім узроўні. Наколькі ведаю, у гэтым плане праца вядзецца, нават шукаецца інвестар, які таксама гатовы ўкладвацца ў клуб. Але пакуль неяк усё робіцца няўмела, адсюль і вынікі такія – каманда замыкае табліцу. Пакуль, калі шчыра, надзей, што нешта зменіцца, мала, – сказаў Владарчык.