Tribuna/Футбол/Блогі/Учора ў Дубаі ўручылі Global Soccer Awards. Распавядаем, хто стаў пераможцам.

Учора ў Дубаі ўручылі Global Soccer Awards. Распавядаем, хто стаў пераможцам.

20 студзеня, 20:41
Учора ў Дубаі ўручылі Global Soccer Awards. Распавядаем, хто стаў пераможцам.

Global Soccer Awards упершыню ўручылі ў 2010 годзе. Але тады прэмія пазіцыянавала сабе хутчэй як каляфутбольная, і вызначала не найлепшых гульцоў і трэнераў, а налепшых функцыянераў. У 2010 годзе было ўсяго тры намінацыі: агент года (Жорже Мендеш), кіраўнік года (CEO мадрыдскага «Атлетыка» Мігель Анхель Марын) і спецыяальная ўзнагарода (што б гэта не значыла) для Адрыяна Галіяні. Выглядае неяк зусім не салідна. Год за годам прэмія расла і зараз на яе, у адрозненні напрыклад ад прэміі ФІФА, прыяжджаюць бадай усе галоўныя намінанты. Прадстаўляем вам спіс самых важных намінацыйGlobal Soccer Awards-2023:

Найлепшы футбаліст года: Эрлінг Холанд

Папярэднік: Карым Бензема

Эрлінг Холанд разам з «Ман Сіці» ўзяў трэбл (АПЛ, ЛЧ і Кубак Англіі) і асабіста ірваў на шматкі інфапрастору сваімі галамі. Таму ўзнагарода гульцу года не павінна здзіўляць.

Найлепшая футбалістка года: Айтана Банмаці

Папярэдніца: Алекса Путэльяс

Пераможца жаночага ЧС у складзе зборнай Іспаніі таксама ўзяла ЛЧ і Ла-Лігу за «Барселону». Акрамя таго, іспанка дзеючая ўладальніца Залатога Мяча. Абсалютна заслужаная ўзнагарода.

Найлепшы гулец года па версіі заўзятараў: Крышціяну Раналду

Папярэднік: Махамед Салах

Тут пытанні могуць ўзнікнуць, але на тое яна і прэмія фанатаў. З іх не спытаеш. Хай прыз Кріышціяну больш падобны на суцяшальны, але ён, на хвілінку, найлепшы бамбардзір у свеце ў 2023 годзе. 54 галы у 39 гадоў гэта вам не жарт.

Найлепшы малады гулец: Джуд Белінгем

Папярэднік: Віктар Асімхен

Джуд цудоўна пачаў у «Рэале» і хутка рушыць (на наш суб'ектыўны погляд) да дасканаласці. Акрамя прэміі на найлепшага маладога гульца ён быў намінаваны на яшчэ дзве: найлепшы гулец свету і найлепшы гулец па версіі фанатаў. Хай не артымаў першыя дзве, але ў яго яшчэ ўсё наперадзе.

Найлепшы трэнер года: Пеп Гвардыёла

Папярэднік: Карла Анчэлоцці

Трэбл. Гэтым усё сказана. Іспанец з кожным годам, як добрае віно, становіцца ўсё лепш.

Найлепшы мужчынскі клуб: «Манчэстэр Сіці»

Папярэднік: «Рэал Мадрыд»

Тут, як і з папярэдняй прэміяй, усё відавочна. Абсалютна дакладна найлепшая каманда мінулага года, якая не заўважала супраціву ад аніводнай каманды. 5 клубных турніраў з пяці добрае таму пацверджанне.

Найлепшы жаночы клуб: «Барселона»

Папярэднік: «Ліон»

ЛЧ, Ла-Ліга і найлепшая футбалістка ў складзе. Ці гэтага недастаткова?

Найлепшы прэзідэнт: Хальдон Аль Мубарак

Папярэднік: Фларэнціна Перэс

Яшчэ адзін прадстаўнік блакітнага Манчэсцера, які прыклаў руку да будавання найлепшага клуба ў свеце. Дастатковая нагода, каб адзначыць высілкі кіраўніка «гараджан».

На гэтым можна было было б скончыць, але мы абяцалі вам незвычайныя намінацыі— вось некалькі з іх:

Найлепшы футбольны агент: Жоржэ Мендеш

Папярэднік: Жоржэ Мендеш

Найлепшы спартыўны дырэктар: Крысціяно Гуінтолі

Папярэднік: Паоло Мальдзіні і Фрэдэрык Массара

Таксама ёсць асобная рубрыка для тых, хто прасоўвае футбол у віртуальнай прасторы: Digital Awards.

Найлепшы лічбавы журналіст:Фабрыцыа Рамана

Папярэднік: Фабрыцыа Рамана

Адказны за большасць інсайдаў у сучасным футболе (пры ўсёй павазе да Ўладзіслава Татура). Без яго мы б пазбавіліся шмат якіх нагодаў для абмяркоўвання.

Найбольш уплывовы футбольны інфлюэнсер: ALNOUFALI_7

Папярэднік: Khaby Lame

Найлепшы кіберфутбаліст:Msdossary7

Папярэднік: TUGA810

Найлепшы відэакрэатар:Asgari_freestyle

Папярэднік: ALNOUFALI_7

Гэтая сціплая дзяўчынка робіць з мячом неверагодныя рэчы. Можаце ўпэніцца самі. І хіджаб ёй зусім не перашкаджае.

Вось так выгладае адна са шматлікіх футбольных прэміяў, у якіх мы з усёй моцы намагаемся не заблытацца. З усімі пазіцыямі згодны?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты