Tribuna/Футбол/Блогі/Легендарны стадыён у Пінску занядбаны: мясцовыя яго любяць, часам абяцаюць аднавіць, але на сёння стан жахлівы

Легендарны стадыён у Пінску занядбаны: мясцовыя яго любяць, часам абяцаюць аднавіць, але на сёння стан жахлівы

На «Прыпяці» пачыналі Кутузаў, Ясковіч, Астроўскі і іншыя.

13 красавіка, 13:00
1
Легендарны стадыён у Пінску занядбаны: мясцовыя яго любяць, часам абяцаюць аднавіць, але на сёння стан жахлівы

Стадыён «Прыпяць» – важнае месца ў гісторыі пінскага футбола. Арэна была адкрытая яшчэ ў 1940-х гадах.

Тут пачыналі футбольны шлях гульцы зборнай Беларусі Віталь Кутузаў, Сяргей Ясковіч, Андрэй Астроўскі, Алег Страхановіч, Сяргей Балановіч. У 90-х і пачатку 00-х там свае дамашнія матчы гуляла мясцовая «Хваля» да пераезду на аднайменны стадыён у 2006-м годзе. У 2020-м годзе Кутузаў прысвяціў пост гэтаму стадыёну ў сваім інстаграме:

«Раблю пост пра некалі храм пінскага футбола – стадыён «Прыпяць». Нехта скажа: падобны да беларускага футболу. Збольшага можна пагадзіцца, але не.

На гэтым стадыёне збіралася 5 тысяч і болей, ён меў душу. Ён быў жывым. Часы «Камунальніка» – гэта магніт усяго горада. Менавіта гэты стадыён навучыў мяне любіць гульню! Ён дазволіў увабраць усё тое добрае, што ёсць у футболе.

Кожны знойдзены шып ад «кіеўскіх» буцаў здаваўся шалёным трафеем. Поле, з якім ніводзін газон свету не мог параўнацца ў якасці пакрыцця. Як мне падавалася на той момант.

Заўсёды за дзве гадзіны да матчу са шклянкай семак я мог выбраць найлепшае месца, бо на стадыёне толькі-толькі пачыналіся перадматчавыя клопаты. А затым яго спрабаваць памяняць, каб нічога не ўпусціць на полі, бо жэрабя суддзі – штука непрадказальная.

Ну, вядома, кружэлка Ігара Талькова. Хто быў на футболе ў Пінску, мяне зразумее. Вядома, я ведаў увесь рэпертуар на памяць. І часта мне здаецца: Ігар пісаў у 80-х, а ў 20-х нічога не памянялася. Дэжавю», – пакінуў подпіс Кутузаў у сваім інстаграме пад гэтымі фатаграфіямі:

Яшчэ некалькі фота стадыёна да 2020-га не з інстаграма Кутузава:

Пасля рэканструкцыі стадыёна «Хваля» і будаўніцтва футбольнай акадэміі з чатырма трэнавальнымі палямі, стадыён «Прыпяць» аказаўся незапатрабаваным. Па словах аднаго з трэнераў, да 2015-га года там неафіцыйна трэнаваліся лёгкаатлеты з мясцовай СДзЮШАР, аднак у той год і яны перасталі, бо стадыёну надалі статус «Аварыйны».

– Улетку пераходзілі на стадыён «Прыпяць». Траву, якая ў некаторых месцах вырывалася з-пад гумы, ніхто не касіў. Цяпер у Пінску зʼявіўся новы стадыён «Хваля». Зрэшты, нягледзячы на ўсе бачныя недахопы стадыёны «Прыпяць», на ім адчувалася ўтульнасць, якой няма на «Хвалі», – распавядала ў свой час чэмпіёнка Еўропы ў бегу з бар'ерамі Эльвіра Герман-Грабарэнка.

З часам у непрыдатнае стан прыйшло нават адносна свежае штучнае поле, адкрытае на базе арэны ў 2005 годзе дзяекаючы праграме УЕФА «HatTrick»:

У 2015-м гарадскія ўлады нібыта збіраліся аддаць тэрыторыю стадыёна пад забудову шматпавярховымі жылымі дамамі. Але тады неабыякавыя пінчукі звярнуліся да кіраўніцтва горада з калектыўным лістом, просячы не знішчаць арэну. Невядома, ці то дапамог зварот, ці то сапраўды аказалася, што інфармацыя пра забудову «Прыпяці» (так пісалі мясцовыя СМІ) – гэта «неабгрунтаваныя чуткі». Але ў выніку стадыён зносіць не сталі і нават паабяцалі яго рэканструяваць, як толькі на гэта з'явяцца грошы.

Відаць, грошы ўсё яшчэ не з'явіліся. З той пары інфармацыя пра рэканструкцыю арэну з'яўляецца ледзьве не кожны год, але без нейкіх наступстваў у выглядзе дзеянняў. Тэма абнаўлення «Прыпяці» абмяркоўвалася ў 2022 годзе на сустрэчы назіральнай рады «Хвалі» з кіраўніцтвам клуба і трэнерскім штабам. Тады было сказана, што рэканструкцыю плануюць правесці да 2025-га.

Вось як стадыён выглядае проста цяпер:

Як можна заўважыць па фатаграфіях, аварыйнай трыбуны больш няма. На яе месцы стаіць новая воркаут пляцоўка, якая з'яўляецца часткай будучага шматфункцыянальнага тэніснага спарткомлексу з крытымі тэніснымі кортамі. Будаўніцтва яго было ўзгоднена ў 2019-м, але праз пандэмію і падзеі 2020-га яго ўзвядзенне адкладвалася.

У выніку будоўля пачыналася ў 2021 годзе, прыпынялася, аднаўлялася ў 2023-м. На сёння ўжо гатовы адміністрацыйна-бытавы корпус з распранальнямі, душавымі, трэнажорнай залай, навучальнай класай. Але вось тэнісных пляцовак усё яшчэ няма. А ўсё таму, што бракуе каркаснага надзіманага модуля, пад якім размесцяцца чатыры корта. Купал мусілі даставіць са Славеніі, але перашкодай сталі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. І, паводле слоў дырэктара мясцовай ДзЮСШ, калі купал зʼявіцца, ніхто не ведае. Вось як выглядае комплекс:

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты