Усе навіны

«Намеснік прэм'ер-міністра» Пархомчык: «Мы ў нейкай ступені з'яўляемся прадаўжальнікамі справы Анатоля Капскага»

3 сакавіка, 11:36
1

Так званы намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык падзяліўся сваімі ўражаннямі ад матчу за Суперкубак і думкамі пра будучыню «Тарпеда-БелАЗ».

– Вы на стадыёне ў Салігорску выглядаеце адным з самых шчаслівых людзей…

– Даўно марыў пра поспехі «Тарпеда-БелАЗ» на розных узроўнях. Сёння адбылася вялікая перамога, перамога над адной з найлепшых каманд краіны – «Дынама-Мінск». Я ўсё жыццё заўзею за «прамысловыя» каманды. І мне заўсёды хацелася стварыць такі клуб, як «Тарпеда», каб ён выказваў, скажам так, ідэі ўсяго прамысловага комплексу Беларусі.

Таму сённяшняя перамога зводзіць нас з розуму. Мы да яе ішлі вельмі доўга, пераадолелі напружанае змаганне, стварылі ўмовы для працы футбалістаў, стварылі сам клуб. Думаю, што мы ў нейкай ступені зʼяўляемся прадаўжальнікамі справы Анатоля Капскага. Мы будзем працаваць і далей і будзем ствараць клуб, які адпавядае сучасным патрабаванням футбола. Пра гэта гаварылася і на апошняй нарадзе ў Лукашэнкі. У «Тарпеда» ёсць шанец стварыць каманду, якая будзе ўслаўляць Беларусь. Галоўнае, што вельмі шмат людзей падтрымліваюць жодзінцаў, гэта сапраўдная вытворчая каманда. Пастараемся і далей здзіўляць поспехамі.

– Вы згадалі Анатоля Капскага і БАТЭ, але ж памятаем часы ў Жодзіна, калі пры Якаве Шапіры менавіта тарпедаўская каманда была навідавоку.

– Такое было, але я ў дадзеным выпадку маю на ўвазе больш перамогі на міжнародным узроўні – вось да чаго мы імкнемся! Нам трэба гадаваць свае кадры, выйграваць у супрацьстаяннях з замежнымі камандамі.

– Застаецца вам пажадаць поспехаў і павіншаваць з сённяшняй вікторыяй.

– Дзякуй, прызнаюся, сэрца ледзь не спынілася – так хваляваўся. Гулялі ж першым нумарам, а «Дынама» чамусьці эканоміла сілы… «Тарпеда» вяло гульню, і калі нашыя сталі прайграваць у серыі пенальці… Успамінаю цяпер, колькі момантаў не выкарыстоўвалі ў асноўны час матчу. Нешанцаванне нейкае. Затое мяне настолькі зараз распірае такая радасць, што словамі не перадаць, – сказаў Пархомчык.