Усе навіны

Ігар Слесарчук: «У «Смаргоні» новая каманда. Амаль палова складу засталася. Але іншыя патрабаванні. Разумею, што хлопцам патрэбны час»

10 лютага, 21:12

Галоўны трэнер «Смаргоні» Ігар Слесарчук пракаментаваў матч з «Мінскам» (1:2).

– Крыўдна, што прайгралі. Усё ж такі хацелася ў першым матчы дамагчыся станоўчага выніку. Калі ён ёсць, то і працуецца лягчэй, і каманда хутчэй прыціраецца адзін да аднаго. А ў нас яна новая. Хоць я ўчора прыкінуў: амаль палова складу засталася. Але іншыя патрабаванні. Разумею, што хлопцам патрэбны час.

Сёння гулялі два склады і атрымаліся два розныя таймы. У першым, на мой погляд, выглядалі больш пераважна. Хоць быў невялікі правал у сярэдзіне. У другім, спачатку, здавалася, што ўсё нармальна, але ў канчатковым выніку некаторыя хлопцы выпалі. На гэта ёсць аб'ектыўныя і субʼектыўныя прычыны. Будзем працаваць, зробім аналіз матчу. Ужо цяпер разумею, што можна хуценька выправіць. Засталося шэсць тыдняў да пачатку чэмпіянату.

Часу губляць не маем права.

– На полі разам былі і тыя, хто падпісаў кантракт, і тыя, хто на праглядзе. Як хлопцы глядзеліся?

– Калі б я сёння пасля тыдня знаёмства быў бы задаволены кімсьці, гэта было б не правільна. Я разумеў, каго запрашаў, разумеў прыкладны ўзровень. Калі абʼектыўна ацэньваць, то цяпер мяне не можа задавальняць стан любога футбаліста, які выходзіў сёння на полі. Думаю, што і хлопцаў не задавальняе ўласны стан. Гэта толькі пачатак падрыхтоўчага перыяду. Іншае пытанне, хто з хлопцаў наколькі хутка будзе набіраць форму і разумець нашы патрабаванні.

– На што будзе накіраваны наступны тыдзень, які завершыцца матчам з мінскім «Дынама»?

– Больш нададзім увагу групавой тактыцы: атакуючым дзеянням і працы ў абароне. На гэтым тыдні мы нічога не найгравалі: знаёміліся з футбалістамі і давалі ім неабходны абʼём нагрузкі. Мы ў пачатку шляху. Будзем шукаць паразуменне, – сказаў Слесарчук.