Tribuna/Футбол/Блогі/Паліцевіч прыніжае Жодзіна, але Молаш спакойны. З чым «Дынама» і «Тарпеда-БелАЗ» падышлі да Суперкубка

Паліцевіч прыніжае Жодзіна, але Молаш спакойны. З чым «Дынама» і «Тарпеда-БелАЗ» падышлі да Суперкубка

І хто ўпершыню возьме гэты трафей?

Аўтар — bytribuna com
1 сакавіка, 15:23
Паліцевіч прыніжае Жодзіна, але Молаш спакойны. З чым «Дынама» і «Тарпеда-БелАЗ» падышлі да Суперкубка

У суботу 2 сакавіка ў Беларусі афіцыйна стартуе футбольны сезон-2024. На салігорскай арэне «Будаўнік» а 16-й пачнецца матч за Суперкубак паміж чэмпіёнам мінскім «Дынама» і ўладальнікам Кубка Беларусі «Тарпеда-БелАЗ». Судзіць сустрэчу будзе Амін Кургхелі.

Калі мінчукі ўпершыню маюць шанц узяць трафей, то «аўтазаводцы» робяць трэці заход. У 2011-м і 2017-м яны не далі рады БАТЭ (0:3 і 1:3). Вось з чым каманды падышлі да сустрэчы.

Як гулялі ў апошнія гады

У 2019-м жодзінцы двойчы вынеслі «Дынама» ў чэмпіянаце Беларусі (3:0 і 4:0, у першым матчы іх трэнаваў Вадзім Скрыпчанка). Ад той пары каманды правялі восем гульняў, у якіх пяць разоў перамог сталічны клуб і яшчэ было тры нічыі.

У мінулым сезоне супернікі вочным матчам закрывалі першы круг. Тарпедаўцы мелі выдатную магчымасць скараціць адставанне ў пяць пунктаў ад «Дынама», якое было лідарам, аднак гульня завяршылася без забітых мячоў.

Да моманту сустрэчы ў другім крузе «Дынама» здабыла чэмпіёнства, а вось каманда Дзмітрыя Молаша змагалася за бронзу. Па выніку мінчукі перамаглі ў апошнім туры 1:0 дзякуючы галу Уладзіслава Марозава. Яны маглі пазбавіць «Тарпеда-БелАЗ» медалёў, аднак «Іслач» і БАТЭ таксама згулялі няўдала.

Як правялі міжсезонне

За зіму «Дынама» страціла некалькіх ключавых выканаўцаў. Не сталі працягваць кантракты з камандай абаронца Аляксей Вакуліч і паўабаронца Іван Бахар – абодва перайшлі ў «Арсенал» з расійскага Д2. У тую ж лігу пераехаў і бразільскі фулбэк Арыньё. Сыход Вакуліча і Арыньё цалкам агаліў левы край абароны «Дынама». У міжсезонне Скрыпчанка не раз казаў, што шукае футбаліста на гэтую пазіцыю. Не адзін тыдзень мінчукі праглядалі кангалезца Кінгу Ялета, аднак кантракт не заключылі. Пакуль на левы фланг абароны дынамаўцы падпісалі толькі 18-гадовага Мацвея Міхайрына, які мінулы сезон адгуляў у Д3 за «Цэнтр футбола» (24 матчы, 13 галоў), а таксама мае досвед выступаў за зборную Беларусі U-19. Апошняя навіна – любімы праект лукашэнкаўскага міністэрства па спорце вось-вось падпіша на левы фланг 27-гадовага харвата Петара Маміча. Але жодзінцы пакуль могуць яго не баяцца.

Таксама «Дынама» пакінулі два найлепшыя бамбардзіры мінулага сезона – нападнікі Уладзіслаў Марозаў і Душан Бакіч. На іх месца Скрыпчанка займеў Іллю Чарняка, у якога не задалася карʼера за мяжой, плюс арандаваў у маскоўскага «Спартака» Паўла Мялёшына з невялікім досведам у РПЛ (11 матчаў, 1 гол).

Не застаўся ў камандзе цэнтральны паўабаронца Данііл Зорын. На яго месца падпісаны іншы расіянін – Ігар Школік з другой каманды маскоўскага «Дынама».

Мінчукам удалося ўзяць якасных па мерках вышэйшай лігі вінгераў Дзмітрыя Падстрэлава (БАТЭ) і Раймонда Адэолу («Радзіма», Расія, Д2). Яшчэ прыйшоў правы дэф «Іслачы» Вадзім Пігас.

Першае ўражанне – за зіму мінскае «Дынама» не стала мацнейшым, але і саслабла наўрад ці. Хаця пакуль невядома, як праявяць сябе навічкі з Расіі, ці зможа Чарняк пасля года за мяжой вярнуцца да ранейшай выніковасці ў Беларусі (у свой час і ад Марозава шмат не чакалі). Скрыпчанка чакана верыць у лепшае. «У цэлым задаволены тым, як праходзіць трансферная кампанія. Лічу, мы якасна спрацавалі, адназначна ўмацавалі нашыя шэрагі», – на днях сказаў коуч.

Склад у суботу можа выглядаць прыкладна так.

Свайму былому клубу Скрыпчанка зрабіў камплімент і за камплектацыю, і за вялікія планы: «Тарпеда-БелАЗ» захавала касцяк плюс прыцягнула ў свае шэрагі некалькі вядомых гульцоў. Такіх, як Лапцеў, Скавыш. Гэта амбітная каманда, якая ставіць перад сабой высокія задачы». Амбіцыі сапраўды ёсць, як і вядомыя гульцы, аднак сказаць, што «чорна-белыя» за зіму сталі мацнейшымі, таксама адназначна нельга.

На сёння лінія жодзінскага нападу па прозвішчах выглядае грозна – там навічкі Максім Скавыш («Шахцёр»), Дзяніс Лапцеў (БАТЭ) і Андрэй Кобец («Славія»). На край атакі падпісаны вінгер Ілля Васілевіч са сціплымі 4+3 у 56 матчах «вышкі». Пры гэтым ніхто з іх не ўвайшоў у топ-10 бамбардзіраў мінулага чэмпіянату. Само «Тарпеда-БелАЗ» таксама забівала натужна – усяго 33 мячы за 28 матчаў (8-9-ы паказнік турніру). Затое футбалісты, якія ў суме забілі трэць леташніх мячоў, пакінулі клуб (форварды Валерый Гарбачык і Яўген Шаўчэнка адправіліся ў расійскі мінор).

Вярнуўся ў Расею і цэнтральны абаронца Кірыл Глушчанкоў – жалезны гулец старту. На перадсезонку ў Молаша застаўся толькі адзін намінальны цэнтрдэф – Аляксей Залескі. З ім у пары найграваўся апорны паўабаронца Кірыл Прамудраў. Замест пошукаў узмацнення на пазіцыю «аўтазаводцы» падпісалі адразу трох крайніх абаронцаў – Данілу Нячаева, Уладзіслава Мялько (абодва – БАТЭ) і Іллю Руцкога («Славія»).

У цэнтры поля таксама ёсць сурʼёзная страта – у «Славію» зʼехаў Аляксандр Бацішчаў. Замяніць украінца паспрабавалі, запрасіўшы Аляксея Бутарэвіча («Зеніт»-2, Расея, Д3) і Яўгена Зямко («Аксу», Казахстан, Д2).

Форвард Эманюэль Авано не вярнуўся ў Беларусь з водпуску без тлумачэння прычын. Вось склад, на які можна арыентавацца ў Суперкубку.

Як гулялі ў спарынгах

«Дынама» ў перадсезонцы выканала амаль усё, што планавала. Серыя кантрольных матчаў пачалася з турніра Mogilev Cup, дзе былі абгуляныя «Гомель» (3:1), «Дняпро» (1:0) і «Нёман» (1:0).

Далей мінчукі хацелі згуляць восем спарынгаў у фармаце па два за дзень, але ўдалося толькі сем праз эпідэмію ў «Смаргоні». Скрыпчанка казаў, што ў яго няма першага і другога саставаў у перадсезонцы, але было заўважна, як раніцай супраць супернікаў з Д2 зʼяўляліся другія нумары, а ўвечары на каманды вышэйшай лігі выходзілі першыя.

У сямі матчах «Дынама» шэсць разоў перамагло («Маладзечна» (Д2) – 5:0, «Белшына» (Д2) – 3:2, «Славія» – 2:1, «Гомель» – 1:0, «Макслайн» (Д2) – 2:1, «Іслач» – 2:1) пры адной паразе («Віцебск» – 1:2). Найлепшым бамбардзірам міжсезоння з чатырма мячамі стаў Уладзімір Хвашчынскі. Па тры забілі Трафім Мельнічэнка, Чарняк, Жэрдзеў і Мялёшын.

«Тарпеда-БелАЗ» магло правесці замежны збор у адной з краін СНД. Па словах Молаша, «прапрацоўвалася магчымасць, але не намі, а на самым версе», але ў выніку «адпала». Замест замежжа «аўтазаводцы» паехалі ў Віцебск, да таго перамогшы ў спарынгах «Славію» (1:0) і «Энергетык-БДУ» (Д2, 3:1), а яшчэ заняўшы трэцяе месца на дамашнім турніры «Белазавец» (БАТЭ – 0:1, «Цэнтр футбола» (Д3) – 2:1, «Нёман» – 0:1).

У Віцебску «Тарпеда-БелАЗ» у адзін дзень правяло два спарынгі, перамогшы «Віцебск» (3:0) і «Луч-Энергію» (Расія, Д3, 2:0). Пасля вяртання дадому «аўтазаводцы» згулялі пару кантрольных матчаў у фармаце чатыры тайма па 30 хвілін з «Іслаччу» (2:2) і «Дняпром» (1:1).

Найлепшым бамбардзірам міжсезоння стаў Скавыш з трыма галамі. Па два забілі Лапцеў і Дзмітрый Лісаковіч.

Абодва трэнера ўмеюць у кубках

І Скрыпчанка, і Молаша ўпершыню маюць шанц узяць Суперкубак. Калі меркаваць па карʼерах, абодва зʼяўляюцца якаснымі кубкавымі байцамі і ўмеюць настройваць каманды на вырашальныя матчы.

У 2012-м Скрыпчанка давёў «Мінск» да фіналу Кубка, дзе толькі па пенальці тытул забраў «Нафтан». А вось у наступным годзе «гараджане» ўзялі трафей, таксама па пенальці разабраўшыся з мінскім «Дынама».

Калі падсумаваць усе кубкавыя матчы Скрыпчанкі ў Беларусі, Арменіі і Расіі, атрымліваецца ўражлівая статыстыка – 19 перамог пры ўсяго чатырох паразах.

У Молаша лічбы больш сціплыя: 13 перамог, дзве нічыі, тры паражэнні. Затое спецыяліст выйграваў Кубак не толькі ў Беларусі з «Тарпеда-БелАЗ» у мінулым годзе, але і ў Латвіі з «Ліепаяй» у лістападзе 2020-га.

Што кажуць перад матчам

Абаронца Раман Бягуноў хвалюецца, бо «Дынама» даўненька не гуляла ў тым жа Суперкубку краіны», хоць яно там не гуляла ніколі. А вось капітан Сяргей Паліцевіч лічыць, што яго каманда найлепшая, і ўвогуле не ўражаны навічкамі Жодзіна.

Молаш назваў псіхалагічным ходам словы Паліцевіча – нібыта той спрабуе ўнушыць «партнёрам упэўненасць». Трэнер запэўніў, што яго каманда едзе ў Салігорск толькі па трафей, а перамога будзе выдатнай адплатай «Дынама» за няўдачы ў мінулым сезоне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты