Беларусак вярнулі ў турніры па гімнастыцы. Падпісантка за рэжым адразу ўзяла балаў больш, чым пераможцы двух апошніх ЧС
Можа стаць фаварыткай Алімпіяды, калі ёй дадуць туды адабрацца.
13 студзеня Міжнародная федэрацыя гімнастыкі (FIG) дапусціла да спаборніцтваў пад сваёй эгідай 30 спартоўцаў з Беларусі. Усе яны могуць спаборнічаць у нейтральным статусе. У мастацкай гімнастыцы бан зняты з Аліны Гарнасько, Анастасіі Салас і Лізаветы Зоркінай. Адзначым, што Гарнасько і Салас зʼяўляюцца падпісанткамі за рэжым Лукашэнкі.
Так найлепшыя беларускія гімнасткі атрымалі допуск да міжнародных стартаў. Да таго амаль два гады яны выступалі на спаборніцтвах у Расіі і Кітаі, а таксама на міжнародных прыватных стартах, якія Гарнасько называла «сентыментальнымі». Аднак белгімнастыка па-ранейшаму знаходзіцца пад забаронай еўрапейскай федэрацыі. Праз гэта беларускі могуць развітацца з апошнім шанцам адабрацца на Алімпіяду-2024. Два (на ЧС-2022 і 2023 былі размеркаваныя тры і 14 ліцэнзій адпаведна) былі прапушчаныя праз адхіленне. У 2024-м у Еўропе разыграюць толькі адну ліцэнзію на кантынентальным першынстве, які адбудзецца ў другой палове траўня ў Будапэшце.
Першапачаткова планавалася, што на гэтую квоту будуць прэтэндаваць і расіянкі, бан з якіх таксама знялі ў FIG. Аднак іх да сваіх стартаў таксама не дапусціла еўрапейская федэрацыя, пад эгідай якой праводзіцца ЧЕ. Падобна, галоўны трэнер расійскай зборнай Ірына Вінер наогул не бачыць сэнсу ўдзельнічаць у Алімпіядзе, нават калі хтосьці з яе падапечных нейкім чынам і забярэ адзіную еўраліцэнзію.
«Навошта яно патрэбна? Без сцяга, без гімна, без камунікацыі, без заўзятараў, у спецыяльнай форме, пад спецыяльную музыку, якую адбіралі б для мастацкай гімнастыкі. Гэта будзе ганьба, калі мы туды паедзем», – лічыць Вінер.
Калі еўрапейскі бан з Беларусі і Расіі не знімуць да траўня, то краіны праляцяць міма Парыжу. Пры гэтым падапечныя Ірыны Ляпарскай ужо вярнуліся на міжнародную арэну.
У мінулыя выходныя яны выступілі на іспанскай III Winter Queen Cup 2023. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі гімнасткі Гарнасько і Салас (Зоркіна і Аліна Рэчкіна знялася са спаборніцтваў), юніёрка Ніколь Леута, трэнер Марына Лобач і суддзя Ларыса Лукʼяненка. Усяго на турнір прыехалі амаль 600 спартовак з Беларусі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Іспаніі, Літвы, ААЭ і Францыі.
У выніку менавіта беларускім гімнасткам не было роўных. Гарнасько стала абсалютнай чэмпіёнкай турніру, прычым выйграла ўсе пяць відаў – мнагаборʼе, абруч, мяч, булавы і стужку. Пяць срэных медалёў у Салас. Леуце не было роўных ва ўсіх відах у юніёрак.
Беларускае дамінаванне ў Іспаніі тлумачыцца першай катэгорыяй турніру (трэці па міжнародным рангу) – туды не прыехалі сусветныя лідары. У суперніцах у беларускіх сеніёрак былі толькі восем дзяўчат з Іспаніі, Літвы і Францыі. Усяго толькі адна гімнастка аказалася старэйшай за беларусак (Гарнасько 22 гады, Салас – 21) – 24-гадовая іспанка Паўла Арчыньега. Астатнім удзельніцам было па 15-16 гадоў.
Навязаць барацьбу больш вопытным беларускам паспрабавала 15-гадовая Стэфані Драсіціс. У практыкаванні са стужкай учорашняя юніёрка прайграла Салас усяго 0.650 бала, а з мячом – 1.500. Для францужанкі, якая ўзяла ў Іспаніі чатыры бронзы, гэта было першае ў карʼеры суперніцтва з гімнасткамі такога ўзроўню.
А як гэта на сусветным узроўні
Праз адсутнасць належнай канкурэнцыі адзінай магчымасцю ацаніць выступленне беларусак зʼяўляюцца набраныя ў шматборʼі балы. Іспанскіх 139.484 Гарнасько хапіла б для перамогі на двух апошніх ЧС, дзе Беларусь і Расія не ўдзельнічалі. 123.783 балы Салас дазволілі б у 2022-м стаць на ЧС сёмай, а ў 2023-м – толькі 17-й. Для нагляднасці, балаў Драсіціс хапіла б на 35-ы вынік у кваліфікацыі ЧС-2023.
Калі ў Іспаніі суддзі былі блізкія да абʼектыўнасці, а Гарнасько мела б ліцэнзію, то яе можна было б лічыць яўнай прэтэндэнткай на алімпійскі медаль-2024 і, магчыма, галоўнай фаварыткай турніру ў Парыжы.
А хто топ у гімнастыцы без Беларусі і Расіі
Пасля адхілення Беларусі і Расіі лідарства ў мастацкай гімнастыцы захапілі спартсменкі з Італіі, Балгарыі і Германіі. На думку экспертаў, галоўнай прэтэндэнткай на золата ў Парыжы-2024 будзе ўзыходзячая італьянская зорка Сафія Рафаэлі. 18-гадовая грацыя займае першае месца ў сусветным рэйтынгу і ўзяла чатыры залатыя медалі на ЧС-2022. У мінулым сезоне Рафаэлі выйграла тры з сямі этапаў Кубка свету.
Навязаць барацьбу італьянцы мусіць 17-гадовая Дарʼя Варфаламеева. Гімнастка няхай ідзе на чацвёртым месцы ў сусветным рэйтынгу, аднак на ЧС-2023 узяла адразу пяць залатых медалёў. У 2018-м ураджэнка Барнаулу пераехала ў нямецкі Фельбах, дзе яе трэнерам стала беларуска Юлія Раскіна – срэбная прызёрка Алімпіяды-2000.
З разлікам на медаль у Парыж паляціць 18-гадовая балгарка Стыляна Нікалава. Дзяўчына стабільна брала ўзнагароды на двух апошніх ЧС і ЧЕ, а таксама ідзе на другім месцы ў сусветнай класіфікацыі.
Менавіта названыя спартсменкі ў 2023-м змагаліся паміж сабой за першыя месцы на этапах КС – у суме заваявалі 12 медалёў з агульных 18.
«Вельмі хочацца ўжо сустрэцца з імі на дыване і даведацца, чаго кожны з нас варты. Пакуль можам толькі па відэа адзін аднаго параўноўваць», – сказала Гарнасько, калі без яе ўдзелу праходзіў ЧС-2023.
Магчыма, і Алімпіяда пройдзе без яе.
