Tribuna/Футбол/Блогі/Пуціла – адзіны чэмпіён, хто браў з «Дынама» і золата-2004. Але гуляць працягвае не толькі ён

Пуціла – адзіны чэмпіён, хто браў з «Дынама» і золата-2004. Але гуляць працягвае не толькі ён

Засталіся яшчэ двое.

26 лістапада, 19:00
18
Пуціла – адзіны чэмпіён, хто браў з «Дынама» і золата-2004. Але гуляць працягвае не толькі ён

Мінскае «Дынама» перамагло «Белшыну» і за тур да канца забяспечыла сабе чэмпіёнства сезона-2023. Для «бела-сініх» гэта першы тытул за 19 гадоў. Апошні раз мінчане выйгравалі чэмпіянат Беларусі ажно ў 2004 годзе.

Большасць гульцоў той каманды ўжо самі на поле не выходзяць. Пры гэтым у асноўным яны засталіся працаваць у футболе: нехта агентам, нехта трэнерам. Некаторыя пасля заканчэння футбольнай карʼеры былі вымушаныя шукаць сябе ў іншых сферах. Асобна варта адзначыць лёсы Віталя Валадзянкова і Максіма Цыгалкі. Першага з нейкай прычыны не ўпадабаў Юры Чыж і не прапанаваў месца ў клубе, нягледзчы на статус клубнай легенды і ўлюбёнца заўзятараў. У выніку Валадзянкоў уладкаваўся кладаўшчыком у адзін з гіпермаркетаў Мінска - не так даўно высветлілася, што ён мае праблемы са здароўем.

Максім Цыгалка завяршыў карʼеру ў 25, пасля чаго спрабаваў сябе ў сферы рамонту кватэр - прынамсі, ставіў вокны. 24 снежня 2020 года былы футбаліст памёр ва ўзросце 37 гадоў.

Тым не менш яшчэ засталіся гульцы са складу «Дынама»-2004, якія дагэтуль з'яўляюцца дзейнымі футбалістамі.

Антон Пуціла

Быў далёка не асноўным у чэмпіёнскай кампаніі-2004, але ж з'явіўся на полі ў трох матчах (правёў 37 хвілін у суме). Увогуле, пачынаў той сезон 17-гадовым. На 11 гадоў сыходзіў з «Дынама» ў легіянеры (гуляў у Германіі, Турцыі, Расіі), але вярнуўся ў клуб ў 2021-м.

У гэтым сезоне не быў асноўным выканаўцам для Вадзіма Скрыпчанкі. І выпадаў праз траўму, і проста сядзеў у запасе. З большага выходзіў на замену – замест Івана Бахара, Уладзіслава Марозава, Душана Бакіча і іншых. Статыстыку зарабіў дужа сціплую – 1 асіст у 18 матчах.

Куды больш у 2023-м Пуціла запомніцца гатовасцю вырашаць лёсы калег. Чамусьці менавіта гэтага гульца ў камісію да сябе пазваў так званы міністр спорт Сяргей Кавальчук, каб разбірацца з тымі футбалістамі, якія патрапілі ў чорныя спісы.

Тым не менш, і сёння 37-гадовы Пуціла мае права на залаты медаль.

Сяргей Кісляк

У 2004-м быў задзейнічаны яшчэ меней – толькі два з'яўленні на 16 хвілін агулам. Прычым упершыню Кісляка на дарослым узроўні выпусцілі 8 жніўня таго года – праз два дні пасля таго, як яму споўнілася 17, прычым гуляць паставілі супраць землякоў з брэсцкага «Дынама».

Кісляк, як і ягоны сябар юнацтва Пуціла, вяртаўся ў мінскае «Дынама» (таксама ў 2021 годзе), аднак не здолеў ізноў стаць лідарам і ўвогуле гуляў вельмі нерэгулярна. Таму паўабаронца прыняў рашэнне змяніць мінскае «Дынама» на брэсцкае. Тым больш пра Кісляка ў Брэсце мелі прыемныя ўспаміны – хаўбек быў гульцом асновы, калі мясцовая каманда ў 2019 годзе ўзяла першыя і пакуль апошнія для сябе залатыя медалі вышэйшай лігі.

У гэтым сезоне брэсцкае «Дынама» далёкае ад чэмпіёнскіх амбіцый – боўтаецца ў ніжняй частцы табліцы і змяніла ўжо двух галоўных трэнераў. Затое 36-гадовы Кісляк гульнявой практыкай не абдзелены – 23 матчы, а ў іх 3 забітыя мячы і 3 галявыя перадачы. У адсутнасць Эдгара Аляхновіча аўтар пераможнага мяча ў вароты зборнай Францыі выводзіць брэстчан з капітанскай павязкай.

Кірыл Паўлючак

Гэты абаронца гуляў у 2000-м значна больш за ужо згаданых калег - правёў 19 матчаў і вызначыўся двумя мячамі.

Можа, для вас гэта сюрпрыз, але Паўлючак па-ранейшаму ў справе. Апошні досвед у вышэйшай лізе датуецца 2021 годам, калі выйшаў чатыры разы за «Славію» і пяць разоў за «Смаргонь».

У 2022-м абаронца адправіўся дагульваць у другую лігу і сезон правёў у складзе «Крумкачоў». Сезоне-2023 39-гадовы Паўлючак адбегаў за «Трактар» – згуляў 17 матчаў у Д3 і Кубку Беларусі, вызначыўся двума мячамі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты