Усе навіны

Луіс Энрыке: «Мы даўно ведалі пра гэтае рашэнне Мбапэ – учора яно было абвешчана»

11 траўня, 17:59

Галоўны трэнер «ПСЖ» Луіс Энрыке напярэдадні матча чэмпіянату Францыі супраць «Тулузы» пракаментаваў заяву Кіліяна Мбапэ пра тое, што ён пакідае парыжскі клуб.

«Усё, што я магу сказаць, гэта толькі выдатныя рэчы пра Кіліяна Мбапэ як пра футбаліста і чалавека.

Я разумею ягонае рашэнне. Ён тут сем год, ён легенда клуба. Ён аддаў гэтаму клубу ўсё і гэты клуб таксама даў яму ўсё. Я жадаю яму ўсяго лепшага ў будучыні.

Я ганарыўся тым, што ён быў у гэтай камандзе. Ён дапамагаў нам і быў лідарам, і ён рабіў гэта з усмешкай на твары

Мы ведалі пра гэта даўно. Гэта было абвешчана толькі ўчора. Але гэта нічога не мяняе. Усё застанецца такім, як было раней. Незалежна ад таго, хто тут і хто адсутнічае, мая мэта – быць мацнейшым у наступным сезоне.

«ПСЖ» будзе заставацца выдатнай камандай, і мы станем яшчэ лепш. Мы прыцягнем гульцоў з моцным менталітэтам і гульцоў, якія атаясамліваюць сябе з клубам. Так уладкованае жыццё», – сказаў Энрыке.

25-гадовы француз выступаў у складзе парыжскага клуба са жніўня 2017 года. Разам з «ПСЖ» Мбапэ 7 разоў выйграў Лігу 1, тройчы станавіўся ўладальнікам Кубка Францыі і Суперкубка Францыі, а таксама двойчы выйграў Кубак лігі.

Паводле інфармацыі многіх інсайдэраў, француз стане гульцом «Рэала».

Пра яго пераход у «Рэал» могуць аб'явіць пасля фіналу Лігі чэмпіёнаў, які адбудзецца 1 чэрвеня.

Матч «ПСЖ» – «Тулуза» пачнецца 12 траўня, пачатак у 22.00.