Усе навіны

Паўабаронца «Арсенала» Ляўкавец: «Некалькі сітуацый каля брамы брэсцскага «Дынама» таксама былі памежнымі»

5 траўня, 22:32

Паўабаронца «Арсенала» пракаментаваў матч з брэсцкім «Дынама» (0:2).

– Андрэй, чаго не хапіла сёння «Арсеналу» для станоўчага выніку?

– Напэўна, рэалізацыі момантаў. Не скажу, што іх было вельмі шмат, у тым ліку ў спаборніка. Была роўная гульня. Пенальці, стандарт... Ёсць над чым працаваць. Не хапіла апошняга пасу і не рэалізавалі свае моманты.

– Здалося, што «Арсенал» трохі падсеў у другім тайме, ці так гэта?

– Не ведаю, падселі ці не. Здаецца, цалкам нармальна рухаліся. Нават калі прапусцілі, стварылі некалькі небяспечных момантаў каля брамы «Дынама». Будзем глядзець і разбірацца, у чым прычына.

– Да матчу ў Мазыры «Арсенал» прапускаў мала, але «Славія» забіла тры, а сёння атрымалі два ад брастчанаў. З чым гэта можа быць звязана?

– Два туры запар гулялі з аднымі з лідараў чэмпіянату. На дадзены момант, мне здаецца, гэтыя каманды больш вопытныя, больш выбудаваныя. У нас жа калектыў малады, які яшчэ будуецца. Разумеем і бачым, куды трэба імкнуцца, над чым працаваць. Будзем старацца прагрэсаваць і парадаваць заўзятараў перамогай у наступным туры.

– У мінулым сезоне ў першай лізе вы актыўна гулялі, шмат забілі. Зараз жа зʼяўляецеся на полі ў асноўным з лаўкі запасных. Ці задавальняе такая сітуацыя?

– Зразумела, што не задавальняе. Хочацца выходзіць у стартавым складзе і гуляць у кожным матчы, але ўсю перадсезонку я прапусціў з-за траўмы. Зараз паціху набіраю кандыцыі. Спадзяюся, што хутчэй набяру сваю найлепшую форму і дапамагу камандзе.

– Першы паядынак у «Арсенала» ў Барысаве на «Гарадскім», як уражанні?

– Зразумела, што ў першы раз выйшлі на гэтым стадыёне. Дзесьці яшчэ нязвыкла. Але думаю, адна гульня, другая, трэцяя і мы асвоімся. Спадзяюся, што гэтая Арэна стане для нас сапраўды хатняй. Атмасфера добрая, нашы заўзятары заўсёды нас падтрымліваюць, з заўсёды чуваць. За гэта ім вялікі дзякуй! Будзе старацца радаваць іх сваёй гульнёй і перамогамі.

– Сёння «Арсенал» упершыню згуляў без Ягора Пагостнова, ці цяжка было без расійскага абаронцы?

– У нас заўсёды ёсць кім замяніць, шмат якасных футбалістаў. Лічу, што ў цэлым у абароне дзейнічалі нядрэнна. Прапусцілі сёння са стандартных палажэнняў.

– З боку не вельмі відаць, ці быў пенальці. Ваша меркаванне на гэты конт?

– Шчыра, я сам не да канца разгледзеў. Але мне здаецца, што некалькі сітуацый каля брамы «Дынама» былі таксама памежнымі. Суддзя прыняў такое рашэнне, не ведаю... Будзем думаць і разбірацца, – сказаў Леўкавец.