Tribuna/Футбол/Блогі/Памёр былы чынуша з арбітражу АБФФ: ладзіў рэпрэсіі яшчэ 20 гадоў таму, удзельнічаў у ліквідацыі «Вясны»

Памёр былы чынуша з арбітражу АБФФ: ладзіў рэпрэсіі яшчэ 20 гадоў таму, удзельнічаў у ліквідацыі «Вясны»

Яму ў вочы хацеў глянуць будучы нобелеўскі лаўрэат, якога пасадзiлi на 10 гадоў.

28 сакавіка, 13:06
1
Памёр былы чынуша з арбітражу АБФФ: ладзіў рэпрэсіі яшчэ 20 гадоў таму, удзельнічаў у ліквідацыі «Вясны»

У панядзелак у АБФФ паведамілі пра смерць ва ўзросце 79 гадоў намесніка старшыні футбольнага арбітражу Міхаіла Сухініна. Членам гэтага органа ён быў ад 2003 года. Прэс-служба АБФФ адзначыла, што Сухінін прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і рэгістрацыі першага статута федэрацыі.

Як «арбiтражнiк» патрапіў у футбольную сферу, невядома. Ды і падрабязнасцяў пра тое, чым ён займаўся апошнія 20 гадоў, не знайсці – а АБФФ з нагоды смерцi апублiкавала, бадай, першае вядомае iнтэрнэту фота Сухiнiна. Затое зафіксавана, што ён рабіў у далёкiя часы. Да пэўнага моманту жыццё мужчыны было непрыкметным – працаваў слесарам і нават грузчыкам на МТЗ. Пасля пайшоў на завод па рамонце медтэхнікі, дзе ад майстра прасунуўся да начальніка аддзела.

Але паралельна Сухінін стаў вучыцца – і ў 36 скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Пасля гэтага кар'ера пайшла па-іншаму – суддзя ў Першамайскім раёне Мінска, кансультант ва ўпраўленнях Мінюста БССР, ужо ў суверэннай Беларусі ён у 1993-м стаў начальнікам міністэрскага ўпраўлення па справах грамадскіх абʼяднанняў. На гэтай пасадзе Сухінін на стыку стагоддзяў і ўвайшоў у гісторыю – як выканаўца палітычнай замовы па знішчэнні непажаданых грамадскіх аб'яднанняў (так, гэта пачалося далёка не ўчора).

У 1999-м Сухінін выносіў папярэджанне Беларускаму хельсінкскаму камітэту за заклікі да правядзення альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў у 1999-м (Лукашэнка пасля рэферэндуму 1996-га «абнуліў» першыя два гады свайго пяцігадовага тэрміну, і «дзяржаўныя» выбары прайшлі толькі ў 2001-м), у 2001-м тое ж самае зрабіў у дачыненні да праваабаронцаў «Вясны» за недастатковае запаўненне прыдуманай сістэмай справаздачнасці, у 2000-м паспеў увогуле прыгразіць апазіцыі турмой за заклікі да байкоту парламенцкіх выбараў. А ўвесну 2003-га рэжым пачаў кампанію ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў – органы юстыцыі падалі дзясяткі пазоваў аб спыненні рэгістрацыі непажаданых ГА. Сухінін тады адказваў, што столькі адначасовых заяваў у суды – гэта толькі «выпадковы збег абставінаў».

28 кастрычніка 2003-га за ўдзел у назіранні падчас выбараў-2001 пазбавілі рэгістрацыі і «Вясну» – гэта яе не спыніла, арганізацыя дапамагае беларусам дагэтуль. А за месяц да таго рашэння актывісты розных арганізацый правялі акцыю каля сценаў Мінюста – людзі ў белых накідках з назвамі ліквідаваных арганізацый паўгадзіны моўчкі «жывым калідорам» сустракалі супрацоўнікаў міністэрства. Калі туды прыйшоў Сухінін, ён груба спытаў, навошта людзі стаяць на ягоным шляху. Чыноўніку адказаў асабіста кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі: «Прыйшлі вам у вочы паглядзець!». Цяпер Бяляцкi – палітвязень, якому рэжым даў 10 гадоў, і ўладальнік Нобелеўскай прэміі міру.

Неўзабаве пасля зачысткі Сухінін пакінуў пасаду – i з таго часу была вядомая толькi адна яго пасада, ў арбiтражы АБФФ.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты