Усе навіны

Журналіст Віньес: «Гоцманаў быў вялікім майстрам на ўзроўні другога англійскага дывізіёна»

29 сакавіка, 15:17

Брытанскі журналіст Спенсер Віньес падзяліўся ўспамінамі пра беларускага футбаліста Сяргея Гоцманава, якому 27 сакавіка споўнілася 65 гадоў.

– «Альбіён» хацеў падпісаць Гоцманава на сталай аснове, але не змог канкураваць з умовамі, прапанаванымі «Саўтгемптанам». Не дапамог нават падарунак у выглядзе новенькай савецкай «Лады»…

– Ведаеце, гэта цяпер «Брайтан» даволі багаты клуб, які мае поспех у прэм'ер-лізе. А ў той час наша каманда гуляла ў другім англійскім дывізіёне, зараз вядомым як чэмпіёншып. У нас было крыху грошай, і Бары Лойд, наш мэнэджар, тварыў цуды, знаходзячы ў незвычайных месцах недарагіх і таленавітых гульцоў – такіх як Сяргей.

Мы спрабавалі захаваць яго, але «Саўтгэмптан» тады знаходзіўся лігай вышэй. Гаркаты з-за сыходу амаль не было – мы ведалі, што там іншы ўзровень, больш фінансаў. Гэта зараз, вядома, разумелi, што было б лепш застацца, бо ў новым клубе ў Сяргея не атрымалася.

А вось у «Альбіёне» ён быў local hero, як кажуць у нас у Англіі. І калі б застаўся – думаю, мы яшчэ доўга захапляліся б ім.

– Экс-гулец «Ювентуса» і яго былы партнёр па мiнскім «Дынама» і зборнай Сяргей Алейнікаў неяк успамінаў: «Гоцманаў стойка прымаў удары і цярпеў, нават калі гэта было вельмі балюча. Адным словам, баец. Сярожа ніколі нічога не рабіў напаўсілы, ніколі не дзяліў матчы на важныя і не вельмі, заўсёды цалкам аддаваўся гульні». А якім Сяргей запомніўся вам?

– Гоцманаў быў вялікім майстрам сваёй справы, асабліва на ўзроўні другога англiйскага дывізіёна. Ён вылучаўся дбайным кантролем мяча і бачаннем таго, што адбываецца навокал. Мог адчуваць і рабіць тое, што было не пад сілу іншым. Цяжка ахарактарызаваць яго як чалавека – мы ж ніколі не сустракаліся. Але ведаю дакладна: партнёрам па «Брайтану» ён вельмі падабаўся. А яго ўсмешка... Яна такая шчырая, усім вельмі імпанавала.

На жаль, я быў не ў курсе, што ў Сяргея праблемы са здароўем, гэта шок для мяне. Але хацеў бы, карыстаючыся выпадкам, перадаць, што яго да гэтага часу з любоўю ўспамінаюць у Брайтане і ва ўсім графстве Сасэкс, дзе жывуць шмат прыхільнікаў нашага клуба. Ад імя ўсіх заўзятараў каманды хацеў бы сказаць Сяргею вялікі дзякуй – дзякуючы яму тыя нашы дні сталі больш яркімі! Трымайся і заўсёды заставайся моцным, – сказаў Віньес.