Tribuna/Футбол/Блогі/Панюкоў святкаваў перамогу БАТЭ над «Славiяй» Бiёнчыка, быццам выйграў трафей – але сам форвард пакуль далёкi ад свайго 2023-га

Панюкоў святкаваў перамогу БАТЭ над «Славiяй» Бiёнчыка, быццам выйграў трафей – але сам форвард пакуль далёкi ад свайго 2023-га

Хаця гэтага хапае, каб абганяць калег з Мазыра.

18 траўня, 16:00
Панюкоў святкаваў перамогу БАТЭ над «Славiяй» Бiёнчыка, быццам выйграў трафей – але сам форвард пакуль далёкi ад свайго 2023-га

«Славія» пасля класнага старту (16 ачкоў у 6 матчах і лідарства ў ЧБ па выніках красавіка) трапіла ў піке. У траўнi падапечныя Івана Біёнчыка прайгралi ўсе тры матчы – з аднолькавым лiкам 0:1 саступiлi «Слуцку», «Нёману» і БАТЭ і апусціліся на пяты радок.

У матчы супраць барысаўчан 17 траўня адзiным стаў аўтагол, які аказаўся 1500-м мячом для БАТЭ ў вышэйшай лізе. Выпадкова адправiў мяч у свае вароты Андрэй Залескi, якога мы згадвалi зусiм нядаўна – праз тое, што ў заяўку зборнай Францыі на Еўра-2024 трапiў Жанатан Клос, якога некалi палiчылi слабейшым за Залескага ў брэсцкім «Дынама».

Яшчэ ў матчы з БАТЭ ў «Славii» ўжо на 40-й хвіліне адбылася трайная замена. Бiёнчык памяняў Андрэя Шэмрука на Паўла Катлярова, Рамана Грыбоўскага на Аляксандра Джыгера і Сяргея Сазончыка на Юлія Кузняцова. Але трэнер не застаўся задаволеным i тымi, хто выйшаў на поле: на 65-й хвіліне памяняў Кузняцова на Ямрэка Кенжабаева, а Джыгеру – на Мікалая Рабых.

А пасля фiнальнага свiстка асабліва эмацыйна святкаваў перамогу форвард БАТЭ Андрэй Панюкоў. Для яго матчы супраць Біёнчыка сталі асабліва прынцыповымі пасля таго, калі ў расіяніна не атрымалася зайграць у Мазыры. У апошнiя месяцы Панюкоў вельмi шмат крытыкаваў свайго былога трэнера.

Пасля фінальнага свістка Панюкоў пераможна падносіў рукі ўверх, баксіраваў з паветрам і наогул выглядаў так, быццам выйграў нейкі значны трафей.

Біёнчык раскрытыкаваў такія паводзіны ў пасляматчавым інтэрв’ю.

– Ён гулец – я трэнер. Якія ў нас могуць быць супрацьстаянні? Вашыя калегі вельмі дакладна зафіксавалі яго рэакцыю. Меркаванне вашых калегаў, што не павінна быць у сучасным грамадстве такога кшталту рэакцыі, такога кшталту правакацыі. Чаму? Трэнеру дыскваліфікацыя, а гульцу гэта дапушчальна. Можа, час ужо адрэагаваць? Калі мы будзем рэагаваць? Трэнер – дыскваліфікацыя, а гулец што? – абырыўся Біёнчык.

Што тычыцца Панюкова, то пакуль ён не настолькi радуе заўзятараў БАТЭ, наколькi удавалася рабiць у Наваполацку. У мiнулым сезоне за «Нафтан» форвард у 15 гульнях чэмпіянату і Кубка вызначыўся 11 разоў і яшчэ тройчы асіставаў партнёрам. У БАТЭ за 11 гульняў у яго пакуль што тры забітыя мячы і дзве галявыя перадачы. Хаця гэтага ўсё роўна хапае, каб заставацца найлепшым бамбардзірам барысаўчан у сезоне.

Зрэшты, форварды «Славіі» пакуль не набралі нават такія лічбы. У асноўнага форварда мазыран Уладзіслава Ложкіна 1+1 у 8 матчах. 19-гадовы Іван Грудзько пакуль здавольваецца толькі выхадамі на замену, але за 8 матчаў, у якіх яму сумарна было адведзена 140 хвілін, здолеў набраць 2+1. Яшчэ адзін нападаючы, Раман Грыбоўскі, выніковых балаў за 7 матчаў не набраў, хоць Біёнчык перыядычна давярае яму месца ў аснове.

Магчыма, атака «Славіі» зменіцца з вяртаннем Андрэя Салаўя. Найлепшы гулец ЧБ-2021 зламаў малагалёнкаваю костку яшчэ ў лютаўскай таварыскай гульні з «Хваляй» (1:1). Ну а пакуль самымі выніковымі гульцамі мазыран з’яўляюцца правы абаронца Павел Чыкіда з 5+1 і плэймекер Кірыл Кірыленка з 2+3.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты