Усе навіны

Зборная Беларусі можа быць дапушчана да адбору на ЧЕ-2026

2 жніўня, 14:02

Зборная Беларусі па гандболе можа быць дапушчана да адбору на Чэмпіянат Еўропы 2026.

Выканаўчы камітэт Еўрапейскай федэрацыі гандбола пакінуў адно свабоднае месца ў прадкваліфікацыі Еўра-2026. Яно можа дастацца камусьці з тых, хто адхілены ад удзелу ў адборах, – Беларусі ці Расіі.

«У прадкваліфікацыях на чэмпіянат Еўропы 2026 года ёсць сістэма, якая дазваляе ўключыць Расію ці Беларусь, калі для гэтага будуць умовы (дэдлайн – снежань 2023 года). Калі дазволіць сітуацыя, Расія і Беларусь згуляюць адна супраць адной (у двухматчавым супрацьстаянні) і атрымаюць апошняе 32-е месца ў кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы 2026 года. У параўнанні з іншымі відамі спорту, гандбол мае больш працяглы кваліфікацыйны цыкл, і важна не «зачыніць дзверы» раней часу», – гаворыцца ў справаздачы Выканкама ЕГФ.

Нагадаем, што ЕГФ адхіліла прадстаўнікоў Беларусі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.