Tribuna/Футбол/Блогі/Спрабаваў сябе ў «Генце», а ў Беларусь трапіў з Д2 Літвы. Што за афрыканец робіць прыгажосць у «Нёмане» (а як ён забіў «Дняпру»!)

Спрабаваў сябе ў «Генце», а ў Беларусь трапіў з Д2 Літвы. Што за афрыканец робіць прыгажосць у «Нёмане» (а як ён забіў «Дняпру»!)

Пасля матчаў пачалі казаць, што паедзе ў больш моцны чэмпіянат.

Аўтар — Pam-pam
16 красавіка, 15:00
Спрабаваў сябе ў «Генце», а ў Беларусь трапіў з Д2 Літвы. Што за афрыканец робіць прыгажосць у «Нёмане» (а як ён забіў «Дняпру»!)

У 4-м туры чэмпіяната Беларусі па футболе «Нёман» у сябе ўдома перамог «Дняпро» 2:0, а найвялікшы ўнёсак у поспех зрабіў камерунскі навічок гаспадароў Леанард Гвет, які вызначыўся дублем. Абодва галы атрымаліся вельмі якаснымі. Пры другім мячы замежнік у шыкоўным скачку замкнуў прастрэл, але першы выніковы ўдар – увогуле нешта асаблівае.

21-гадовы легіянер, які афіцыйна далучыўся да «Нёмана» толькі ў сакавіку гэтага года, бадзёра пачаў свой выступ у беларускім першынстве. У 2-м туры ён забіў «Гомелю».

А ў гульні супраць «Тарпеда-БелАЗ» зарабіў асіст: паўдзельнічаў у спрэчным эпізодзе, пасля якога суддзя паказаў на адзінаццацімятровую адзнаку, пасля чаго быў забіты адзіны ў сустрэчы мяч.

Як распавядаў галоўны трэнер гродненскай каманды Ігар Кавалевіч, гульца падпісвалі нават не па выніках прагляду, а на падставе відэанарэзак і рэкамендацый. У Беларусь той перабраўся з літоўскага Д2, дзе з лета 2023-га выступаў за «Балтыйскую футбольную акадэмію» (выйшаў на поле чатыры разы і забіў адзін мяч).

Гвет кажа, што яго сыход з літоўскай каманды абумоўлены непаразуменнем, якое ўзнікла з камерунскім клубам «Апежэсам» наконт фінансавай кампенсацыі. Гэта прывяло да таго, што зімой тэрмінова давялося шукаць новы клуб, якім і стаў «Нёман». Хаця і тут былі складанасці. Нягледзячы на тое, што і футбаліст, і клуб дамовіліся яшчэ ў пачатку лютага, заключыць кантракт адразу не ўдалося – літоўская федэрацыя зацягвала выдачу трэнсфернага сертыфіката.

Нападнік нарадзіўся ў камерунскай сталіцы Яундзе, а вось футболам стаў займацца за 51 кіламетр ад яе ў горадзе Лек'е. Першы прафесійны кантракт заключыў са згаданым раней «Апежасам» з горада Мфу. З ім паспеў стаць срэбным прызёрам чэмпіянату Камеруна-2020/2021.

Улетку 2022-га перабраўся ў Еўропу, падпісаўшыся з бельгійскім «Гентам». Па словах гульца, да таго ён атрымліваў прапановы са Славакіі, Украіны і Сербіі, але чамусьці адказваў адмовай. Магчыма, на карысць Бельгіі згуляў той факт, што ў «Генце» ўжо былі гульцы з Камеруна, якія дапамагалі Гвет з адаптацыяй. Плюс не было цяжкасцяў з мовай, бо і ў Бельгіі, і ў Камеруне французская зʼяўляецца адной з дзяржаўных.

Сёння футбаліст ацэньвае бельгійскі перыяд як вельмі важны досвед, хоць адзначае, што ў адрозненні ад Радзімы, дзе гуляў у наймацнейшым дывізіёне, у Бельгіі выступаў усяго толькі за другі склад ажно ў Д3, і ў суперніках там былі не дарослыя і дасведчаныя гульцы, а моладзь.

У сваіх сацсетках навічок «Нёмана» не вельмі актыўны. У інстаграме ў яго ўсяго дзевяць публікацый, дзве з якіх – сумесныя з клубам. Але можна знайсці і фота часоў выступу за «Гент».

А вось трэнінг з «Апежэсам».

Ёсць профіль з такім імем і ў Фэйсбуку, праўда, родным горадам там пазначаны Борнмут, месцам вучобы – Гарвард, а адным з месцаў працы – «Рэал Мадрыд».

Можна было б падумаць, што гэта зусім іншы Гвет, але ў профіляў ёсць агульнае фота.

Кавалевіч адзначае працу афрыканца на трэнінгах і добрае ўзаемадзеянне з капітанам Паўлам Савіцкім – яны ўжо абмяняліся галявымі перадачамі. А вось іншы нападнік гродзенцаў Ягор Зубовіч ліча, што яго малады партнёр неўзабаве будзе гуляць у добрым чэмпіянаце. Ускосна на карысць такога прагноза сведчыць і тое, што Гвет з'яўляецца кліентам агенцыі SPORTBACK. У асноўным, яна вядзе справы афрыканскіх футбалістаў, частка якіх выступае няхай не ў самых моцных, але ў еўрапейскіх турнірах, а таксама ў арабскіх і азіяцкіх чэмпіянатах. Гэтая ж агенцыя стаіць за футбалістамі, якія ўжо засвяціліся ў Беларусі, – Мамо Янсанэ з Гвінеі (сёння выступае за «Рыеку» ў Д1 Харватыі) і Фесу Плака з Тога («Джэонам Драганз», Д2 Паўднёвая Карэі).

Паводле Зубовіча, замежнік камунікуе з камандай па-англійску, а жыве ля стадыёна і паблізу ад цэнтра горада.

Пасля чатырох тураў «Нёман» разам са «Славіяй» лідаруе ў табліцы – абодва калектывы набралі максімальна магчымыя 12 пунктаў. Наступная гульня падапечных Ігара Кавалевіча адбудзецца 17 красавіка – на выездзе ў Кубку Беларусі супраць мінскага «Дынама».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты