Усе навіны

Польскі журналіст Владарчык: «Шанцаў, што Шкурын дабудзе ў «Сталі» да канца пагаднення і не пяройдзе ўлетку ў мацнейшы чэмпіянат, няшмат»

16 студзеня, 20:13

Польскі спартыўны журналіст Томаш Владарчык, галоўны рэдактар папулярнага футбольнага сайта Meczyki.pl, распавёў пра перспектывы Іллі Шкурына.

– Хацелася б задаць некалькі пытанняў пра нападаючага «Сталі» Іллю Шкурына. Якія вашыя ўражанні ад гульні гэтага футбаліста?

– Адназначна, апынуўшыся ў «Сталі», ён стаў адным з адкрыццяў Экстракласы. Можа, зваць яго зоркай чэмпіянату не варта, але адкрыццём – адназначна. Хлопец выглядае вельмі самавіта і ўпэўнена, гэта моцны і хуткі нападаючы. Не выключаю, што найбліжэйшым летам ён можа перабрацца ў чэмпіянат мацней. Больш за тое, па той гульні, якую ён зараз дэманструе, я не бачу перадумоў, каб ён затрымаўся ў Польшчы. Сыдзе са «Сталі», а клуб заробіць добрыя грошы. Тое, што ён нядаўна падоўжыў кантракт, стала выдатнай навіной, у тым ліку для заўзятараў «Сталі». Але, паўтаруся, шанцаў на тое, што Шкурын дабудзе ў камандзе да канца пагаднення і не пяройдзе летам у больш моцны чэмпіянат, няшмат.

– У 2022 годзе Шкурын ужо гуляў у Польшчы, але ў «Ракаве» ў яго адкрыта не атрымалася заявіць пра сябе. Чаму, па-вашаму?

– Думаю, у «Ракуве» ён не атрымліваў належнай падтрымкі і даверу. Там беларуса чамусьці даволі хутка адсунулі на другі план. Судзячы па тым, што кажуць пра Шкурына, у яго няпросты характар. Магчыма, Марэк Папшун не змог да яго дастукацца, знайсці агульную мову. Мне здаецца, калі б бакі спрацаваліся, то Шкурын прынёс бы шмат карысці камандзе. Да таго ж давайце не забываць, што ў «Ракаве» канкурэнцыя за месца ў складзе была вышэйшай, чым зараз у «Сталі». І калі не скарыстацца сваім шанцам, можна потым яго і не атрымаць, – сказаў Владарчык.