Усе навіны

Скрыпчанка пра Суперкубак: «Мы не падзяляем матчы на важныя і няважныя, у гісторыі «Дынама» ўсё роўна застаецца трафей»

1 сакавіка, 17:35

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка падзяліўся чаканнямі ад матчу за Суперкубак супраць «Тарпеда-БелАЗ».

– Наколькі для вас важны Суперкубак?

– Мы не падзяляем матчы на важныя і няважныя. Мінскае «Дынама» – гэта клуб, які імкнецца і абавязаны перамагаць у кожным матчы незалежна ад яго статусу. Менталітэт пераможцы, які ўласцівы нашаму клубу, выпрацоўваецца з кожнай наступнай перамогай. Таму казаць, што гэты матч выставачны ці ён не важны – гэта не ўкладваецца ў галаве. Рады, што ўжо другога сакавіка мы пачнем сезон з афіцыйнага матча. У гісторыі клуба ўсё роўна застаецца заваяваны трафей, няхай гэта нават і Суперкубак. Спадзяемся, што спрацуем па максімуме ў заўтрашнім матчы, жадаем атрымаць перамогу.

– Самы пачатак сезона – час павольнага вясновага футбола. Ці можам мы чакаць заўтра адкрытую гульню?

– У маім разуменні няма такога паняцця, як вясновы або восеньскі футбол. Ён ёсць або якасны, або не. Натуральна, што ў афіцыйным матчы адказнасць вышэйшая, чым у спарынгу. Мы гатовы спрацаваць якасна, імкнемся паказаць заўтра найлепшую гульню на дадзены момант. Так, у нас ёсць пэўныя змены, мы правялі 10 кантрольных матчаў. Важна было паспрабаваць усіх хлопцаў у тых ці іншых пазіцыях. Але ў афіцыйным матчы гэта ўсё адыходзіць на другі план. Гэта як абставіны, якія не могуць перашкодзіць нам дабіцца поспеху. Таму пастараемся заўтра добра спрацаваць і паказаць нашыя найлепшыя бакі на дадзены момант.

– Як вы лічыце, ці змаглі вы трансферамі кампенсаваць страты важных гульцоў?

– Не лічу, што мы аслабленыя. Тым хлопцам, што сышлі, мы пажадалі поспехаў. Мы якасна спрацавалі ў гэтае трансфернае акно. Лічу, што мы добра папрацавалі ў гэтых адносінах, і патэнцыял каманды як мінімум не ніжэйшы, чым летась. Гэта меркаванне трэнерскае. Упэўнены, што мая каманда з гэтым салідарная, – сказаў Скрыпчанка.