Усе навіны

Брэсцкае «Дынама» вяло перамовы з Сяднёвым, Радзьковым і расіянінам Васіленкам

6 лютага, 19:44

6 студзеня брэсцкае «Дынама» прызначыла Аляксандра Бразевіча галоўным трэнерам. Між тым, як аказалася, спецыяліст быў далёка не прыярытэтнай мэтай для кіраўніцтва клуба. Згодна з крыніцамі Tribuna.com, у Брэсце яшчэ напрыканцы 2023 года пачаліся актыўныя пошукі рулявога на новы сезон. Быў складзены шорт-ліст з дзесяці спецыялістаў, і Бразевіч у ім займаў адну з апошніх пазіцый.

У канцы мінулага года брэсцкі клуб кантактаваў з расіянінам Алегам Васіленкам, які ў 2010-2011 гадах узначальваў мінскае «Дынама». На момант перамоваў трэнер ужо некалькі тыдняў знаходзіўся без працы пасля звальнення з «Аланіі». 19 студзеня 2024-га стала вядома, што Васіленка ўзначаліў грузінскі «Тэлаві».

Была прадметная размова з Аляксандрам Сяднёвым, аднак трэнер не захацеў зʼязджаць з казахстанскага «Ардабасы».

Цікавіліся дынамаўцы і Арцёмам Радзьковым. Аднак тут умяшаўся цалкам неспартыўны фактар. Як вядома, Радзькоў зʼяўляецца «непажаданым» для чыноўнікаў рэжымнага міністэрства па спорце. З гэтай прычыны кандыдатура найлепшага трэнера чэмпіянату Беларусі-2022 для Брэста адпала.

Вяло «Дынама» перамовы і з 43-гадовым Сяргеем Амельянчуком. На той момант спецыяліст быў адным з памочнікаў у «Энергетыку-БДУ». 16 студзеня 2024-га ён пакінуў сталічны клуб, аднак з Брэстам супрацоўнічаць не пачаў.

Акрамя таго, «Дынама» абазначала зацікаўленасць яшчэ некалькімі замежнымі трэнерамі, але ні з кім дамовіцца не здолела. Так чарга і дайшла да Бразевіча.