Tribuna/Футбол/Блогі/Сенсацыйна браў Кубак з «Мінскам», меў беларускі пашпарт. Ва Украіне загінуў яшчэ адзін экс-футбаліст, які гуляў у ЧБ

Сенсацыйна браў Кубак з «Мінскам», меў беларускі пашпарт. Ва Украіне загінуў яшчэ адзін экс-футбаліст, які гуляў у ЧБ

Ваяр Сяргей Ражок бараніў Радзіму.

25 студзеня, 12:38
1
Сенсацыйна браў Кубак з «Мінскам», меў беларускі пашпарт. Ва Украіне загінуў яшчэ адзін экс-футбаліст, які гуляў у ЧБ

Украіна вось ужо амаль два гады абараняецца ад поўнамаштабнага расійскага ўварвання, якоя распачыналася ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. За сваю Радзіму ваююць і спартсмены, у тым ліку тыя, хто ў свой час выступаў у чэмпіянаце Беларусі па футболе. На жаль, ужо вядома пра гібель дваіх экс-футбалістаў. Першы – гэта Раман Гадаваны. У чэмпіянаце Беларусі ён пагуляў за «Славію» – у сезоне-2016 правёў 8 матчаў і вызначыўся адным мячом. Да гэтага ён прыязджаў на прагляд у мінскае «Дынама», але трэнерскі штаб не пераканаў.

Гадаваны загінуў 29 лістапада 2023 года. Паведамляецца, што яго падраздзяленне выконвала баявое заданне і патрапіла пад танкавы абстэл. У пошуках сховішча байцы забеглі ў пасадку, але там зачапілі расцяжку. Гадаванаму было 33. У яго засталіся двое дзяцей і жонка.

Другі ўкраінскі экс-футбаліст з чэмпіянату Беларусі Сяргей Ражок загінуў 24 студзеня гэтага года. На пачатку кар'еры ён выступаў за моладзевыя каманды кіеўскага «Дынама», а пасля правёў 63 матчы ў Д1 Украіны ў складзе розных калектываў. У ЧБ прыехаў у 2012 годзе гуляць за «Мінск», з якім у 2013 выйграў свой адзіны трафей на прафесійным узроўні – Кубак Беларусі. У розыгрышы таго года ўсе стадыі складаліся з аднаго матча, і ўнёсак Ражка ў заваяванне трафея быў вельмі вялікім. У 1/8 фіналу ён падвоіў перавагу над «Гарадзеяй» (2:0), а ў чвэрцьфінале яго гол на 90+4-й хвіліне прынёс перамогу ў матчы-трылеры з «Гомелем» (3:2), падчас якога «гараджане» саступалі ў два мячы. У фінале з мінскім «Дынама» (1:1, 4:1 па пен.) Ражок як лідар калектыву ўпэўнена пачаў серыю пенальці (адзнака 3:44):

Усяго за «гараджан» легіянер правёў 62 матчы ва ўсіх турнірах (у тым ліку чатыры ў кваліфікацыі Лігі Еўропы), забіў сем мячоў і аддаў 4 галявыя перадачы.

Аднаклубнікам Ражка ў той час быў стваральнік прафсаюза прафесійных футбалістаў Аляксандр Свярчынскі. Пасля беларус ўключаў украінца ў каманду з найлепшых аднаклубнікаў за карʼеру.

– Сяргей адным дотыкам апрацуе ўвогуле любую перадачу. У яго добрае бачанне поля. Ражок выдатна чытае гульню, валодае класным апошнім пасам, што вельмі важна для завяршэння атак, – распавядаў Свярчынскі.

Пасля нядоўгай адлучкі ў «Зорку» з Кіраваграда Ражок вярнуўся ў ЧБ, дзе ў 2015 годзе далучыўся да праймавай «Белшыны» Аляксандра Сяднёва. Бабруйчайне той сезон скончылі чацвёртымі, а ўкраінскі паўабаронца стаў найлепшым бамбардзірам каманды, увайшоў у топ-10 снайпераў вышэйшай лігі. То быў самы выніковы сезон у кар'еры (восем мячоў, аддаў адну перадачу). Такіх лічбаў паўабаронца дасягнуў у тым ліку дзякуючы нядрэннаму далёкаму ўдару. Вось яго стрэл па варотах «Гомеля» (адзнака 1:24):

У тым матчы ён, дарэчы, аформіў дубль (адзнака 3:10):

А вось удар з-за межаў штрафной у гульні з «Нёманам» (адзнака 2:15):

Тут Ражок сам зарабіў штрафны і сам жа яго выканаў(адзнака 2:52):

Гульню Ражка ў Бабруйску адзначаў яго партнёр па камандзе Міхаіл Гарбачоў. Абаронца (яшчэ да таго, як стаў персонай нон грата ў беларускім футболе) называў украінца самым моцным апорнікам, з якім даводзілася гуляць.

– Атрымліваў велізарнае задавальненне ад гульні ў «Белшыне» з Сяргеем Ражком. Гэта было ў 2015-м, калі каманда заняла чацвёртае месца. Ведаеце, як мне падаецца, гэта дзякуючы яго гульні мы падняліся так высока. Маглі ж і трэцімі стаць. Чалавеку можна было аддаць перадачу любой сілы, але ён яе ўсё роўна прымаў. Нават калі мяч у шыю ляцеў. Ражок – адназначна адзін з наймацнейшых апорнікаў, з якімі мне даводзілася гуляць, – казаў Гарбачоў у 2018-м.

У «Белшыне»-2015 Ражок быў далёка не адзіным прадстаўніком Украіны. Таксама там выступалі абаронцы Арцём Бобух, Алег Карамушка, паўабаронцы Яраслаў Багуноў, Ілля Галюза, Аляксандр Бацішчаў і нападаючы Віталь Іванко. Цікава, што ў тым жа інтэрвʼю Гарбачоў не пра ўсіх украінцаў выказаўся ў пазітыўным ключы.

– Дзякуючы Сяднёву ў Бабруйск прыязджала вельмі шмат добрых футбалістаў. І я да гэтага часу камунікую з тым жа Арцёмам Бобухам. Але ўкраінец украінцу розніца. Скажу сапраўды, з некаторымі можна ў выведку ісці, а іншых лепш нават на гарматны стрэл не падпускаць да сябе. Чаму? Проста няўстойлівыя людзі. Сёння вецер дзьме так, а заўтра ўсё можа змяніцца. Але такіх усюды хапае, – распавядаў Гарбачоў.

Перад сезонам-2016 Ражок прыязджаў на прагляд у «Нёман», але адразу там не застаўся. Яшчэ паўгода ён лічыўся футбалістам «Белшыны», праўда, увогуле там не гуляў. У канцы ліпеня ён усё ж перайшоў у Гродна. Прэс-служба «Нёмана» паведамляла, што Ражок аднавіўся ад траўмы і атрымаў беларускі пашпарт. Зрэшты, у Гродне ён правёў толькі паўгода, пасля чаго былі паўсезона ў «Віцебску» (8 матчаў, адна галявая перадача) і «Гомелі» (13 матчаў, 1 гол, 1 пас).

Апошнім клубам і ў Беларусі, і на прафесійным узроўні ў Ражка былі «Смалявічы». Правёўшы сезон у камандзе з Мінскай вобласці (24 матчы ў чэмпіянаце і Кубку, адна галявая перадача), ён прыняў рашэнне завяршыць кар'еру.

***

Сяргей Ражок загінуў 24 студзеня ва ўзросце 38 гадоў. Адным з першых спачуванні выказаў экс-паўабаронца зборнай Украіны Аляксандр Аліеў. Разам з Ражком ён выступаў за моладзевыя каманды кіеўскага «Дынама» і моладзевыя зборныя Украіны:

«Сярога, мне не верыцца. Ты быў вельмі добры апорнік і сапраўдны ваяр. Царства табе нябеснае. Спі спакойна», – напісаў Аліеў.

Адрэагаваў на смерць экс-аднаклубніка Ілля Шкурын. Футбалісты ў 2017 годзе разам выступалі за «Віцебск»:

– Класны футбаліст. Сумленны чалавек. Няма слоў, – напісаў Шкурын.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты