Tribuna/Футбол/Блогі/У новага старшынi «Мінска» яскравы досвед разгону пратэстаў, дзе нібыта атрымаў па азадку, а яшчэ ён умее палохаць падлеткаў

У новага старшынi «Мінска» яскравы досвед разгону пратэстаў, дзе нібыта атрымаў па азадку, а яшчэ ён умее палохаць падлеткаў

Выдатная для рэжыму біяграфія.

Аўтар — bytribuna com
30 сакавіка, 18:30
1
У новага старшынi «Мінска» яскравы досвед разгону пратэстаў, дзе нібыта атрымаў па азадку, а яшчэ ён умее палохаць падлеткаў

29 сакавіка футбольны клуб «Мінск» абвясціў пра прызначэнне новага старшыні. Гэты пост стаў вакантным, калi ранейшы кіраўнік Андрэй Васілевіч год таму стаў другім чалавекам у АБФФ. З таго часу спачатку дэ-факта, а потым дэ-юрэ абавязкі старшыні «Мінска» выконваў намеснік старшыні «па асноўнай дзейнасці», былы футзаліст Аляксей Сытаў.

Аднак Сытава не зацвердзілі, і цяпер ён цалкам вяртаецца на пазіцыю намесніка старшыні. А яго начальнікам стаў 43-гадовы Сяргей Лушчык – чалавек з любімымі рэжымам адзнакамі ў біяграфіі. Расказваем, што пра яго вядома.

У спорт Лушчыка адправілі не так даўно. А да гэтага ён шмат гадоў працаваў у спецназе Лукашэнкі. У 2010-м «сілавік» быў намкамандзіра роты мінскага падраздзялення і ў гэтым статусе прыняў актыўны ўдзел у разгоне пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў таго года. А калі пачаліся «суды», то Лушчык аказаўся «пацярпелым».

Увесну 2011-га Лушчык быў задзейнічаны як мінімум у двух «працэсах». Адзін з іх – супраць кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, а таксама групы іх прыхільнікаў, якіх затрымалі на плошчы Незалежнасці вечарам дня выбараў. На «судзе» Лушчык заявіў, што атрымаў нечымі рукамі па галаве, а хтосьцi яшчэ і ўдарыў прадметам па правай ягадзіцы, дзе быццам бы ўтварылася гематома, – і гэта, маўляў, «сілавік» яшчэ вывернуўся. Лушчык спачатку называў «зброю» незнаёмца «ледарубам», але калі атрымаў просьбу апісаць яго, то пасля ўдакладняючых пытанняў усё ж прызнаў, што гэта быў «прут для колкі лёду на тратуары, такі скрабок».

Акрамя гэтага, Лушчык запэўніваў, што да «дома ўрада» Лукашэнкі людзі «прыйшлі з канкрэтнай мэтай, агрэсіўна настроеныя», пры гэтым «запоўнілі ўсю плошчу», хаця нібы «маглі бесперашкодна сысці ў любым кірунку». Насамрэч «сілавікі» папросту заблакавалі пратэстоўцаў ачапленнем, пасля чаго пачалі збіваць і затрымліваць усіх, да каго паспявалі дацягнуцца. «Пацярпелы» ж Лушчык атрымаў такія «страшныя» пашкоджанні, што ажно чатыры дні правёў у стацыянары шпіталя «МУС» Лукашэнкi.

Падчас іншага судовага разбору, супраць пяці моладзевых актывістаў, сталі вядомыя іншыя дэталі дзеянняў будучага боса «Мiнска» каля «дома ўраду» Лукашэнкі. Лушчык казаў, што нібыта быў на плошчы без шчыта, таму што кіраваў іншымі «сілавікамі», атрымаў загад «адціснуць ад будынка» пратэстоўцаў і падчас гэтага атрымаў згаданы ўдар па правай ягадзіцы. «Спецназавец» сцвярджаў, што ягоныя падначаленыя спынілі «дзве-тры спробы» прарвацца да «дома ўрада» Лукашэнкі, а таксама што ў пратэстоўцаў нібыта былі тэлескапічныя вуды і чаранкі ад рыдлёвак (вось гэта выбар!), якімі «можна нанесці значныя пашкоджанні». Аднак Лушчык прызнаў, што нікога з непасрэдна падсудных на плошчы не бачыў і ўвогуле не ведае.

Праз 10 гадоў Лушчык раптам аб’явіўся ў спорце – увесну 2021-га быў прызначаны намстаршыні хакейнага «Юнацтва». Сярод намеснікаў Аляксея Баранава «сілавік» прапрацаваў даўжэй за ўсіх, у апошні час адказваў за «адміністрацыйна-гаспадарчую працу».

На сваёй пасадзе «спецназавец» узгадаў звыклыя яму метады практычна адразу. Гэта здарылася пасля святкавання юніёрскай камандай «Юнацтва» тытула чэмпіёнаў Беларусі сезона-2020/21, падчас якога ў аўтобусе каманды некалькі разоў прагучала крычалка «Баскава – у аўтазак!». Адзін з хакеістаў выклаў гэта ў Instagram, і відэа паспелі заўважыць у ФХБ. На наступны дзень гэтага гульца выклікалі да героя крычалкі, тады яшчэ кіраўніка федэрацыі Дзмітрыя Баскава, які «літасціва» «прабачыў» юнаку.

Лушчыка ж адправілі правесці «выхаваўчую гутарку» з камандай – намстаршыні прыйшоў на трэніроўку, гаварыў на падвышаных танах і пагражаў усім «зладзіць экскурсію па аўтазаку». Пасля гэтага «сілавік» прымусіў хакеістаў адціскацца, а таксама абвясціў пра хуткае звальненне трэнера, якога кіраўніцтва прызначыла «крайнім».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты