Tribuna/Футбол/Блогі/Трэнеры футбольнай зборнай Беларусі ўбачылі, як на белкаманду ў афіцыйным дамашнім матчы прыйшло 15 тысяч чалавек

Трэнеры футбольнай зборнай Беларусі ўбачылі, як на белкаманду ў афіцыйным дамашнім матчы прыйшло 15 тысяч чалавек

Праўда, для гэтага прыйшлося змяніць від спорту.

13 сакавіка, 16:55
Трэнеры футбольнай зборнай Беларусі ўбачылі, як на белкаманду ў афіцыйным дамашнім матчы прыйшло 15 тысяч чалавек

Мінскае «Дынама» чарговы раз не змагло пераадолець першы раўнд плей-оф КХЛ. 12 сакавіка падапечныя Дзмітрыя Квартальнава ўступілі ў шостым матчы серыі (1:3) маскоўскім аднаклубнікам і завяршылі сезон (2:4 у серыі).

Апошні матч «зуброў» у сезоне чакана сабраў аншлаг (15 086 чалавек). Сярод гледачоў аказаліся і галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос разам са сваім памочнікам Магрынья Хасітам:

Пакуль што пра такую наведвальнасць футбольнай нацыяналкі на афіцыйных матчах коўчам застаецца толькі марыць. З сакавіка 2022-га ўсе футбольныя клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць дамашнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Алос узначаліў «бела-крылых» 8 жніўня 2023-га, таму на матчах у Беларусі кіраваць камандай яму пакуль не даводзілася.

Праўда, зусім нядаўна з'явілася інфармацыя, што зборная Алоса ўсё ж такі згуляе ў Беларусі. У суперніках зборная Расіі, якая, у адрозненне ад беларусаў, поўнасцю адхілена ад усіх турніраў. Інфармацыя пра гэты матч зʼяўлялася даўно, але ў АБФФ не спяшаліся яе пацвярджаць, баючыся санкцый ад УЕФА. Але зусім нядаўна спачатку старшыня РФС Аляксандр Дзюкаў паведаміў, што гульня адбудзецца, а ўжо пасля яго словы пацвердзіў першы намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч.

Па словах чыноўніка, матч запланаваны на пачатак чэрвеня і пройдзе на сталічным стадыёне «Дынама». Для беларускай зборнай гэтая гульня стане першай хатняй з 16 лістапада 2021-га, калі на той момант падапечныя Кандрацьева мінімальна абгулялі Іарданію.

Па пратаколе той паядынак наведала 1120 чалавек – прыкладна ў 13,5 разоў менш, чым збірала мінскае «Дынама» на гульні плэй-оф у гэтым сезоне. Зрэшты, справядліва чакаць, што на зборную Расіі збярэцца больш гледачоў. Гэтаму можа садзейнічаць і больш высокі статус суперніка, і атмасфера вакол каманды, якую стварае Алос, і апошнія вынікі зборнай. Ды і адміністрацыйны рэсурс ніхто не адмяняў. З яго дапамогай на матч маладзёжак тых жа зборных у Гомелі ўдалося сабраць па пратаколе 10 100 чалавек.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты