Усе навіны

Капітан «Віцебска» Скібскі: «Нічыёй з «Арсеналам» мы незадаволеныя: яна для нас як параза»

6 красавіка, 12:43

Капітан «Віцебска» Ян Скібскі пракаментаваў старт чэмпіянату для каманды.

– Матч па змесце атрымаўся даволі-такі цікавым. Было дастаткова небяспечных момантаў у абедзвюх каманд – асабліва ў нас. Так што гледачам, думаю, было на што паглядзець.

– Як ацэньваеце нічыю як зыход гэтага паядынку?

– Мы добра правялі дзве першыя сустрэчы чэмпіянату – з «Шахцёрам» і «Славіяй». Проста нам не ўдаваліся іх другія таймы, адсюль і паразы. А гэтай нічыёй з «Арсеналам» мы незадаволеныя: яна для нас як параза. Зарабіць адно ачко – гэта лепш, чым зусім нічога.

– Што ў каманды не атрымалася на полі – і чаму?

– Складана сказаць. Галявыя моманты ў нас былі – проста рэалізоўваць іх трэба было. Ну і, лічу, суддзі несправядліва адмянілі нібыта з-за афсайду наш мяч адразу пасля перапынку, калі Жэня Красноў замкнуў галавой навес Карэна Варданяна.

– Наколькі хваравітым ударам стала параза ад «Славіі» тыдзень таму?

– Удар быў вельмі моцны. Таму што, самі разумееце, такая параза атрымалася – 2:3 Пасля 2:0. Ды і адразу тры прапушчаныя мячы. Цяжка было пасля гэтага матчу сабрацца з думкамі. Я быў проста спустошаны. Але – толькі адразу пасля сустрэчы. А назаўтра ўсё было ўжо нармальна. З часам ты апраўляешся ад гэтага і працягваеш жыць. Трэніроўкі, праца вельмі гэтаму дапамагаюць.

– Падобна на тое, наступны матч – са «Слуцкам» – будзе для вас не менш цяжкім?

– Не ведаю, якім ён атрымаецца. Але ў нас задача адна – перамагчы. Вось і будзем спрабаваць выглядаць на полі лепш за суперніка. А як выйдзе, паглядзім, – сказаў Скібскі.