Tribuna/Гандбол/Блогі/Беларусы згулялі ў пякельным матчы польскага гандбола: Каралёк злавіў чырвоную, ягонай камандзе абарвалі неймаверную серыю

Беларусы згулялі ў пякельным матчы польскага гандбола: Каралёк злавіў чырвоную, ягонай камандзе абарвалі неймаверную серыю

Атмасфера – агонь, і промах, які немагчыма патлумачыць.

22 снежня, 07:34
Беларусы згулялі ў пякельным матчы польскага гандбола: Каралёк злавіў чырвоную, ягонай камандзе абарвалі неймаверную серыю

20 снежня ў чэмпіянаце Польшчы па гандболе адбыўся апошні матч у 2023 годзе, а сышліся ў ім лідары з беларускімі гульцамі ў складах. «Кельцэ» Арцёма Каралька, якія ідуць на другім месцы, прымалі «Віслу» Кірыла Самойлы.

Матч з турнірнага пункта гледжання не меў вырашальнага значэння. Перад пачаткам цяперашняга сезона Польская федэрацыя гандбола прыняла рашэнне вярнуцца да сістэмы розыгрышу з плей-оф. Аднак гульні паміж «Кельцэ» і «Віслай» нездарма называюць «Святой вайной». Пачынаючы з 2007 года ва ўнутраных турнірах перамагалі толькі гэтыя каманды.

А ўвогуле гісторыя супрацьстаяння клубаў бярэ пачатак ад 1975 года і перад стартавым свістком апошняга на сёння матча налічвала 174 сустрэчы ва ўсіх турнірах, у якіх 103 перамогі атрымалі кельчане, 64 – плаччане, і яшчэ сем разоў фіксавалася нічыя.

Супрацьстаянне падаграваў яшчэ адзін цікавы факт: да матчу з «Віслай» каманда Каралька падыходзіла з амаль што бясконцай пераможнай серыяй у 189 (!) хатніх матчаў чэмпіянату Польшчы (дзве перамогі былі здабытыя ў дадатковы час і дзве пасля серыі пенальці). Апошнюю паразу «Кельцэ» на сваёй пляцоўцы зведаў ажно ў 2011 годзе. І крыўдніком тады выступіла якраз «Вісла», якая перамагла ў другім матчы фіналу плэй-оф. Праз некалькі дзён каманда з Плоцка ўзяла яшчэ дзве хатнія для сябе сустрэчы і дабралася да тытула. З таго часу залатыя медалі чэмпіянату Польшчы выйгравала толькі каманда з Кельцэ.

Шыльда ізноў апраўдала чаканні. Матч абярнуўся драмай для гаспадароў і скончыўся перамогай «Віслы» ў адзін мяч – 29:28. Практычна ўвесь матч «Кельцэ» саступаў. У сярэдзіне другога тайма перавага гасцей сягала да шасці мячоў. Аднак каманда Каралька здзейсніла камбэк - за 30 секунд да канца другога тайма лік стаў роўным. Але да 190-й перамогі справу давесці не ўдалося. «Кельцэ» прапусцілі за некалькі секунд да фінальнай сірэны. Серыя абарвалася, усё трэба пачынаць наноў.

Апроч драматычнай канцоўкі матч запомніўся празмернай грубасцю. Каманды зарабілі 17 двуххвілінных выдаленняў (9 «Кельцэ», 8 «Вісла») і 4 чырвоныя карткі - па дзве на кожны калектыў. Датэрмінова быў выправаджаны з пляцоўкі і Каралёк.

А яшчэ гэтая сустрэча запомніцца вар'яцкім промахам правага крайняга «Кельцэ» Аркадыўша Марыта. У Польшчы дагэтуль гадаюць, як такое магчыма.

Што да дзеянняў беларусаў у матчы, то Каралёк вызначыўся толькі адным трапным кідком, зрабіўшы лік 3:3. У першым тайме ён злавіў два двуххвілінных выдаленні запар. І калі першае для каманды прайшло бязбольна («Кельцэ» нават пакінуў гэты мікраадрэзак за сабой 1:0), то другое суправаджалася пенальці, які супернік рэалізаваў, а таксама яшчэ адным трапным кідком «Віслы», пасля якога лік стаў 13:10 на яе карысць. У самым пачатку другога тайма Каральку зноў далі дзве хвіліны ды яшчэ чырвоную картку зверху - так матч для яго і скончыўся. Самойла выніковых балаў свайму калектыву не прынёс, правёўшы на пляцоўцы вялікую колькасць часу ў якасці другога абаронцы.

Ну і напрыканцы некалькі фота, якія дапамогуць адчуць неверагодную атмасферу на трыбунах «Халі Легіёнаў». Там быў аншлаг - то бок удалося распрадаць усе 4200 квіткоў:

Падтрымаць гасцей прыехала каля 250 заўзятараў «Віслы», якіх «з меркаванняў бяспекі» агарадзілі спецыяльна сеткай:

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты