Tribuna/Футбол/Блогі/У АБФФ вельмі хочуць згуляць спарынг з Расіяй, але баяцца санкцый ад УЕФА. Падобна, дарэмна

У АБФФ вельмі хочуць згуляць спарынг з Расіяй, але баяцца санкцый ад УЕФА. Падобна, дарэмна

І вось чаму.

31 студзеня, 17:30
У АБФФ вельмі хочуць згуляць спарынг з Расіяй, але баяцца санкцый ад УЕФА. Падобна, дарэмна

Апошні на сёння таварыскі матч зборная Беларусі правяла ў 2022 годзе. Супернікам тады быў Аман, якому, на той момант падапечныя Георгія Кандрацева саступілі 0:2.

На 2024-ы ў калектыва Карласа Алоса ўжо запланаваны як мінімум адзін таварняк – з Мальтай, якая стане першым спарынг-партнёрам з Еўропы ад 2020-га (тады прайгралі Румыніі 3:5). Далей з Беларуссю адбыўся шэраг непрыемнасцяў, які адбіўся і на футболе. Еўрапейскі авіябан ускладніла лагістыку з Еўропай і зрабіў амаль немагчымымі міжнародныя матчы на тэрыторыі краіны, а ў 2022-м рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, і УЕФА наўпрост забараніла ўсе міжнародныя матчы на тэрыторыі Беларусі:

Магчыма, Мальта стане не адзіным супернікам беларусаў па таварняках у першай палове 2024-га. У АБФФ актыўна гавораць пра таварыскі матч з Расіяй. Яшчэ ў лістападзе-2023 пра гэта казаў першы намеснік старшыні Андрэй Васілевіч. Ён таксама адзначаў, што важнай умовай будзе правядзенне гульні менавіта на тэрыторыі Беларусі:

– Мы хацелі б згуляць [з Расіяй]. Безумоўна, разумеем, што ўзровень расійскай зборнай значна вышэйшы, чым узровень зборнай Беларусі. Але ёсць маленькае «але»: мы хацелі б згуляць у сябе ў краіне, на сваіх вядучых стадыёнах, таму што мы пазбаўленыя правядзення хатніх матчаў. Гэтае пытанне разглядаецца, і наколькі яно рэальнае, пакажа час, – сказаў Васілевіч.

Пра гульню з расіянамі гаварыў і прэс-аташэ федэрацыі футбола Аляксандр Алейнік:

– Перамовы па арганізацыі таварыскага матчу паміж зборнымі Беларусі і Расіі знаходзяцца на пачатковай стадыі. У любым выпадку трэба ўлічваць міжнародны каляндар. У сакавіку наступнага года пачынаецца новы сезон Лігі нацый. Пасля яго лёсавання будзе яснасць, у якія даты магчымая арганізацыя дадзенага матчу, – сказаў Алейнік.

Перад новым годам пра спарынг з расіянамі выказаўся ўжо Алос. Прычым іспанец назваў і магчымы месяц правядзення гульні:

У чэрвені хацелася б нарэшце выступіць у Беларусі. Можа быць [згуляем спарынг з Расіяй]. Пакуль афіцыйнага пацверджання няма. Такі паядынак быў бы выдатнай магчымасцю праверыць свае сілы, – сказаў Алос.

А зусім нядаўна слова зноў узяў Васілевіч. Намеснік старшыні пацвердзіў месяц магчымага правядзення матча і яшчэ раз выказаў жаданне згуляць у Беларусі:

«Калі матч адбудзецца, то пройдзе ў чэрвені, але на сённяшні дзень мы не дасягнулі канкрэтыкі ў перамовах, пакуль не падпісаная дамова на правядзенне гульні. Астатнія даты ў нас занятыя, у нас афіцыйныя матчы ўсю восень.

У апошні раз размаўлялі з РФС наконт матчу, калі з Новым годам адзін аднаго віншавалі. Многае залежыць менавіта ад РФС, маю на ўвазе жаданне, планы галоўнага трэнера. Мы гатовыя, з задавальненнем згуляем.

Канешне, калі матч будзе, то мы хацелі б яго правесці ў нас, у Мінску. Ізноў жа, пра гэта толькі будзем размаўляць.

А яшчэ Васілевіч выказаў засцярогі наконт магчымых санкцый з боку УЕФА. Нагадаем, праз вайну ва Украіне Расія цалкам адхіленая ад усіх міжнародных турніраў:

«Безумоўна, маем на ўвазе ўхвалу матча зборнай Расіі з камандай Сербіі з боку УЕФА. З улікам цяперашняй сітуацыі мы найперш запытваем узгадненне УЕФА, каб не нашкодзіць ні РФС, ні сабе, разумеем, што ў сувязі з санкцыямі мы не хочам трапіць пад нейкую дыскваліфікацыю», – сказаў Васілевіч.

Намеснік старшыні не выпадкова адсылаецца да матчу Расія – Сербія. Гэта будзе першая таварыская сустрэча для расіян з еўрапейскай камандай пасля адхілення.

Зусім нядаўна прэзідэнт УЕФА Аляксандзер Чафярын каментаваў гэты спарынг у інтэрв'ю The Guardian. Англійскія журналісты спыталі ў яго, ці ёсць якія-небудзь «супярэчнасці» ў правядзенні гэтага матчу. У адказ прэзідэнт УЕФА палічыў за лепшае дыстанцыявацца:

– Гэта не ў нашай юрысдыкцыі (правядзенне таварыскіх матчаў зборных знаходзіцца ў сферы адказнасці ФІФА – Tribuna.com). Сербія таксама можа згуляць супраць вас, мяне і астатніх у гэтай залі. Юрыдычна мы нічога зрабіць не можам.

Чаму гэта такая праблема? У чым праблема, што маладыя людзі хочуць гуляць у футбол? Гэты матч нікога не хвалюе: калі б вы, англічане, не казалі пра яго, ніхто б і не пазнаў. Мы ў Славеніі нават не ведаем, што яны гуляюць, таму што людзей не хвалююць рэчы, на якія часта ўказваюць англійскія палітыкі і СМІ.

Нас часам бамбуюць гэтым, а потым я абмяркоўваю гэта з сябрамі ў Еўропе. І яны кажуць: «Ты пра што?» Яны ведаюць, што Расію адхілілі, і ўсё.

Цяпер яны згуляюць адзін таварыскі матч. І што? – рытарычна запытаўся Чафярын.

Падобна, што ў АБФФ дарэмна асцерагаюцца нейкіх санкцый з боку УЕФА і могуць без аглядкі гуляць з Расіяй. Прэзідэнт УЕФА хоць неаднаразова і заяўляў, што расіяне застануцца ў бане да заканчэння вайны, пры гэтым не хавае, што такая сітуацыя яму вельмі не да спадобы, а расійскіх футбалістаў ён называе ахвярамі. Не так даўно менавіта Чафярын быў ініцыятарам допуску Расіі U-17 да міжнародных турніраў, аднак ідэя правалілася праз адмову праводзіць матчы з расіянамі шэрагу нацыянальных каманд.

Згуляць матч можна нават на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на існаванне забароны. Тым больш, падобныя гульні ўжо былі. Пасля пачатку вайны моладзевая зборная Беларусі тройчы прымала тых жа расіян. У верасні 2022-га «атрымалі мех» у Барысаве на «Гарадскім» – 1:6, у чэрвені 2023-га там жа ўжо самі «накідалі» не зусім равеснікам, а на пару гадоў маладзейшым апанентам 5:1. Апошняя сустрэча адбылася 15 лістапада ў Гомелі. Расіяне перамаглі 3:1.

Ніякіх санкцый ад УЕФА пасля спарынгаў моладзевых каманд не было. Улічваючы гэта і рыторыку Чаферына, можна зрабіць выснову, што дарослая зборная можа таксама гуляць з расіянамі без наступстваў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты