Tribuna/Футбол/Блогі/Адэемі – адзін з самых яркіх гульцоў Еўропы ў 2023-м. У дзяцінстве быў у «Баварыі», рэкардсмен Бундэслігі па хуткасці

Адэемі – адзін з самых яркіх гульцоў Еўропы ў 2023-м. У дзяцінстве быў у «Баварыі», рэкардсмен Бундэслігі па хуткасці

Забіў у вароты «Чэлсі».

22 лютага 2023, 09:57
Адэемі – адзін з самых яркіх гульцоў Еўропы ў 2023-м. У дзяцінстве быў у «Баварыі», рэкардсмен Бундэслігі па хуткасці

Дортмундская «Барусія» – статыстычна найлепшая каманда ў Еўропе ў 2023 годзе. Нямецкі клуб выйграў усе 8 матчаў, у якіх браў удзел, ужо дзеліць з «Баварыяй» і «Уніёнам» першае месца ў Бундэслізе і ўзяў верх над «Чэлсі» ў першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў.

Калі вы глядзелі матч з лонданцамі, то дакладна запомнілі Карыма Адэемі – аўтара пераможнага гола. У новым годзе ён стаў адным з лідараў «Дортмунда» і адным з самых яркіх футбалістаў у еўрапейскім футболе. На жаль, у нядаўнім матчы Бундэслігі Адэемi атрымаў траўму. Жадаем скарэйшага акрыяння, а пакуль – распавядаем пра новаю маладую зорку.

Займаўся ў акадэміі «Баварыі», у 16 гадоў стаў самым дарагім продажам у гісторыі сціплага «Унтэрхахінга»

Адэемі стаў адной з галоўных прычын, чаму ў «Барусіі» ўсё так добра атрымлiваецца ў новым годзе. Дортмундцы ўжо дагналі «Баварыю» ў турнірнай табліцы. Але ж Карым некалi гуляў у форме мюнхенцаў.

Тут няма нічога дзіўнага – Адэемі нарадзіўся ў Мюнхене і пачынаў свой футбольны шлях у мясцовых камандах: рабіў першыя крокі ў «Форстэнрыдзе», а пасля перабраўся ў «Баварыю». Зрэшты, у галоўнай камандзе горада ў Карыма не пайшло. Праз два гады ён вярнуўся ў «Форстэнрыд», а яшчэ праз год Адэемі зладзілі прагляд у іншым баварскім клубе – «Унтэрхахінгу», куды ён перайшоў. Карым некалькі гадоў гуляў за каманды розных узростаў, але найлепш праявіў сябе ва U-17 – забіў 19 галоў у 21 матчы і найграў на дэбют за U-19 у 16-гадовым узросце.

Юным талентам зацікавіўся «Зальцбург», які летам 2018-га выкупіў яго больш чым за 10 млн еўра + 22,5% ад наступнага продажу. Цікава, што Адэемі ніколі не гуляў за асноўную каманду «Унтэрхахінга», але стаў самым дарагім продажам у клубнай гісторыі (пасля трансферу Карыма ў «Дортмунд» клуб атрымаў яшчэ 6,75 млн еўра).

У Аўстрыі ўсё пайшло па традыцыйным для маладых футбалістаў шляху. Адэемі адразу ж адправіўся ў арэнду ў «Ліферынг» – фарм-клуб «Рэд Була», у якім правёў выдатны адрэзак кар'еры, запісаўшы на свой рахунак 27 выніковых дзеянняў (15+12) у 35 матчах. Тады ж стала зразумела – паўтара сезона ў другой лізе было дастаткова, каб даць яму шанц згуляць за аснову.

І Карым ім выдатна скарыстаўся. У першым жа матчы за «Зальцбург» у чэмпіянаце юны немец аформіў асіст, а ўжо з наступнага сезона стаў адной з галоўных надзей каманды. У агульнай складанасці ён згуляў 94 матчы за аўстрыйскі гранд, у якіх забіў 33 разы і 24 асіставаў.

Увосень 2022 агент Адэемі праводзіў перамовы з «Баварыяй», «Ліверпулем», «Лейпцыгам» і іншымі клубамі, аднак футбаліст быў настроены толькі на пераход у «Дортмунд».

У першай палове сезона яго крытыкавалі больш за ўсiх гульцоў «Барусіі», але ў 2023-м расцвіў – кажа, што дапамагла афрыканская ежа

У траўні 2022-га «Дортмунд» заплаціў за Адэемі 30 млн еўра – гэта 4-ы самы дарагі трансфер клуба ў гісторыі пасля Дэмбеле, Алера і Хумельса. Відавочна, што чаканні заўзятараў былі высокімі, але малады футбаліст выглядаў гатовым да новага кар'ернага чэленджу.

Карым адзначыўся голам у першым жа матчы за клуб у Кубку Германіі, а ў дэбютным паядынку ў Бундэслізе прыняў непасрэдны ўдзел у галявой атацы. Праўда, дэбют у новым чэмпіянаце доўжыўся ўсяго 23 хвіліны – Адэемі атрымаў непрыемную траўму.

Праз два тыдні ён вярнуўся і выйшаў у старце на матч з «Гертай», але з-за рэцыдыву зноў выпаў на паўмесяца. Тое пашкоджанне ў матчы з «Баерам» моцна паўплывала на форму Карыма – да канца першага круга ў лізе ён не забіваў і не асіставаў, а адзінае, чым запомніўся ў кантэксце выніковых дзеянняў – гол у вароты «Севільі» у ЛЧ.

Фанаты «Дортмунда», якія чакалі высокай выніковасці і яркага футбола ад маладога гульца, нямала крытыкавалі Адэемі, маўляў, навошта было марнаваць 30 млн за футбаліста, які нічым не дапамагае камандзе?. Нямала гутарак было і адносна пазіцыі, на якой гуляе Карым (у «Зальцбургу» быў цэнтрфорвардам, у «Дортмундзе» стаў правым вінгерам). На шчасце для ўсіх, гэта працягвалася нядоўга.

З першага ж матча ў 2023-м на полі быў зусім іншы Адэемі:

• аддаў асіст у матчы з «Аўгсбургам»;

• правёў салідны матч з «Майнцам»;

• забіў дэбютны гол у Бундэслізе ў паядынку з «Баерам»;

• у сустрэчы з «Фрайбургам» зарабіў чырвоную для саперніка ўжо на 17-й хвіліне, забіў другі гол у чэмпіянаце і стаў самым хуткім футбалістам у гісторыі Бундэслігі, набраўшы хуткасць 36,7 км/г у адным з эпізодаў;

• забіў у матчы з «Чэлсі» ў Лізе чэмпіёнаў.

Проста адчуйце розніцу:

Многія фанаты цікавіліся, што дапамагло Карыму знайсці свой футбол пасля правальнага першага гола ў «Барусіі». У гутарцы з журналістамі CBS Sports Адэемі раскрыў свой сакрэт: «Я ем шмат афрыканскай ежы, бо маю добрыя гены ад майго бацькі [з Нiгерыi]. Страва называецца фуфу».

Фуфу – гэта цвёрдая і крухмалістая каша, вырабленая з маніёкі або ямса і плантана. Гэта асноўны інгрэдыент або гарнір многіх страў у такіх краінах, як Гана, Бенін, Тога, Камерун і Нігерыя.

Але ў бліжэйшыя 3 тыдні Адэемi не дапаможа i фуфу – усё з-за траўмы ў мінулым матчы чэмпіянату.

За 35 хвілін з «Гертай» зрабіў 1+1 – гераічна аддаў асіст, калі ўжо атрымаў пашкоджанне

Адна з прычын, чаму Карым пачаў паказваць выніковы футбол – тактычны ход галоўнага трэнера дортмундцаў Эдзіна Тэрзіча. 40-гадовы спецыяліст перавёў Адэемі на левы фланг атакі, што дапамагло гульцу рэалізаваць свой патэнцыял і найлепш праявіць моцныя бакі.

Звычайна на левым флангу атакі ў «Дортмундзе» гуляе Доніэл Мален, але з-за пашкоджання Юсуфы Мукако ў матчы з «Гертай» Мален выйшаў у старце як цэнтрфорвард, а Адэемі зноў гуляў злева.

Гульня складалася няпроста для «чорна-жоўтых», але выдатны гол Адэемі пятай дапамог гаспадарам выйсці наперад на 27-й хвіліне.

Ужо праз 5 хвілін Карым зноў вызначыўся – атрымаў пас ад Юліяна Бранта, завёў свой мапед, уцёк па флангу ад саперніка і зрабіў выдатны асіст на Малена, чым дапамог нідэрландцу забіць першы гол у сезоне.

Зрэшты, гэты момант і стаў фатальным для Адэемі. За лічаныя секунды да перадачы 21-гадовы футбаліст адчуў боль у задняй паверхні сцягна і аддаваў пас, трымаючыся за нагу.

Адэемі пасля гэтага моманту пакінуў поле. У панядзелак стала вядома, што Карым прапусціць прыкладна тры тыдні, так што не зможа прыняць удзел у матчах супраць «Хафенхайма», «Лейпцыга», «Чэлсі» і, верагодна, «Шальке».

Фота: Kerstin Joensson/AFP/Global Look Press, Fran Santiago/Global Look Press, скрыншоты трансляцый

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты