Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Увесь чэмпіянат некалькі гадоў займаўся ідыятызмам дзеля бессэнсоўнага эксперыменту Шаўцова. Толькі з-за аднаго гэтага стваральніку «інстытута зборных» трэба было сыйсці ў адстаўку»

9 сакавіка 2023, 13:27

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін распавёў пра сваё бачанне праблемаў беларускага гандболу, іх прычыны, а таксама пра магчымасць вяртання беларускага гандболу на сусветны ўзровень.

«Учора адбыліся чарговыя кваліфікацыйныя матчы да ЧЕ-2024 па гандболе. Натуральна, што зборная Беларусі яго прапускае. То бок, як я і прагназаваў раней, бліжэйшы час вяртання беларускага гандбола на міжнародную арэну – 2025 год. Гэта пры ўмове, што атрымаецца прайсці кваліфікацыю да ЧС-2025, што зусім не факт з улікам відавочнай дэградацыі.

Сёння назіраю за такімі гандбольнымі зборнымі як Нідэрланды, Партугалія, Егіпет, якія паказваюць уражлівы прагрэс. Асабліва зборная Нідэрландаў, якая выдала вельмі яскравую гульну на апошнім Чэмпіянаце свету, а ўчора вельмі ўпэўнена перамагла тытулаваных харватаў. У прамым сэнсе на класе. Ці чулі вы яшчэ гадоў сем-восем таму нешта пра галандскі гандбол? Я не.

У беларускага гандбола, як раз 7-8 гадоў таму, быў выдатны шанец зрабіць моцны рывок наперад. Яшчэ трымаў моц сімвалічны капітал ад перамог канца 80-х – пачатку 90-х, у зборнай выступалі гульцы сярэдняга еўрапейскага ўзроўню, была перспектыўная моладзь. Гэта былі фактары, якія маглі б даць штуршок гандболу пры ўмове рашучых рэформаў самой сістэмы. Але замест развіцця рэгіянальных клубаў, аматарскіх і студэнцкіх ліг беларускі гандбол атрымаў манаполію адной дзяржаўнай сістэмы і правіла «ляўшы 190». Дарэчы, дзе гэтыя ляўшы? Увесь нацыянальны чэмпіянат некалькі гадоў займаўся ідыятызмам дзеля відавочна бессэнсоўнага эксперыменту Юрыя Шаўцова. Толькі з-за аднаго гэтага факту стваральніку «інстытута зборных» трэба было сыйсці ў адстаўку. Я ўжо не кажу пра тузін страчаных маладых талентаў, такіх як Чыжык, Кінль і інш, якія маглі б гуляць у моцных еўрапейскіх чэмпіянатах. З-за шэрагу памылак федэрацыі і трэнерскага штабу моладзевая зборная так і не змагла вылезці з дывізіёну «Б» міжнародных топ-турніраў. І наўрад ці хутка выйдзе з гэтага «падвалу».

Сістэма Канаплёў-Шаўцоў была эфектыўна на пэўны перыяд. Яе росквіт супаў па часе з пікам развіцця беларускай эканомікі (2011-2015 гг.). Яе ўласцівасцямі былі цэнтралізацыя, моцны кансерватызм, прынцып «паханату», прызначэнне на пасады лаяльных, прыняцце рашэнняў да фактычнага галасавання. Дарэчы, першы, хто паўстаў супраць гэтых прынцыпаў, быў Сяргей Рутэнка. Было і шмат іншых званочкаў, якія сігналізавалі, што трэба тэрмінова нешта мяняць.

Гэтая сістэма павінна была знікнуць яшчэ ў 2020-м годзе, але затармазілася ў часе, што няспынна вядзе беларускі гандбол да ўпартай канкурэнцыі са зборнымі Косава і Кіпра ў кваліфікацыі-2026. Паўнавартаснае вяртанне Беларусі ў еўрапейскі і сусветны гандбол можа быць забяспечана толькі праз грамадска-палітычныя змены ў краіне, змену палітычных эліт, поўную адстаўку «нязменных кадраў» і рэформу федэрацыі», – напісаў Апейкін.