Усе навіны

Яўген Летаў: «Тое, што скончылі з аднолькавай колькасцю ачкоў з лідарам чэмпіянату і саступілі толькі ў асабістых сустрэчах, гэта дарагога каштуе»

26 лютага 2023, 08:53

Галоўны трэнер «Нёмана» Яўген Летаў пракаментаваў перамогу над «Дынама-Маладзечна» (3:2 Б), а таксама падвёў вынік рэгулярнага чэмпіянату Экстралігі.

– Пачалі неяк нясмела, прапускалі занадта шмат контратак, другі перыяд забралі, але не забівалі, хоць момантаў было дастаткова. Ну а трэці... Нават складана што-небудзь сказаць па трэцяму перыяду. Выдалення не далі нам правесці яго правільна, завяршыць матч перамогай у асноўны час. Малайцы, што перамаглі па булітах. Заўзятараў і каманду з перамогай!

– Доўгія паўзы збіваюць рытм гульні?

– Натуральна. Не толькі паўзы. У другім перыядзе шмат выдаляўся супернік, і нашы брыгады большасці атрымлівалі вельмі шмат гульнявога часу, за кошт гэтага іншыя перасіжвалі. У трэцім перыядзе атрымалася наадварот: лідарам прыйшлося доўга чакаць свайго выхаду на лёд, а брыгадам меншасці працаваць, яны малайцы, справіліся са сваёй задачай.

– У трэцім перыядзе здарыўся непрыемны момант са Славай Іпатавым. З ім усё ў парадку?

– Слава наогул усіх перапалохаў. Але з ім усё ў парадку, і гэта галоўнае.

– Скончаны рэгулярны чэмпіянат. Якую адзнаку паставіце камандзе?

– Паставіць «выдатна» не павернецца язык, таму што былі нядобрыя адрэзкі, якія і паўплывалі на наша выніковае становішча. Але тое, што скончылі з аднолькавай колькасцю ачкоў з лідарам чэмпіянату і саступілі толькі ў асабістых сустрэчах, гэта дарагога каштуе. Таму адзнака «добра», – сказаў Летаў.