Tribuna/Футбол/Блогі/Шкурына не забыліся, Капскі адпаліў, Глеб упісаў родзіча, а вось хто пакрыўдзіў Скрыпчанку – так выбралі топаў белфутбола

Шкурына не забыліся, Капскі адпаліў, Глеб упісаў родзіча, а вось хто пакрыўдзіў Скрыпчанку – так выбралі топаў белфутбола

Сяднёў займаўся чытарствам.

Аўтар — bytribuna com
15 снежня, 15:00
1
Шкурына не забыліся, Капскі адпаліў, Глеб упісаў родзіча, а вось хто пакрыўдзіў Скрыпчанку – так выбралі топаў белфутбола

12 снежня прайшла цырымонія ўзнагароджання гульцоў года ў белфутболе – і «Трыбуна» традыцыйна разбірае, як галасавалі па галоўных намінацыях. Аналагічныя пасты за папярэднія пяць гадоў можна ўспомніць па спасылках ніжэй.

Нагадаем, што спіс у любога апытанага складаецца з пяці прозвішчаў: спачатку першае, другое і трэцяе месцы ў намінацыі «Найлепшы футбаліст Беларусі-2023» (ім стаў Макс Эбонг з казахстанскай «Астаны»), а затым па адным варыянце ў намінацыях «Найлепшы футбаліст чэмпіянату Беларусі-2023» (Уладзіслаў Марозаў з мінскага «Дынама») і «Найлепшы трэнер Беларусі-2023» (Ігар Кавалевіч з «Нёмана»). Свае галасы аддалі 294 чалавекі – колькасць памяншаецца чацвёрты год запар (у 2020-м было 316, у 2021-м 305, у 2022-м 302).

За Марозава як найлепшага гульца ЧБ прагаласавалі 62 чалавекі, за другое месца ў рэйтынгу была вельмі шчыльная барацьба – Павел Савіцкі з «Нёмана» (48 галасоў) на адзін бал абышоў чарнагорца Душана Бакіча з мінскага «Дынама». Марозаў (з 269 баламі) і Савіцкі (161) таксама сталі другім і трэцім у галасаванні за найлепшага ў Беларусі – зрэшты, Эбонг абышоў іх нашмат: 374 балы, 88 чалавек паставілі Макса на першае месца.

А вось чацвёртым у рэйтынгу са 125 баламі стаў форвард польскай «Сталі» з Мелеца Ілля Шкурын – і першым яго называлі нават часцей, чым Савіцкага. Так «Прэсболу» прыйшлося апублікаваць прозвішча Шкурына ўпершыню за доўгі час – бо для выдання пад кантролем АБФФ форварда быццам не існуе праз ягоную даўнюю і цвёрдую пазіцыю супраць рэжыму Лукашэнкі, яго галявыя поспехі ў Д2 Ізраіля і Д1 Польшчы сёлета ніяк у газеце не асвятляліся. Калі ў «Прэсбола» ёсць чытачы, якія не вывучаюць іншыя крыніцы спартовай інфармацыі, то яны відавочна здзівяцца.

Шкурына згадалі ў сваіх рэйтынгах 50 чалавек, з якіх 32 паставілі гульца на першае месца. Не забыліся на Іллю ў «Энергетыку-БДУ», дзе форвард стаў найлепшым бамбардзірам ЧБ-2019: прагаласавалі трэнеры клуба Павел Раднёнак і Сяргей Амельянчук і капітан каманды Аляксей Лаўрык.

Таксама Шкурына сваім першым выбарам зрабілі капітан «Шахцёра» Мікіта Корзун, гулец мінскага «Дынама» Андрэй Рылач, трэнер дубля «Славіі» Канстанцін Ганчар, трэнеры «Смаргоні» Уладзіслаў Дукса і Уладзімір Кухлей, памочнік Івана Біёнчыка ў «Славіі» Ігар Кунаш, адміністратар БАТЭ Андрэй Ігнатовіч, кіраўнік дзяржынскага «Арсенала» Аляксей Меляшкевіч і капітан каманды Аляксандр Скшынецкі, суддзі Павел Каранец, Антон Лашук і Сяргей Фірыновіч, інспектары АБФФ Аляксандр Яўневіч і Аляксандр Чэрнік, эксперт Людас Румбуціс.

Астатнія 14 «трохпунктных» Шкурын атрымаў ад супрацоўнікаў прэс-службаў і медыяў і журналістаў, сярод якіх былі і трое з найбуйнейшымі ўласнымі каналамі: Мікалай Хадасевіч, Уладзіслаў Татур і Мікалай Іваноў. І так, у апытанні форварда ўспомнілі нават супрацоўнікі «забыўлівага» «Прэсбола» – дырэктар Юрый Арлоў, аўтар методыкі «затуплення» газеты, і былы рэжымны ідэолаг Арцём Гулькоў уключна.

Пяройдзем да намінацыі найлепшага трэнера Беларусі, дзе, як аказалася, была сурʼёзная барацьба – усё вырашылі восем галасоў. Менавіта на столькі Кавалевіч з 82 баламі абагнаў чэмпіёна Казахстана з «Ардабасы» Аляксандра Сяднёва. Галасаванне за яго, дарэчы, крыху звязана з чытарствам – у «Прэсболе» прыцягнулі да апытання брата трэнера, інспектара АБФФ Анатоля Сяднёва, і той прагаласаваў цалкам прадказальна.

Кавалевіч таксама здзівіў: на ўзнагароджанні казаў, што найлепшым у Беларусі лічыць Віктара Ганчарэнку, а на справе прагаласаваў за Аляксея Багу (рэдкі выбар – яго зрабілі ўсяго пяць чалавек).

Толькі на трэцім месцы з вялікім адставаннем ад Кавалевіча з Сяднёвым знаходзіцца галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка з 45 баламі, які да таго ж усяго на пяць галасоў абышоў Аляксея Шпілеўскага з «Арыса». Па звестках Татура, Скрыпчанка быў засмучаны адсутнасцю індывідуальнай узнагароды, але, трэба сказаць, «Дынама» дапамагала як магло. За Скрыпчанку аддалі галасы ўсе пяць (акрамя яго самога) апытаных трэнераў сістэмы клуба, гендыр Андрэй Талмач, экс-спартдыр Юрый Поклад, ветэраны Веніямін Арзамасцаў, Анатоль Усенка, Ігар Гурыновіч і Міхаіл Вергеенка і нават кіраўнік федэрацыі футбола Мінска Юрый Вяргейчык, выхаванец Дынама». Ды і цяперашнія гульцы прагаласавалі за коўча: як капітан самога «Дынама» гэта зрабіў Сяргей Паліцевіч, а як капітан моладзевай зборнай – Рылач, той самы «Андруша», якога трэнер заклікаў «распранацца на спрынце».

Падстава крыўдзіцца ўнутры клуба ў Скрыпчанкі ёсць толькі на супрацоўніцу прэс-службы Лізавету Гататуліну, якая назвала найлепшым Сяднёва (а вось ейны калега Дзяніс Сарокін не падвёў коўча).

Хто яшчэ вінаваты, што Скрыпчанка не атрымаў прызнання? Ну, напрыклад, у раздзеле «Трэнеры» з тых, хто не працуе ў «Дынама», свае галасы Скрыпчанку аддалі толькі трое: Дзмітрый Камароўскі з «Іслачы», Антон Амельчанка са «Славіі» і Павел Яўсеенка са зборнай Беларусі. З 19 капітанаў каманд прагаласавалі за Скрыпчанку толькі чатыры (усіх можна бачыць на скрыне вышэй). Але як жа падвялі суддзі – з 26 апытаных коўчу не аддаў бал ніхто! Цікава, што пры гэтым Скрыпчанку абраў іх начальнік, кіраўнік дэпартамента судзейства Уладзімір Кузьмін. Пры гэтым Кавалевіч, які з суддзямі ў вечных «контрах», набраў у іх цэлых сем галасоў, адзін з якіх – ад Паўла Каранца, які ў гэтым сезоне выдаляў трэнера і падвяргаўся крытыцы ад яго.

Сам Скрыпчанка, дарэчы, абраў Шпілеўскага, але той яму ўзаемнасцю не адказаў – адправіў голас Сяднёву.

Далей – традыцыйная зборка фактаў з галасавання, якія падаліся нам цікавымі.

• пры Мікалаі Шарснёве на чале АБФФ ні ён сам, ні ягоныя намеснікі не адзначыліся ў апытанні «Прэсбола» – раней вярхі федэрацыі галасавалi стала;

• іспанскі галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос і ягоны памочнік-суайчыннік Ясінт Магрынья выдалі цалкам аднолькавыя пяцёркі, найлепшым гульцом ЧБ прызнаўшы кыргызстанца Гулжыгіта Алыкулава, які летам прыйшоў у «Нёман» з «Кайрата», былога клуба Алоса. А яшчэ Карлас загадзя прызнаўся ў сваіх галасах – не схлусіў;

• узорнае галасаванне «за сваіх» (у цэлым нярэдкае ў апытанні) паказала «Іслач»: ейны трэнер Дзмітрый Камароўскі стаў сёмым у галасаванні, набраўшы 10 балаў – дзевяць з іх яму забяспечылі трэнеры і дырэктар клуба плюс начальнік і капітан каманды (дзясятым стаў суддзя Віктар Шымусік);

• галоўны трэнер «Мінска» Сяргей Яромка, набраўшы чатыры пункты ў двух матчах ЧБ-2023 з БАТЭ, казаў, што ў Барысаве надоўга запомняць ягонае прозвішча – і, здаецца, спрацавала: менавіта Яромка стаў коўчам года для Кірыла Альшэўскага (акрамя трэнера барысаўцаў Яромку згадалі толькі тры чалавекі з «гараджан»);

• адзін бал (магчыма, нечакана і для сябе) набраў у галасаванні Павел Валчэцкі, трэнер «Жодзіна-Паўднёвага» з 7-га месца Д2 – адзначыў коўча супрацоўнік «Яснае TV» Антон Шавярынаў;

• цэлых дзве згадкі атрымаў падпісант за рэжым Уладзіслаў Клімовіч з венгерскага «Д'ёшд'ёра» – і адным з тых, хто паставіў футбаліста на другое месца ў рэйтынгу найлепшага гульца Беларусі, стаў рэжымнік з выканкама АБФФ Аляксандр Глеб, які зʼяўляецца мужам маці жонкі Клімовіча (таксама чамусьці ўспомніў пра гульца з нягеглым сезонам суддзя Сяргей Гараюцін, які на першае месца паставіў Юрыя Кендыша з літоўскага «Жальгірыса»);

• вярнулася ў галасаванне Крысціна Козел – і экс-вядоўца дзяржТБ аддала свой «трэнерскі» голас Шпілеўскаму, які не знайшоў месца на полі мужу Козел Яўгену Яблонскаму;

• адну з самых нечаканых падборак склаў кіраўнік БАТЭ Андрэй Капскі: найлепшым футбалістам Беларусі для яго стаў 19-гадовы абаронца Мацвей Свідзінскі (11 матчаў за барысаўцаў у ЧБ, выдаленне ў апошнім туры), другім – 18-гадовы Вадзім Кісялёў (20 мячоў за дубль БАТЭ, дэбют у ЧБ на пяць хвілін у апошнім туры), а найлепшым гульцом ЧБ – 19-гадовы расійскі абаронца барысаўцаў Аляксандр Мартынаў. Ва ўсіх трох выпадках такія выбары былі ўнікальнымі для апытання – да прыкладу, сястра Капскага Алеся Кацярыніч прагаласавала куды больш прадказальна.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты