Tribuna/Гандбол/Блогі/СКА сенсацыйна саступіў «Кронану» ў ЧБ: магчыма, на перамогу матывавала прысутнасць іх найлепшага выхаванца

СКА сенсацыйна саступіў «Кронану» ў ЧБ: магчыма, на перамогу матывавала прысутнасць іх найлепшага выхаванца

Каралёк нават з трыбун дапамог.

14 студзеня, 13:29
СКА сенсацыйна саступіў «Кронану» ў ЧБ: магчыма, на перамогу матывавала прысутнасць іх найлепшага выхаванца

Паразы двух тытанаў беларускага гандбола – СКА і «Мяшкова» ва ўнутраных турнірах і не ў рамках супрацьстаяння адзін з адным – гэта заўсёды нечаканасць. Адна з такіх здарылася 13 студзеня ў матчы чэмпіяната Беларусі. У ролі крыўдзіцеляў «армейцаў» на гэты раз выступілі гандбалісты «Кронана», якія атрымалі ўпэўненую перамогу на сваёй пляцоўцы з розніцай у пяць мячоў – 34:29. Апошні раз СКА прайграваў у ЧБ не «Мяшкову» ў 2021-м, тады саступілі «Гомелю» – 26:29.

З цікавага ў суботнім матчы варта адзначыць 11 мячоў ветэрана Максіма Нясвадзьбы. Сёлета леваму паўсярэдняму «Кронана» споўніцца 40 гадоў. За СКА чатыры мячы закінуў 18-гадовы Кірыл Рабчынскі, які дэбютаваў у складзе першай каманды.

Дзякуючы вікторыі над фаварытам «Кронан» здолеў падняцца на трэці радок у групе «пераможцаў». Зрэшты, вышэй гарадзенцам наўрад ці ўдасца забрацца, адлегласць да другога месца складае семь ачкоў.

Магчыма, атрымаць сенсацыйную перамогу гродзенскай камандзе дапамагла прысутнасць на трыбунах Арцёма Каралька.

Адзін з найлепшых беларускіх гандбалістаў пачынаў кар'еру якраз у Гродне, а ў складзе «Кронана» дэбютаваў у дарослым гандболе. Дарэчы, СКА для яго таксама не чужая каманда. Да ад'езду ў Еўропу Каралёк правёў у складзе «армейцаў» два сезоны, за якія паспеў двойчы стаць віцэ-чэмпіёнам Беларусі і выйграць Балтыйскую лігу.

У элітным клубным еўрапейскім гандболе зараз перапынак, звязаны з чэмпіянатам Еўропы, на які Беларусь не паехала з-за міжнароднага бана, які стаў наступствам саўдзелу ў вайне супраць Украіны. Каралёк скарыстаўся паўзай, каб разабрацца з праблемамі са здароўем. Ён сам расказаў, што праблемы не звязаны з траўмай, але дастаўлялі дыскамфорт, таму прыняў рашэнне зрабіць аперацыю. У «Кельцэ» яго жаданне падтрымалі, а сам гулец плануе вярнуцца на пляцоўку да 14 лютага, калі яго клуб будзе гуляць з «Кілем» у Лізе чэмпіёнаў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты