Tribuna/Футбол/Блогі/Разгледзелі варыянты будучыні для Азара – і стала сумна. Падобна, яшчэ сезон будзе грэць лаўку ў «Рэале»

Разгледзелі варыянты будучыні для Азара – і стала сумна. Падобна, яшчэ сезон будзе грэць лаўку ў «Рэале»

Чатыры шляхі для гульца, які павінен быў замяніць Крышціяну.

28 красавіка 2023, 15:15
Разгледзелі варыянты будучыні для Азара – і стала сумна. Падобна, яшчэ сезон будзе грэць лаўку ў «Рэале»

Эдэн Азар прапусціў матч з «Жыронай» праз траўму. Такая навіна ўжо ўспрымаецца проста як «белы шум» – куды больш дзівішся, калі даведваешся, што бельгіец выйшаў на поле. А з'яўленне ў аснове ўвогуле цягне на сенсацыю. У гэтым сезоне такое ў Ла Лізе адбылося толькі аднойчы, яшчэ раз – у Лізе чэмпіёнаў і Кубку Іспаніі. Да канца dolce vita у Мадрыдзе ў Азара застаецца толькі адзін год кантракту, за які ён павінен атрымаць яшчэ 25 мільёнаў еўра.

Сітуацыя сама па сабе не выглядае катастрофай – ужо цяпер, праз чатыры гады пасля прыезду бельгійца ў Мадрыд, так дакладна. У рэшце рэшт ці мала было правалаў дарагіх зорак у «Рэале»? Але задумацца пра тое, што і самому гульцу, і клубу рабіць улетку, мабыць, надышоў час. Пра гэта піша і традыцыйна блізкая да «сметанковых» Marca, якая паведамляе, што ў клубе і радыя б намякнуць бельгійцу, што ў Ryanair рэгулярна праходзіць распродаж квіткоў з Мадрыда, але баяцца магчымых юрыдычных наступстваў.

Якія ўвогуле опцыі ёсць у 32-гадовага Эдэна? Ці ёсць ахвочыя паклікаць яго? І які са шляхоў развіцця карʼеры выглядае максімальна рэальным?

Варыянт 1, настальгічны

Эдэн – адна з зорак футбола, якія не спрабавалі зрывацца з наседжанага месца пры першай магчымасці. Гэта збольшага тлумачыць і нежаданне з'яжджаць з Мадрыда нават пры ўсім разуменні таго, што ён не надта патрэбны ўжо не першаму трэнеру каманды. Таму меркаванне, што пры ад'ездзе ён будзе сур'ёзна разглядаць найперш тыя клубы, дзе яму ўжо было добра, выглядае даволі рэалістычным.

«Ліль» зараз ідзе толькі пятым у чэмпіянаце Францыі, пра Лігу чэмпіёнаў можна толькі марыць, але гэта цікавы варыянт. Досыць высокі ўзровень чэмпіянату, адносна высокія задачы каманды ў ім і амаль поўная адсутнасць ціску ў параўнанні з «Рэалам». Падтрымка ад фанатаў «догаў» забяспечаная, а любімае месца на левым флангу атакі з вялікай верагоднасцю будзе свабодным.

Жанатан Бамба, які з'яўляўся адным з лідараў чэмпіёнскай банды Гальцье, хутчэй за ўсё, адправіцца ўлетку ў цікавейшы чэмпіянат. У івуарыйца канчаецца кантракт, падаўжаць яго гулец не жадае. «Аталанта» і «Фіярэнціна» ўжо называюцца прэтэндэнтамі, знойдуцца і іншыя. Таму пытанне патэнцыйнага камбека Азара ў «Ліль», напэўна, больш у фінансавай плоскасці – ці гатовы пасунуцца па грошах сам бельгіец.

У каго няма праблем з грашыма, дык гэта ў іншага клуба, дзе гулец выступаў раней. І хай на першы (ды і на другі, што там ўжо) погляд здаецца, што «Чэлсі» Азар у цяперашнім стане проста не патрэбны. Аднак гэты сезон калі і навучыў фанатаў «сініх» нечаму, дык гэта таму, што ніколі не варта недаацэньваць гатоўнасць Тода Боэлі ўмешвацца ў жыццё каманды.

Настальгічныя падпісанні ў амерыканскім спорце, дзе доўгі час варыўся Боэлі, здараюцца пастаянна. І пляваць, што істотная частка з іх – аднадзённыя кантракты, якія легенды падпісваюць, каб завяршыць кар'еру гульцом каманды, у якой набылі славу. Ніхто не здзівіцца, калі Боэлі вырашыць, што вярнуць Азара ў «Чэлсі» можа быць цудоўнай ідэяй, каб заручыцца падтрымкай заўзятараў. Гэта амаль нічым не адрозніваецца ад рашэння паклікаць Лэмпарда завяршыць гэты сезон трэнерам каманды.

Верагоднасць: 10%

Варыянт 2, грашовы

Вядома, бельгіец не будзе гуляць бясплатна, дзе б ні правёў наступны сезон, але гэты варыянт або, дакладней, група варыянтаў – пра патэнцыйны пераход у клуб, які перш за ўсё можа прапанаваць Азару грошы, а ўжо потым высокі ўзровень турніру, партнёраў і задач.

Жыць самому Азару, напэўна, цікавей было б у тых жа Злучаных Штатах. Пра тое, што Эдэн думае пра пераезд у МЛС, яшчэ зімой пісалі ў Іспаніі. Дзесьці тут можа быць жарт пра асаблівыя стасункі футбаліста з гамбургерамі, але і без таго сітуацыя зразумелая: медыйная ліга, высокі ўзровень жыцця, магчымасць атрымліваць самавіты заробак па правіле «прызначанага гульца». Мінусы пачынаюцца, калі спрабуеш уявіць цяперашняга Эдэна ў дастаткова энергазатратным футболе лігі. Колькасць траўм гульца за час у «Рэале» ужо амаль утрая перавысіла лічбу на футболцы (19 супраць 7, калі што).

Пазней з'явіліся размовы пра «Аль-Наср» і зʼяўленне ў адной камандзе з Крышціяну, якога Эдэн так няўдала спрабаваў замяніць у «Рэале». Хаўбек нават наведаў офіс саудаўскага клуба, але гэта цалкам можна было спісаць на жаданне пабачыцца са сваім старым трэнерам з «Ліля» Рудзі Гарсіяй. Гарсіі ў «Аль-Насры» ўжо няма, але сам варыянт з пераездам туды (ці ў іншы клуб Блізкага Усходу) застаецца. Талстасумаў там шмат, выбар сапраўды будзе, было б жаданне.

Зʼяўляліся чуткі і пра менш заможную, але больш канкурэнтную Турцыю, куды Азара нібы клічуць ужо зараз. Сам гулец адмовіўся, што выглядае лагічным. Грошай нават у топавых турэцкіх клубаў менш, чым у «Аль-Насра» і яго суседзяў, а нерваў і патрабаванняў да вынікаў – больш. Калі б сітуацыя здарылася гадоў 6-7 таму, можна было б разважаць пра Кітай, але зараз грошы з мясцовай лігі практычна сышлі, а з імі мінула і жаданне скупляць зорак. Даўно не ладзілі гучныя трансферы і японцы, таму глабальна выбар тут – ЗША або Блізкі Усход.

Верагоднасць: 30%

Варыянт 3, новы выклік у Еўропе

Бясспрэчна, самы цікавы з пункту гледжання таго, што будзе далей. Калі, вядома, такое паняцце як выклік яшчэ ўвогуле нешта значыць для бельгійца. Аднак, калі сыходзіць з таго, што Азар хоча не проста фатаграфавацца з трафеямі, якія заваёўвае каманда, а мець дачыненне да вялікіх перамог... Добра, проста пройдземся па клубах, якія, па чутках, цікавіліся гульцом у гэтым сезоне. І ацэнім, ці патрэбен ён ім.

«Астан Віле» ў лістападзе прыпісвалі цікавасць да футбаліста, калі ў клуб толькі прыйшоў Эмеры. Але такія чуткі заўсёды суправаджаюць з'яўленне новага трэнера ў камандзе. Цяпер уявіць Азара «рэалаўскага» ўзору ў прэсінг-машыне, якую пабудаваў у Бірмінгеме Унаі, даволі складана. Дастаткова зірнуць на такую ж зорку нядаўняга мінулага Каўціньё, які апошні раз выходзіў на поле ў складзе каманды ў лютым – і пасля таго выпаў нават з заяўкі каманды, «Астан Віла» гуляць горш не стала.

Трансфер у «Ньюкасл» выглядаў бы лагічным прыкладна падчас змены ўласнікаў клуба. Такія пераходы, каб заявіць пра змену задач клуба, ужо здараліся, у тым ліку з удзелам гульцоў «Рэала»: Рабіньё калісьці пахаваў сваю карʼеру, адправіўшыся ў «Ман Сіці» (дзеля справядлівасці, бразілец у момант пералёту ў Англію думаў, што апынецца ў «Чэлсі», але гэта ўжо іншая гісторыя). Але навошта «Ньюкаслу», які ў наступным сезоне і без Азара будзе гуляць у Лізе чэмпіёнаў, узроставы гулец, які дзейнічае на пазіцыі, дзе каманда мае малодшага па ўзросце Сен-Максімена? Так, Алан праз траўмы і канкурэнцыю ў гэтым сезоне гуляе менш, чым раней, але браць на яго месца Азара?

Для «сарок» узяць у арэнду Мудрыка з «Чэлсі» – было б больш лагічным рашэннем. Да таго ж сёлета гульцы ўжо разглядаліся як альтэрнатыўныя адзін аднаму варыянты. Прынамсі, калі верыць зімовым інсайдам італьянскіх журналістаў, што Эдэн быў планам Б для «Арсенала». Мы ўсе памятаем, як і чаму не здарыўся той трансфер, але здаецца, што ў любым выпадку ў каманду Артэты Эдэн бы цяжка ўпісваўся – ён ужо едзе з кірмаша, а шкілет калектыва толькі адпраўляецца туды. Ды і купля Трасарда, якім у «Арсенале» задаволеныя, падобна, закрыла вакансію джокера, здольнага стаць альтэрнатывай Марцінэлі.

Таму больш верыцца не ў вяртанне бельгійца ў амаль родную АПЛ (хіба што стары прыяцель Кампані запросіць у «Бёрнлі», але ці гатовы Эдэн да барацьбы за выжыванне – пытанне), а ў тое, што ён апынецца ў Серыі А. У снежні мясцовыя журналісты ўжо пісалі пра магчымы пераход у «Інтэр». Стылістычна гэты трансфер не выглядаў неверагодным: у Італіі апошнія гады любяць падбіраць гульцоў, непатрэбных «Рэалу». Крышціяну – на чале спісу, а былі яшчэ і Хедзіра, Марата, Дыега Лопес, Тэа Эрнандэс, Хакімі, Адрыясола, Браім Дыяс, Йовіч. Сцежка пратаптаная.

Пытанне толькі ў тым, хто з мясцовых клубаў можа паверыць у Эдэна. Як раз «Інтэр» з яго 3-5-2, у якіх уявіць гульца вельмі складана, зараз выглядае маларэальным варыянтам. Так, калі каманда не выйдзе ў фінал Лігі чэмпіёнаў, адтуль можа сысці Індзагі – яму наўрад ці даруюць паражэнне менавіта ад «Мілана» на фоне няўдач у чэмпіянаце. Тады схема можа змяніцца, але складана верыць, што «Інтэр» зараз зацікаўлены ў Азары.

Тыя ж складанасці са схемай узніклі б у «Роме». Хоць Маўрынью, магчыма, і быў бы не супраць папрацаваць з Азарам, які быў ключавым гульцом у апошнім чэмпіёнскім тытуле Жазэ ў АПЛ. У «Мілана» і «Напалі» ёсць маладзейшыя Леау і Хвіча, браць дарагога дублёра гэтыя клубы не будуць, а калі растануцца са сваімі зоркамі, то будуць шукаць кагосьці маладзейшага. Адносна цікавым варыянтам выглядае «Лацыа», дзе і прыдатная схема, і трэнер Сары, які паспеў патрэнаваць Азара ў апошнім сезоне таго за «Чэлсі». Але ў рымлян злева ў атацы ёсць Дзаканьі, маладзейшы выканаўца, якога ўзялі мінулым летам і які не расчароўвае, выдаўшы ўжо 10+5 у гэтым сезоне. Так, ён можа гуляць і справа, але што тады рабіць з Фэліпэ Андэрсанам, які, па сутнасці, той жа Азар у плане жадання адпрацоўваць у абароне, але не такі ўзроставы і траўматычны.

За межамі гэтых двух ліг фінансавыя апетыты гульца маглі б пацягнуць хіба што «Баварыя» і «ПСЖ». Але ў гэтых клубаў і без Эдэна хапае галаўнога болю, каб разлічваць, што ім дапаможа выйсці на новы ўзровень футбаліст, які апошні раз выглядаў зоркай у Баку ў фінале Лігі Еўропы-2019. Усе астатнія пункты прызначэння на чале з Дортмундам і Марселем – гэта ўжо памяншэнне зарплаты ў 3-4, а то і больш разоў, разам з меншымі спартыўнымі задачамі, што наўрад ці зацікавіць Эдэна. Прынамсі, зараз.

Верагоднасць: 15%

І тут мы падыходзім да апошняй і найболей верагоднай опцыі.

Варыянт 4, застацца ў «Рэале»

Так, з моманту пераходу бельгійца ў «Рэал» летам 2019 года ён не згуляў ні ў адным з 12 Эль-Класіка, нават у таварыскім матчы. Але наўрад ці гэта так моцна напружвае самога гульца. Як і нібыта сапсаваныя адносіны з Анчалоці, які, магчыма, сыдзе, калі каманда не выйграе другую Лігу чэмпіёнаў запар. А Зідан, якога Перэс, па чутках, кліча па звычцы, нібыта выставіў адной з умоў свайго вяртання наяўнасць Эдэна ў складзе. Дзіўна, але хто гэтых геніяў разумее?

Па вялікім рахунку, амаль усе пералічаныя опцыі, акрамя хіба што камбека ў «Чэлсі», будуць даступныя бельгійцу і ўлетку 2024-го. Яго сям'і добра ў Мадрыдзе, а сам ён – самы высокааплатны футбаліст лігі. Тое, наколькі для Эдэна важныя сціплыя радасці жыцця, якія даюць грошы, вядома ўсім. Плюс ён можа шчыра верыць, што ўлетку ўсё зменіцца, калі прыйдзе новы трэнер. Хоць гэтая вера амаль ірацыянальная пры тым узроўні, што паказвае Вінісіус у апошнія два гады, але... Хто гэтых геніяў разумее?

Так, Азар – усё яшчэ геній. Шкада толькі, што ўжо не столькі на полі, колькі за яго межамі. Ён жыве, па сутнасці, за кошт ранейшых заслуг, але хіба ранцье не можа быць геніяльным?

Верагоднасць: 45%

***

Узгаданы вышэй Венсан Кампані нядаўна сказаў пра шматгадовага партнёра па зборнай: «Ён усё яшчэ можа забіць у фінале Лігі чэмпіёнаў, ён можа выйграць тытул. У гэтым гульцу ўсё яшчэ ёсць магія. І мы павінны спадзявацца на найлепшае, каб ён скончыў так, як заслугоўвае».

Сімвалічна, што гэта словы Кампані – чалавека, які шмат гадоў змагаўся з траўмамі, у апошнія 4 гады карʼеры ў «Сіці» ў сярэднім гуляў па 15 матчаў у АПЛ, але ўсё ж пайшоў пераможцам, забіўшы ключавы гол у чэмпіёнскай гонцы АПЛ сезона 2018/19.

Яму самому, мусіць, вельмі хочаццца ўбачыць такое ж відэа, толькі з Эдэнам у галоўнай ролі.

Людзі ўвогуле вельмі часта хочуць бачыць у іншых сябе.

Фота: Daisuke Nakashima/Global Look Press, Irina R. Hipolito/Global Look Press, Arne Dedert/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты