Tribuna/Футбол/Блогі/«Фенербахчэ» сарваў матч за Суперкубак Турцыі. Вывелі на гульню моладзь, а праз 2 хвіліны пакінулі поле

«Фенербахчэ» сарваў матч за Суперкубак Турцыі. Вывелі на гульню моладзь, а праз 2 хвіліны пакінулі поле

Уладальнікам трафея стаў «Галатасарай».

Аўтар — Pam-pam
8 красавіка, 22:28
«Фенербахчэ» сарваў матч за Суперкубак Турцыі. Вывелі на гульню моладзь, а праз 2 хвіліны пакінулі поле

7 красавіка ў Турцыі прайшоў матч за Суперкубак-2023, які павінен быў адбыцца яшчэ ў снежні мінулага года ў Саудаўскай Аравіі – але гэта так і не здарылася. Тады мясцовыя ўлады забаранілі камандам выходзіць на поле ў футболках да 100-годдзя Турцыі з цытатай заснавальніка сучаснай краіны Мустафы Кемаля Атацюрка. Акрамя таго на стадыёне адмовіліся ўключаць гімн Турцыі, таму за 10 хвілін да пачатку гульня была адменена, а каманды прынялі рашэнне вярнуцца ў Стамбул.

А ўжо ў сакавіку 2024-га ў турэцкім футболе разгарэўся чарговы жудасны скандал. Пасля матчу 30-га тура чэмпіянату паміж «Трабзаспорам» і «Фенербахчэ» адбылася масавая бойка паміж заўзятарамі гаспадароў і футбалістамі гасцей.

Для кіраўніцтва самага папулярнага стамбульскага клуба гэта стала апошняй кропляй – яны прыгразілі федэрацыі выхадам з чэмпіянату, а мясцовыя СМІ актыўна шукалі новыя варыянты для працягу. Некаторыя нават прапаноўвалі «Фенеру» пераезд у адзін з еўрапейскіх чэмпіянатаў, накшталт краін Бенілюкса, Іспаніі, Італіі і нават Францыі. Праўда, прадстаўнікоў пералічаных чэмпіянатаў забыліся спытаць – згодны яны на такое «казачнае» папаўненне іх лігі.

У выніку кіраўніцтва стамбульскага клуба прыгразіла, што матч за Суперкубак Турцыі з прынцыповым супернікам «Галатасараем» будзе сарваны. І абяцанне сваё стрымалі, выпусціўшы на гульню маладзёжную каманду, якая прапусціла ўжо на першай хвіліне.

Голам адзначыўся Марыё Ікардзі.

Пасля гэтага галоўны трэнер «Фенера», ролю якога выконваў клубны асістэнт Зэкі Мурат Геле, даў каманду хлопцам пакінуць поле, што тыя і зрабілі.

Гульцы «Галатасарая» вырашылі не засмучаць мясцовую публіку, якая набыла квіткі на гэты матч, і пачалі гуляць самі з сабой. Аснова гуляла трэніровачную двухбакоўку супраць запасных, суддзёй стаў памочнік трэнера.

Крыху пазней стала вядома, што «Фенербахчэ» прысудзілі тэхнічную паразу, а ўладальнікам трафея стаў «Галатасарай».

«На поле выйшлі дзве каманды. Але, на жаль, мы не чакалі такой сітуацыі. Замест таго, каб атрымліваць асалоду ад дэрбі, мы сутыкнуліся са дзіўнай, абсурднай і няўяўнай сітуацыяй. Мы вырашылі перадаць выручку ад матчу пацярпелым ад землятрусу.

Адзін бок трыбун быў запоўнены, а другі – пусты. Я быў вельмі засмучаны, мы зганьбіліся на ўвесь свет. Навошта вы выкарыстоўваеце хлопцаў з моладзевай каманды ў карыслівых мэтах? Хіба іх не шкада? Каму гэта было выгадна? Нам трэба спыніць гэты канфлікт, але бліжэйшыя дні стануць толькі больш напружанымі», – сказаў пасля матчу прэзідэнт «Галатасарая» Дурсун Озбек.

Пасля матчу прэс-служба «Фенербахчэ» апублікавала заяву: «У гэты дзень мы выходзім на поле не для таго, каб перамагчы, а для таго, каб абараніць праўду. Будучы найбуйнейшым у свеце спартыўным клубам, які служыць турэцкаму спорту не толькі ў футболе, але і ва ўсіх іншых відах, маючы 117-гадовую гісторыю, маючы тысячы трафеяў у музеі і падзяляючы нацыянальныя каштоўнасці краіны разам са сваімі 30 мільёнамі заўзятараў, мы будзем працягваць стаяць на сваім сёння і ў будучыні, як мы рабілі гэта ўчора».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты