Tribuna/Футбол/Блогі/Як там блогер, якога саджалі, каб не замінаў лукашыстам у пацешным «футболе»? Пакуль замест жаданай Расii – трэш у Казахстане

Як там блогер, якога саджалі, каб не замінаў лукашыстам у пацешным «футболе»? Пакуль замест жаданай Расii – трэш у Казахстане

Здаецца, больш яму нічога не пагражае.

Аўтар — Pam-pam
7 красавіка, 13:30
Як там блогер, якога саджалі, каб не замінаў лукашыстам у пацешным «футболе»? Пакуль замест жаданай Расii – трэш у Казахстане

У канцы лютага стала вядома, што беларуская аматарская каманда DMedia, якую апякае так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук, прыме ўдзел у расійскай аматарскай медыялізе. У мінулым сезоне каманда у стыкавых матчах саступіла «Уральцу» – у гэтым яе ўзялi наўпрост у групавы этап. Знайшлi ў каманду яшчэ некалькiх гульцоў з досведам ЧБ i галоўнага трэнера – iм стаў экс-футбаліст «Іслачы» і брэсцкага «Дынама» Мікіта Букаткін.

Пры гэтым не памерла i першая беларуская аматарская «медыякаманда» – «Інформ», якi ў 2021-м годзе стварыў блогер, стваральнiк канала «Высокі футбол» Уладзіслаў Хаванскі. Нагадаем, гiсторыя DMedia пачалася з таго, что Хаванскi дамовiўся на гульню ў Мiнску «Iнформа» супраць папулярнай у Расii «медыякаманды» «Амкала». Але ж блогер дарма папрасiў дапамогi ў АБФФ – адтуль пра ўвесь рух дазнаўся Кавальчук i загадаў хутка перахапiць iнiцыятыву ў «Iнформа», замясцiўшы яго рэжымнай камандай. Хаванскаму ж, каб не перашкаджаў, прыдумалi адміністрацыйны арышт на 14 сутак.

Наўпрост пра гэта Хаванскi не выказваўся, але ў свой дзень нараджэння, 23 верасня 2023-га, напiсаў пост з фразай, што год выдаўся для яго, «напэўна, самым цяжкім, шмат чаго непрыемнага адбылося». Блогер таксама дадаў, што ён «разумеў, хто чаго варты» – адзначым, што найменш чатыры чалавекi пасля той гiсторыi сышлi з «Iнформа» ў DMedia. Зразумела, што больш канкрэтна ў сучаснай Беларусi гаварыць Хаванскаму было б вельмi небяспечна для свайго дабрабыту.

Канешне, мог Хаванскi нацякаць i на арганiзатараў расiйскай аматарскай медыялiгi – блогер раней казаў, што папярэдне дамовiўся на ўдзел «Iнформа» ў турнiры, але ж пасля з’яўлення DMedia расiяне, ўсё зразумеўшы, пра каманду Хаванскага ўжо нават гутаркi не вялi.

Але ж, застаўшыся без расiйскага турнiру, Хаванскі не кiнуў «медыяфутбол» як напрамак. Летам ён арганiзаваў «Iнформу» матч у Маскве з удзельнiкам расiйскай медыялiгi, камандай мясцовага прапагандысцкага тэлеканала «Матч ТВ». А ў 2024-м зладзiў матч у Мiнску супраць «медыяфутбольнай» расiйскай «Ромы», якая рыхтавалася да стыкаў будучага сезона. Хаванскi заявiў, што на той момант у «Iнформа» быў не гатовы склад, але ён не мог упусцiць магчымасць для гульнi, таму што «вельмi важна працягваць медыйную гiсторыю». Праўда, гульня з пункту гледжання «медыяскладнiка» атрымалася як раз нiякай: трыбуны стадыёна ФК «Мiнск» былi пустыя. Пры пары дзясяткаў гледачоў «Рома» разнесла гаспадароў 5:0.

Таксама ў мiнулым вераснi ў расiйскую Казань пад вывескай «Iнформа» паехала каманда на «фіджытал гульнi» – гэта значыць, што каманды спачатку гуляюць у камп’ютарны сiмулятар нейкай гульнi, а потым у яе ж на рэальнай пляцоўцы. «Iнформ» афiцыйна прадстаўляў Беларусь, пра што напicалi нават на сайце дзяржаўнага БелТА – атрымлiваецца, гiсторыя з «пасадкай» Хаванскага не стварыла нiякай праблемы для ўзаемаадносiн з рэжымам.

Супернiкi «Iнформа» на гульнях былi са звыклага набору краiн на любым расiйскiм турнiры перыяду мiжнароднага бана за вайну ва Украiне: у Казань прыехалi каманды з Азербайджана, Камеруна, Нігерыі, Тайланда, Туніса і Чылі. Апошняй «Iнформ» прайграў у фiнале ды, адпаведна, стаў другiм.

У снежні 2023-га «Iнформ» таксама дэбютаваў ў Кубку Беларусі па футзале, куды мог заявiцца хто заўгодна. Каманда трапiла адразу ў 1/16 фiнала, дзе саступіла iншым аматарам пад назвай «ЧэхАрда» з лікам 4:9.

А трошкі пазней «Iнформ» ўсё ж згуляў у «медыяліге» – толькі не ў расійскай. Двухтыднёвы турнiр з такой назвай правялi ў казахстанскiм Кастанае. У «Iнформе» зноў паспрабавалi падкалупнуць расiян наконт запрашэння – для Хаванскага арганiзатар Дыдар Сыдыкбек на камеру сказаў: «Я трымаю сваё слова». Хадзiлi чуткi, што ў складзе «Iнформа» згуляе Вячаслаў Глеб, але гэтага не адбылося, затое форму каманды апрануў каментатар згаданага «Матч ТВ» Раман Нагучаў. Пры гэты на саму форму, распрацаваную пад турнiр, скардзiлiся гледачы «Iнформа» – маўляў, так спалучылi колеры, што не разабраць нават нумароў.

«Iнформ» прайграў усе тры матчы сваёй групы турнiру i хутка з яго вылецеў. А на вокладцы аднаго з вiдэа ад каманды было пазначана: «Мы больш не прыедзем у Казахстан». Але, падобна, гэта не з-за вынiкаў – падобнае казалi i з астатнiх каманд, таму што было вельмi дрэнна з арганiзацыяй. Дастаткова сказаць, што трафей узяла каманда Сыдыкбека – з вельмi, вельмi дзiўнымi cудзейскiмi рашэннямi на сваю карысць. У фiнале трэнер супернiкаў прыйшоў ад арбiтра ў шалёнства i павёў сваю каманду з поля – дайгралi матч з паўзай у паўгадзiны пад пагрозай пазбаўлення ганарараў за турнiр.

Былi беды i з размяшчэннем: адну каманду засялiлi без ацяплення, парэкамендаваўшы лепш апранацца, гульцы iншай увогуле спалi на падлозе ў пакоях без вокнаў ды коўдраў, затое з прусамі. На турнiры адключалася святло ў манежы, а ў адну з гульняў некалькi разоў лез мясцовы спецатрад сілавікоў – спачатку іх не задаволіў мат на броўцы, затым невялічкая патасоўка на самім полі, а напрыканцы яны палезлi ўжо ў масавую бойку, што не перашкодзiла аднаму гульцу баднуць у твар iншага.

Непасрэдна ў матчах «Iнформа», праўда, такога трэша не было. Ды i ўмовы пражывання былi нармальныя – iх Хаванскi паказаў у вiдэа, ў якiм распавёў, што на паездку ў Казахстан выдаткаваў на сябе прыкладна 2500 долараў. Але крыху больш за палову ад гэтай сумы, па словах Хаванскага, пайшло на вытворчасць 10 вiдэа – усё ж такi на турнiры ў яго быў доступ да галоўных расiйскiх «зорак» з iншых каманд. Але i гэта не дапамагае набiраць вялiкую колькасць праглядаў – калi вiдэа непасрэдна з матчаў сабралi хоць пару тысяч, то нядаўна выкладзеныя «пабочныя» ролiкi, знятыя падчас турнiру, пакуль спынiлiся на трохзначных лiчбах.

Пры ўсiх гэтых правалах у «медыйнасцi» Хаванскi працягвае яўна жадаць трапiць у расійскую лігу – у адным з відэа гэтага года назваў сваю каманду ў топ-2 «патэнцыяльных навiчкоў» турнiру, абгрунтаўшы гэта тым, што, маўляў, хоць у Казахстане «Iнформ» i прайграў усё, што мог, але нiбыта «запомнiўся вельмi пазiтыўнай камандай». Расiяне прадказальна не адрэагавалi на гэтую дзiўную аргументацыю.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты