Tribuna/Футбол/Блогі/Колькі топавых трансфераў адбылося за апошнія пару тыдняў – сабралі ўсё ў адным месцы

Колькі топавых трансфераў адбылося за апошнія пару тыдняў – сабралі ўсё ў адным месцы

Цікавыя пераходы ў АПЛ, зорныя навічкі саудаўскай лігі і многае іншае.

30 чэрвеня, 08:07
Колькі топавых трансфераў адбылося за апошнія пару тыдняў – сабралі ўсё ў адным месцы

Афіцыйна трансфернае акно ў большасці еўрапейскіх чэмпіянатаў адчыняецца 1 ліпеня, але ў цэлым гэта толькі дакументальная фармальнасць – клубы ўжо некаторы час актыўна працуюць на рынку, падпісваюць і прадаюць футбалістаў.

Расказваем вам яшчэ пра 20 цікавых пераходаў, якія ўжо афіцыйна адбыліся (першую дваццатку глядзіце тут).

Ілкай Гюндаган, «Ман Сіці» → «Барселона»

Нягледзячы на тое, што ў Ілкая былі іншыя прывабныя варыянты (застацца ў «Ман Сіці», перайсці ў «Мілан» ці вярнуцца ў «Дортмунд»), ад самага пачатку было зразумела, што немец прыме прапанову «Барселоны».

Каталонцы прапанавалі яму выгадныя ўмовы (зарплата, бонусы, працягласць кантракту), а сонечная Іспанія – цудоўнае месца, каб гадаваць нованароджанага сына.

Серхіа Бускетс, «Барселона» → «Інтэр» Маямі

Гюндаган, хоць і выконвае некалькі іншую функцыю на полі, заменіць у «Барсе» Серхіа Бускетса, у якога скончыўся кантракт з каталонскім клубам. 34-гадовы іспанец услед за Леа Месі адпраўляецца ў сонечны Маямі.

Кай Хаверц, «Чэлсі» → «Арсенал»

Немец выступіць пад 29-м нумарам. Раней паведамлялася, што кошт трансферу складзе 75 мільёнаў еўра з улікам магчымых бонусаў, а футбаліст падпіша з кананірамі 5-гадовы кантракт.

А сіняя частка Лондана назаўжды запомніць Хаверца за гол у фінале ЛЧ.

Джэймс Мэдзісан, «Лестэр» → «Тотэнхэм»

Лідара клуба, які нечакана вылецеў з АПЛ, некалькі нечакана купіў «Тотэнхэм». Бо галоўным прэтэндэнтам на Мэдзісана доўгі час быў «Ньюкасл».

Бакі заключылі кантракт на 5 гадоў – да лета 2028 года. Раней паведамлялася, што «Тотэнхэм» заплаціць за Мэдзісана 40 мільёнаў фунтаў.

Крыстафер Нкунку, «Лейпцыг» → «Чэлсі»

Пра гэта было вядома яшчэ мінулай восенню, а цяпер «Чэлсі» нарэшце афіцыйна аб'явіў пра трансфер Крыстафера Нкунку. Лонданцы – у поўным выйгрышы, бо не толькі атрымалі футбаліста сусветнага класа, але і выдаткавалі на яго ўсяго 60 млн, актываваўшы клаўзулу ў яго кантракце з Лейпцыгам.

Хутчэй за ўсё, француз будзе гуляць за «пенсіянераў» пад 11-м нумарам.

Рафаэл Герэйру, Дортмунд → Баварыя

Так-так, усе чуткі, якія збівалі з панталыку футбольных фанатаў ва ўсім свеце, спраўдзіліся: Герэйру падпісаў кантракт з «Баварыяй» пасля сямі гадоў у дортмундскай «Барусіі».

Нягледзячы на слёзы пры развітанні, партугалец узʼяднаецца ў Мюнхене з Томасам Тухелем, які і стаў рухавіком пераходу. Герэйру быў улюбёнцам нямецкага спецыяліста, калі той яшчэ трэніраваў «Дортмунд».

«Барусія» спрабавала пакінуць Рафаэла, аднак футбаліст хацеў доўгатэрміновае пагадненне – ад дортмундцаў яго не атрымаў, і падпісаў кантракт з «рэкордмайстрам» на 3 гады.

НʼГало Кантэ, «Чэлсі» → «Аль-Іціхад»

Ну і куды без Саудаўскай Аравіі, у якой хутка будзе гуляць нямала топ-футбалістаў. НʼГало Кантэ ўсё ж не дамовіўся пра новы кантракт з «Чэлсі» і стаў аднаклубнікам Карыма Бенземы ў «Аль-Іціхадзе».

А хто адмовіўся б ад 100 млн еўра за сезон?

Каліду Кулібалі, «Чэлсі» → «Аль-Хілаль»

А вось пераход Каліду Кулібалі ў трэндавы чэмпіянат выглядае нечаканым. Сенегалец адыграў за «Чэлсі» ўсяго адзін сезон (правеў 32 матчы ва ўсіх турнірах) і, здавалася, яму яшчэ ёсць, што прапанаваць пад кіраўніцтвам Маўрысіа Пачэціна.

Зрэшты, за 23 млн еўра Кулібалі адпраўляецца ў «Аль-Хілаль», які зорнымі трансферамі хоча навязаць канкурэнцыю «Аль-Насру» і «Аль-Ітыхад».

Рубен Невеш, «Вулвз» → «Аль-Хілаль»

Але Кулібалі – не самае дарагое набыццё «Аль-Хілаля». За Рубена Невеша, які быў блізкі да пераходу ў «Барсу», заплацілі вар'яцкія 55 млн еўра.

Калі вам здаецца, што Невеш ужо таксама ветэран, як і большасць з тых, хто едзе ў Саудаўскую Аравію, то мы павінны вас засмуціць – партугальскаму хаўбеку ўсяго 26, але сапраўды ўзнікае ўражанне, што ён у футболе ўжо вельмі даўно.

Эдуар Мендзі, «Чэлсі» → «Аль-Ахлі»

Дэталі пераходу 31-гадовага сенегальца не раскрываюцца. Па інфармацыі Тransfermarkt, сума трансферу склала 18,5 млн еўра.

За тры сезоны ў лонданскім клубе Мендзі правёў 105 матчаў (49 сухіх), у якіх прапусціў 86 галоў.

Хаселу, «Эспаньёл» → «Рэал»

Арэндаваўшы Хаселу ў «Эспаньёла» з правам выкупу, «Рэал» на час вырашыў праблему адсутнасці Бенземы.

33-гадовы іспанец забіў 16 галоў у Ла Лізе ў мінулым сезоне, а з мадрыдцамі ў яго асаблівыя адносіны – найграў у свой час больш за 70 матчаў за «Кастыллю», а ў 2011-м нават двойчы вызначыўся за асноўную каманду мадрыдцаў.

Эдзін Джэка, «Інтэр» → «Фенербахчэ»

Джэка не змог прыгожа сысці з «Інтэра», выйграўшы Лігу чэмпіёнаў, але ўсё роўна пакідае Італію вялікім футбалістам.

Пераход у «Фенербахчэ» ўжо можна назваць пенсіяй для 37-гадовага баснійца. Пенсіяй, якую ён заслужыў.

Крыстаф Баўмгартнер, «Хофенхайм» → «Лейпцыг»

«Лейпцыг» страціў Нкунку і, магчыма, страціць яшчэ і Сабаслаі, але моцна фармуе свой склад на новы сезон. Пасля трансфераў Шэшко і Зайвальда і падаўжэння кантракту з Дані Ольма набыццё Крыстафа Баўмгартнера з «Хофенхайма» – яшчэ адзін топавы мув ад «быкоў».

У мінулым сезоне аўстрыец адзначыўся 14 рэзультатыўнымі дзеяннямі ў Бундэслізе (7+7).

Махмуд Дауд, «Дортмунд» → «Брайтан»

Няўжо «Дортмунд» быў упэўнены, што Белінгем застанецца, калі абвясціў, што кантракт Махмуда Дауда не будзе працягнуты?

Як бы там ні было, цяпер гэта праблемы «Барусіі», а якасны футбаліст цэнтра поля падпісаў кантракт з «Брайтанам», дзе будзе працаваць пад кіраўніцтвам Раберта Дэ Дзербі.

Джэймс Мілнер, «Ліверпуль» → «Брайтан»

Яшчэ адно важнае ўзмацненне «Брайтана» як на полі, так і за яго межамі – падпісанне дасведчанага футбаліста АПЛ сярод яшчэ актыўных гульцоў.

Джэймс Мілнер не толькі будзе выгрызаць падкатамі мячы ў супернікаў, але і будзе даваць тумакоў маладым футбалістам, калі тыя не будуць слухацца трэнера.

Джасцін Клюйверт, «Рома» → «Борнмут»

У 2018 годзе «Рома» выдаткавала больш за 17 млн еўра на неверагоднага таленавітага Джасціна Клюйверта. Сын легендарнага Патрыка нестабільна пачаў, а пасля ўвогуле страціў месца на полі – і паехаў па арэндах.

Быў у «Лейпцыгу», «Ніцы» і «Валенсіі», а цяпер нарэшце пакінуў рымскі клуб на паўнавартаснай аснове. «Борнмут» заплаціў за яго 11,2 млн еўра, так што, магчыма, новы клуб надасць упэўненасці 24-гадоваму нідэрландцу.

Беньямін Тахіравіч, «Рома» → «Аякс»

Яшчэ больш «Рома» пашырыла свой трансферны бюджэт дзякуючы продажу 20-гадовага Беньямін Тахіравіча ў «Аякс». У 2021-м ён прыйшоў усяго за 200 тысяч еўра са шведскага «Васалундса», а цяпер адпраўляецца ў Амстэрдам за 7,5 млн еўра.

У мінулым сезоне ён адыграў за асноўную каманду рымлян 11 матчаў у Серыі А.

Эван Ндзіка, «Айнтрахт» → «Рома»

Праўда, італьянцы не толькі добра прадаюць, але і пракручваюць нядрэнныя здзелкі на сваю карысць. Эванам Ндзікам, у якога летам скончыўся кантракт з франкфурцкім «Айнтрахтам», цікавіліся «Арсенал» і «Мілан», але «Рома» пераканала француза далучыцца менавіта да яе.

23 гады, моцны цэнтральны абаронца, ды яшчэ бясплатны – цудоўнае падпісанне.

Дара О'Ши, «Вест Бром» → «Бернлі»

Пакуль Венсан Кампані яшчэ не скупіў іншую палову чэмпіянату Бельгіі (ці футбалістаў, з якімі працаваў у «Андэрлехце»), навічком «Бернлі» стаў цэнтрбек Дара ОʼШы, які шмат гадоў абараняў колеры «Вест Бромвіча».

На цэнтральных абаронцаў «Бернлі» выдаткаваў ужо больш за 22 млн еўра ў летняе трансфернае акно – раней аформілі паўнавартасны выкуп Джордана Баера з менхенгладбахскай «Барусіі» за 15 млн еўра.

Фларыян Мюлер, «Штутгарт» → «Фрайбург»

Асноўны галкіпер «Фрайбурга» Марк Флекен адправіўся ў англійскую прэмʼер-лігу, дзе яго новым клубам стаў «Брэнтфард», таму камандзе Крысціяна Штрайха неабходна было знайсці раўнацэнную замену нідэрландцу.

Усяго за 1,5 млн еўра з «Штутгарта» прыйшоў перспектыўны Фларыян Мюлер, які ў сезоне 2020/21 ужо гуляў за «Фрайбург» на правах арэнды.

Жуніёр Адаму, «Зальцбург» → «Фрайбург»

А вось паляпшаць паказчыкі забітых галоў («Фрайбург» разам з «Уніянам» забіў менш за ўсіх каманд топ-10 Бундэслігі) за 9,5 млн еўра прыйшоў таленавіты Жуніёр Адаму з «Зальцбурга».

Нігерыйскі аўстрыец забіваў «Чэлсі» ў апошнім сезоне ЛЧ, а за яго трансфер «Фрайбург» выйграў канкурэнцыю ў «Вест Хема».

Вацлаў Чорны, «Твэнтэ» → «Вольфсбург»

Яшчэ адзін вельмі цікавы футбаліст, які прыйшоў у Бундэслігу – Вацлаў Чорны. Выхаванцу «Аякса» не ўдалося замацавацца ў амстэрдамскім клубе, але ўсё выдатна пайшло ў «Твэнце», дзе ён аформіў 15+13 у сезоне 2022/23.

Атрымаць чэшскага вінгера ўсяго за 8 млн еўра пасля такой выніковай кампаніі – добрая дамова ў выкананні «Вольфсбурга».

Рамэа Бэкхэм, «Інтэр» Маямі → «Брэнтфард Б»

Рамэа Бэкхэм не пакідае надзей пагуляць у АПЛ і падпісаў паўнавартасны кантракт з «Брэнтфордам Б» пасля паспяховай арэнды.

Пакуль ён будзе гуляць толькі за дубль, але, калі добра праявіць сябе, можа стаць гульцом першай каманды.

Фота: «Чэлсі», «Аль-Хілаль», «Рома», «Вольфсбург»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты