Tribuna/Футбол/Блогі/«ПСЖ» пасля ЧС: дзве паразы ў чэмпіянаце, перамагаюць толькі аўтсайдэраў, а зорак зноў крытыкуюць

«ПСЖ» пасля ЧС: дзве паразы ў чэмпіянаце, перамагаюць толькі аўтсайдэраў, а зорак зноў крытыкуюць

Да матчу з «Баварыяй» у ЛЧ засталося нядоўга.

30 студзеня 2023, 11:44
«ПСЖ» пасля ЧС: дзве паразы ў чэмпіянаце, перамагаюць толькі аўтсайдэраў, а зорак зноў крытыкуюць

Перад чэмпіянатам свету Месі, Неймар і Мбапэ былі ў выдатнай форме, кожны з іх марыў падняць над галавой Кубак свету, але пасля ЧС справы ў парыжан пайшлі не вельмі добра.

Перад учорашняй упушчанай перамогай (Парыжане прапусцілі на 90+5, матч з «Рэймсам» скончыўся 1:1) «ПСЖ» разграміў ў Кубку Францыі «Па-дэ-Касель» (7:0), але моцна радавацца гэтай перамозе не варта, бо сапернік прадстаўляе шосты дывізіён Францыі (а капітан каманды – палкі фанат парыжан і асабіста Кіліяна Мбапэ).

У галоўнага фаварыта Лігі 1 невялікі крызіс. Часова? Убачым.

У каманды праблемы з рэзультатыўнасцю, упэўнена абыгралі толькі галоўнага аўтсайдэра

У Леа Месі пасля чэмпіянату свету быў заслужаны водпуск, падчас якога ён прапусціў два матчы чэмпіянату. Без яго «ПСЖ» абыграў «Страсбург» і саступіў «Лансу». Леа выйшаў супраць «Анжэ» – і адразу вызначыўся голам. Каманда перамагла 2:0, але варта адзначыць, што «Анжэ» – глыбокі аўтсайдэр Лігі 1, каманда за 18 тураў набрала ўсяго 8 ачкоў і ідзе на апошнім месцы. Мбапэ і Хакімі тым часам адпачывалі ў ЗША.

У матчы з «Рэнам» адбыўся чарговы правал: каманда нанесла ўсяго адзін удар у рамку варот суперніка за ўсе 90 хвілін. У другім тайме Гальцье выпусціў Хакімі і Мбапэ, але Кіліян толькі ўпусціў шанц забіць 300-ы гол на клубным узроўні. Нават прасунутая статыстыка паказвае, што ў парыжан пачаліся сур'ёзныя праблемы. Калі супраць «Марселя» у кастрычніку паказчык xG складаў 3,0, то супраць «Анжэ» усяго 1,7, а ў матчы супраць «Рэна» наогул 0,6 – самы нізкі вынік у сезоне.

У снежаньскім паядынку са «Страсбургам» Неймар умудрыўся атрымаць выдаленне. Гэта стала пятай чырвонай карткай для бразільца ў ПСЖ (рэкардсмен сярод парыжан з моманту прыходу ў клуб). Атрымаўшы дыскваліфікацыю, бразілец традыцыйна з'ехаў адпачываць у Бразілію. За матч з «Рэнам» Неймар атрымаў жабрачную адзнаку 2,5 (з 10), а Леа Месі – 4. Некаторыя французскія журналісты пасля гэтага назвалі трансфер Неймара горшым у гісторыі футбола. Але Гальцье апраўдваў бразільца: «На чэмпіянаце свету яго галёнкаступам моцна дасталася. Ён яшчэ не вярнуў сваю лёгкасць».

У камандзе працягваюцца скандалы. Кімпембэ пакрыўдзіўся за словы пра віцэ-капітана

У такіх абставінах Парыж таксама знайшоў месца для міні-скандалаў. На матч Кубка з капітанскай павязкай каманду вывеў Мбапэ, а трэнер заявіў, што форвард заслугоўвае быць віцэ-капітанам, таму што застаўся ў клубе. Адносна гэтага выказаўся іншы віцэ-капітан парыжан Прэснель Кімпембэ, які лечыцца ад траўмы: «Мне не паведамілі пра гэта, я лічу, што гэта абсалютна няправільна. Але я буду паважаць рашэнне клуба».

Гальцье прыйшлося сустракацца з гульцом, каб растлумачыць, што ён меў на ўвазе. Паводле інфармацыі журналістаў, трэнер прызнаўся, што выказаўся не зусім карэктна, а Мбапэ з'яўляецца адным з віцэ-капітанаў разам з Вераці, Рамасам і Кімпембэ.

На гэтай страсці вакол Мбапэ не сціхлі. 26 студзеня фонд «Strong3r» арганізаваў гала-вечар для ўсіх гульцоў клуба, але падчас дзейства неразлучныя сябры Мбапэ і Хакімі глядзелі матч «Рэала» і «Атлетыка», што зноў падняло кучу размоваў пра тое, што Кіліян марыць пераехаць у Мадрыд і ўжо ўлетку гатовы адправіцца да Фларэнціна Перэса.

Нагадаем, што першы матч 1/8 фіналу ЛЧ супраць «Баварыі» – ужо 14 лютага.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты