Tribuna/Футбол/Блогі/«Блін, гэтага ніхто не чакаў. Брава!» Кантракт са Шкурыным выклікаў у заўзятараў «Сталі» экстаз – лайкі, каментары і ўсё такое

«Блін, гэтага ніхто не чакаў. Брава!» Кантракт са Шкурыным выклікаў у заўзятараў «Сталі» экстаз – лайкі, каментары і ўсё такое

Ужо не належыць ЦСКА.

10 студзеня, 09:00
1
«Блін, гэтага ніхто не чакаў. Брава!» Кантракт са Шкурыным выклікаў у заўзятараў «Сталі» экстаз – лайкі, каментары і ўсё такое

Ілля Шкурын папоўніў склад «Сталі» 5 ліпеня мінулага года і адгуляў першы круг у чэмпіянаце Польшчы. За гэты час беларус праявіў сябе як лідар каманды. Яго статыстыка на вельмі добрым узроўні: 18 матчаў, 8 забітых мячоў і 5 галявых перадач у экстракласе. Гэта найлепшыя паказнік у камандзе і адзін з найлепшых у лізе. Яшчэ двойчы форвард вызначыўся ў Кубку Польшчы.

Паспяховае выступленне ацаніла кіраўніцтва «Сталі» і прапанавала футбалісту паўнавартасны кантракт. Нагадаем, што ў жніўні 2023 года паведамлялася, што Шкурын перабіраецца ў клуб з Мелеца на правах арэнды, а сам працягвае заставацца гульцом маскоўскаму ЦСКА. Ягоны кантракт з «армейцамі» быў разлічаны да 30 чэрвеня 2024-га.

Аднак, як даведалася «Трыбуна», Шкурын на сёння ўжо не мае ніякага дачыненне да расійскага клуба. Сезон-2023/24 ён праводзіць як паўнавартасны футбаліст «Сталі». Пасля паспяховай першай паловы чэмпіянату, бакі дамовіліся пра супрацу на будучыню і падпісалі пагадненне тэрмінам да 30 чэрвеня 2025 года з опцыяй падаўжэння на адзін сезон.

Важна! У пачатковай версіі тэксту гаварылася, што Шкурын па-ранейшаму належыць ЦСКА і выступае ў чэмпіянаце Польшчы на правах арэнды. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаінснасці. Рэдакцыя выбачаецца за недакладную інфармацыю.

Вось як гэтую падзею пракаментаваў Шкурын клубнай прэс-службе:

«Вельмі рады, што працягну гуляць у футболцы з гербам «Сталі». Сямейная атмасфера ў камандзе, тое, як кіруецца клуб, і вектар ягонага развіцця пераканалі мяне паставіць подпіс пад новым кантрактам. Імкнуся старанна працаваць, каб станавіцца яшчэ лепшым і прыносіць яшчэ большую карысць камандзе. Рады таму, як да мяне ставяцца заўзятары, таму пастараюся цешыць іх і далей», – сказаў Шкурын.

Падпісанне новага кантракта з беларусам пракаментаваў таксама прэзідэнт «Сталі» Яцэк Клімэк:

«Калі Ілля прыходзіў да нас, мы дамаўляліся аб некаторых сцэнарах. Ён вельмі разумны чалавек, добра дасведчаны ў тым, як хоча весці сваю кар'еру. Абодва бакі стрымалі сваё слова, і мы працягнулі кантракт».

А яшчэ прэзідэнт распавёў, што ў Шкурына не зафіксаваныя адступныя ў кантракце, і калі яму паступіць лепшая прапанова, то клуб не будзе чыніць перашкод:

«Ілля ведае, што «Сталь» – гэта не топавая каманда, і калі здарыцца, што ў будучыні зʼявіцца клуб, які захоча прапанаваць яму лепшае жыццё, то мы не будзем перашкаджаць. Адступных няма».

Таксама Клімэк расказаў, што ў Шкурына былі прапановы ад іншых клубаў з польскай эліты і не толькі:

«Пасля першага круга ў Шкурына зʼяўляліся прапановы ад іншых каманд з чэмпіянату Польшчы і не толькі. Ён меў выбар: быць зоркай у «Сталі» або быць [проста] адным з гульцоў у іншым клубе экстракласы. Ён абраў першае».

Падаўжэнне кантракту з нападаючым вельмі ўсцешыла заўзятараў «Сталі». Па рэакцыях, лайках і рэпостах у клубных сацыяльных сетках гэтая навіна – адна з самых папулярных за апошні час. У твітары яна сабрала больш за 350 падабаек– далёка не кожны пост ад «Сталі» дацягвае нават да сотні. У інстаграме Шкурыну адшкадавалі амаль 900 лайкаў пры сярэдняй колькасці ў раёне 300-400. У фэйсбуку навіна сабрала больш за тысячу пазітыўных рэакцый і ні адной негатыўнай.

Таксама заўзятары актыўна абмяркоўвалі навіну. Ніжэй - самыя цікавыя каментарыі:

Многія не чакалі, што Шкурын захоча заставацца ў «Сталі» пасля сезону:

«Прэзідэнт казаў, напэўна, у верасні, каб быць спакойным з нагоды таго, што Ілля застанецца ў Мельцы, калі скончыцца арэнда. Але пасля восеньскіх матчаў я думаў, што гэта не спрацуе. Ён добра паказаў сябе, і я думаў, што ён абярэ якую-небудзь прапанову з-за мяжы».

«У самых смелых марах я не чакала, што гэта атрымаецца. Паклоны прэзідэнту, агенту і, перш за ўсё, самому гульцу, што ён прыняў такое рашэнне. Ілля, здымаю капялюш!».

«Бомба! Я здзіўлены, што гэты кантракт быў працягнуты. Выдатная праца».

«Супер навіна. У тое, што ён застанецца да лета, яшчэ можна было верыць, але ў кантракт да лета 2025? Выдатна».

«Прыгажосць... Ніхто не чакаў...».

«Блін, гэтага ніхто не чакаў. Брава!»

Ёсць і віншаванні з падаўжэннем кантракта ад заўзятара каманды, супраць якой Шкурын правёў, магчыма, найлепшы матч на сёння ў кар'еры:

«Ну і брава ад заўзятара «Пагоні»! Трэба павышаць узровень лігі».

Дарэчы, меркаванне, што падпісанне кантракта са Шкурыным – узмацненне для ўсёй экстракласы, не адзінкавае:

«Вельмі добрая інфармацыя для ўсёй лігі».

Тут меркаванне, што працяг кантракту з беларускім нападаючым – найлепшы трансфер сярод усіх польскіх клубаў у зімовую паўзу:

«Думаю, смела можна назваць гэта ўжо зараз найлепшым «трансферам» [зімняга] акенца ў эксстракласе, віншую клуб!»

У адным з самых папулярных каментарыяў на фэйсбуку заўзятар напісаў, што пераход Шкурына ў «Сталь» найлепшы трансфер клуба ў 21-м стагоддзі.

«Я думаю, можна з упэўненасцю сказаць, што гэта найлепшы трансфер у гэтым стагоддзі. Гэта на цяперашні момант. І шмат яшчэ наперадзе. Гэтак жа, як я думаю, у далейшым пры сыходзе з клуба. Вялікая павага, Ілля, да цябе! Выдатны ход клуба».

Для кагосьці падаўжэнне кантракту стала цудоўным навагоднім падарункам:

«Гэта, мусіць, найлепшы навагодні падарунак. Я ціхенька разлічваў, але дапускаў, што гэта можа быць цяжка. А тут, калі ласка. Гэта неспадзеўка для мяне...».

«Найлепшы навагодні падарунак».

Свае кампліменты атрымала кіраўніцтва клуба:

«Здымаю капялюш перад абодвума бакамі... Кіраўніцтвам і Шкурыным! Я вельмі рады!».

«Брава! Думаю, гэта ідэальны момант для прэзідэнта «Сталі», каб аб'явіць пра сваю кандыдатуру на пасаду мэра горада Мельца».

«Вельмі добрая навіна. [Добра], што не адбылося страты, як гэта звычайна бывае. Хлопец застаецца, брава яму. І, вядома, прэзідэнту і праўленню таксама трэба аддаць належнае, што яны заключылі кантракт з Іллём. Увесну будзем забіваць, будзе добра».

«Брава, жадаю Іллі здароўя і поспехаў у «Сталі» Мелец. Прэзідэнту і трэнерам «Сталі» жадаю добрага 2024 года і высокага месца ў табліцы экстракласы ў бягучым сезоне. З павагай»

«Я ўражаны дзеяннямі кіраўніцтва. Вельмі прыемная навіна»

Ёсць заўзятар, які прапануе Шкурыну задацца мэтай стаць найлепшым снайперам чэмпіянату Польшчы:

«Мэта выбраная – стаць найлепшым бамбардзірам! Хет-трык з «Пушчай» стане добрым прагнозам».

Яшчэ адна заўзятарка таксама жадае Шкурыну як мага болей галоў:

«Выдатна, што ты застаўся. Мы ўдзячныя і жадаем як мага больш забітых галоў, удачы».

А вось тут заўзятар проста рады таму, што ў камандзе ёсць нападаючы:

«Упершыню пасля вяртання ў экстракласу мы стартуем вясну з нападаючым, і да таго ж у форме».

Некаторыя ўбачылі ў падаўжэнні кантракту з беларусам магчымасць зарабіць у перспектыве:

«І гэта выдатна, Калі ён будзе добра гуляць, і нехта захоча яго купіць, то [клуб] заробіць. Брава».

«Брава, магчыма, яго не будзе ў наступным сезоне, але мы ведаем, пра што ідзе размова».

«Я думаю, што пагадненне пойдзе на карысць абодвум бакам. Калі ён захавае форму і эфектыўнасць, ён будзе прасоўвацца і недзе лепш зарабляць, а «Сталь» будзе зарабляць на ім».

Ну і напрыканцы яшчэ адзін пазітыўны каментарый у адрас Шкурына:

«Выдатна! Ілля толькі акліматызаваўся і зараз пакажа, на што ён здатны. Мне падабаецца глядзець на самааддачу гэтага гульца, ён дае шмат станоўчай энергіі камандзе»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты