Tribuna/Футбол/Блогі/Сын беларусаў гуляе ў Д4 Нямеччыны: атмасфера – неймаверная (18 тысяч гледачоў на матчы!), а хлопец зрабіў вырашальны асіст

Сын беларусаў гуляе ў Д4 Нямеччыны: атмасфера – неймаверная (18 тысяч гледачоў на матчы!), а хлопец зрабіў вырашальны асіст

Падтрымка, ад якой захоплівае дух.

Аўтар — Pam-pam
14 красавіка, 08:24
Сын беларусаў гуляе ў Д4 Нямеччыны: атмасфера – неймаверная (18 тысяч гледачоў на матчы!), а хлопец зрабіў вырашальны асіст

12 красавіка «Энергі» з Котбуса атрымала перамогу над сваім прамым канкурэнтам «Грэйфсвальдам» 2:1 і выйшла ў лідары сваёй зоны чацвёртага дывізіёна чэмпіянату Германіі. Адным з творцаў поспеху стаў ураджэнец Магілёва Жан Шчарбакоўскі, які аформіў галявую перадачу на 17-й хвіліне сустрэчы на мяч, які стаў пераможным .

23-гадовага хаўбека атакі прыбралі з поля на 72-й хвіліне, а праз тры хвіліны «Грэйфсвальдам» зрабіў лік 2:1, але адгуляцца так і не змог. У актыве Шчарбакоўскага на сёння 1+1 у 12 матчах. Гол ён забіў у браму «Цвікаў» 3 сакавіка, скарыстаўшыся недарэчным сутыкненнем абаронцаў суперніка.

Паўабаронца нарадзіўся ў Магілёве, аднак практычна адразу яго сям'я перабралася ў Германію і асела ў Берліне. Свой футбольны шлях хлопец пачаў у клубе «Штэрн 1900», куды прыйшоў у 4-гадовым узросце. У 11 гадоў ён перабраўся ў моладзевую сістэму «Герты», дзе правёў сем гадоў і дабраўся да каманды U-19.

Выступаючы за «Герту», Шчарбакоўскі не раз атрымліваў прапановы ад замежных клубаў – сярод іх нібыта былі нават «Тотэнхэм» і «Манака», але далей за размовы справа не зайшла. У складзе «Герты» U-19 беларус стаў чэмпіёнам бундэслігі сезона-2017/18 і атрымаў права ўдзельнічаць у Юнацкай лізе УЕФА, але замест міжнароднага турніру накіраваўся на прагляд у Брэст на Радзіме бацькоў.

Шчарбакоўскі правёў з беларускай камандай крыху больш за месяц і паспеў зʼявіцца на полі ў двух таварыскіх сустрэчах, але кантракту не здабыў – бакі не дамовіліся па фінансах.

Летам 2019-га Шчарбакоўскі прыцягваўся ў моладзевую зборную Беларусі U-19. Тады галоўны трэнер каманды Уладзімір Карыцька выдаваў авансы маладому гульцу, у якім упадабаў тэхнічныя навыкі, бачанне поля і разуменне гульнявых эпізодаў.

«Гэта дастаткова ўпэўнены ў сабе малады чалавек, які не баіцца браць гульню на сябе. У ментальным плане ён добра падрыхтаваны», – лічыў Карыцька.

Трэнер казаў, што футбаліст можа дарасці і да галоўнай зборнай Беларусі, але ў выніку атрымаліся толькі чатыры спарынгі ў складзе моладзеўкі.

Пасля прагляду ў брэсцкім «Дынама» Шчарбакоўскім зацікавіўся аднайменны клуб з Дрэздэна, але тады гэта нічым не скончылася. Гулец адправіўся ў моладзеўку «Халешэра», дзе здолеў дабрацца і да асновы.

Летам 2022-га года зноў узнікла дрэздэнскае «Дынама», і на гэты раз усё атрымалася – футбаліст і клуб падпісалі кантракт да 2025 года. Праўда, за калектыў Шчарбакоўскі правёў усяго тры афіцыйныя матчы – адзін ў Д3 і пару ў Кубку Саксоніі (аднаго з супернікаў «Дынама» разграміла 11:0, тры мячы на рахунак запісаў сын беларусаў).

У студзені 2023-га гулец адправіўся ў арэнду ў «Энергі», дзе ў 11 матчах Д4 вызначыўся двума мячамі і трыма асістамі. Пасля заканчэння сезона Шчарбакоўскі вярнуўся ў Дрэздэн, каб праз паўгода зноў паехаць у Котбус.

На апошні матч Шчарбакоўскага і партнёраў прыйшлі паглядзець 18 тысяч гледачоў. З аднаго боку яно і зразумела, бо сустракаліся лідары турніру. З іншага нагадаем, што гэта ўсяго толькі чацвёрты дывізіён.

Гледачы стварылі неверагодную атмасферу на трыбунах і дапамаглі сваёй камандзе атрымаць найважнейшую перамогу.

А пасля матчу яны разам з камандай святкавалі. Як вам, ці не захоплівае дух?

«Энергі» гуляе на аднайменным стадыёне, які здольны змясціць крыху больш за 20 тысяч гледачоў. Каманда займае першы радок па наведвальнасці – у сярэднім на яе хатнія гульні прыходзіць 7253 чалавек, і гэта прыкладна на паўтары тысячы больш, чым у «Рот-Вайс Эрфурта», які ідзе другім у лізе па гэтым паказніку.

Дзіцячыя квіткі на матч каштуюць ад 6 да 12 еўра, дарослыя – ад 14 да 26.

У клуба ёсць фаншоп на арэне, аднак, брэндаваную сувенірку можна замовіць і анлайн.

Гульнявы джэрсі каштуе 55 еўра.

Але можна знайсці і больш танныя футболкі.

Клубныя шалікі каштуюць 17-19 еўра.

З незвычайнага можна набыць лёгкі бомбер для дзяўчат за амаль 20 еўра.

Званок на ровар.

І нават брэндаваную свечку.

Таксама на сайце можна знайсці ўкладку з таварамі для кухні.

Клуб актыўна працуе і ў сацыяльным кірунку. Нядаўна арганізаваў надзвычайны дзень для аднаго са сваіх маленькіх заўзятараў Ліна, у якога невылечны дыягназ – дыстрафія цягліц Дзюшенна. Хлопец пабываў на полі і пабіў у сапраўдны фанацкі барабан, а «Энергі» арганізавала збор сродкаў на самім матчы.

Пасля 29 матчаў каманда Шчарбіцкага з 58 пунктамі ідзе на першым радку і апярэджвае «Грэйфсвальд» і «Дынама» Берлін на 2 пункты.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты