Усе навіны

Намеснік міністра спорту Лукашэнкі Барауля: «Было прынята рашэнне праводзіць Д3 так, як і летась»

31 сакавіка, 20:22

Намеснік міністра спорту Лукашэнкі Аляксандр Барауля распавёў пра рэформы ў беларускім футболе.

– Асноўным пытаннем на калегіі стаў фармат правядзення другой лігі Беларусі ў футболе. Было прынята рашэнне праводзіць так, як і летась. Гэта значыць спачатку гуляюцца абласныя чэмпіянаты, а потым ужо рэспубліканскай фінальнай часткі. Цяпер будзе шмат увагі надавацца масаваму, рэгіянальнаму і дзіцячаму футболу. На гэтым і грунтуецца ўвесь футбол у краіне. На наш погляд – гэта самы аптымальны шлях развіцця. Мы прыйдзем да таго, каб футбольныя клубы спаборнічалі ў майстэрстве, а не ў бюджэтах. Вельмі важна, каб усе былі ў роўных умовах.

– Ці могуць клубы перайсці на самаакупнасць у будучыні?

– «Шальных» грошай не будзе. Замежны вопыт паказвае, што трэба прыцягваць гледачоў і мы да гэтага імкнемся. Нельга сказаць на сённяшні дзень, што футбол можа сам сябе акупляць, але дасягнуць гэтага трэба.

Асноўным крытэрыем з'яўляецца вынік. Калі ты паказваеш добрую гульню, трапляеш у еўракубкі, то і глядач будзе хадзіць на твае матчы. Рэкламадаўцы таксама пойдуць на супрацоўніцтва. У аснове ляжыць менавіта майстэрства футбалістаў і трэнераў.

Тым больш за барацьбу ў еўракубках даюцца грашовыя сродкі і падымаецца імідж клуба. Па гэтым шляху трэба ісці.

Наш футбол пражывае не самыя лепшыя часы, але гэта абсалютна нармальна, таму што ідзе змена пакаленняў. Думаю, што хутка гэтыя часы пройдуць і пры напружанай працы мы зможам чагосьці дасягнуць на еўраарэне. Мы нічым не адрозніваемся ад іншых краін, – сказаў Барауля.