Усе навіны

Летаў пра 1:3 ад «Юнацтва»: «Абарона пераважае над атакай. Момантаў процьма! Трэба забіваць, калі ёсць стопрацэнтныя моманты»

30 сакавіка 2023, 14:12

Галоўны трэнер «Нёмана» Яўген Летаў пракаментаваў другое паражэнне ад «Юнацтва» ў паўфінальнай серыі з лікам 1:3.

– На жаль, абарона пераважае над атакай. Трэба забіваць, калі ёсць стопрацэнтныя моманты. Ды і ў пустыя вароты трэба пападаць. Акрамя хакеістаў ніхто з нас не выйдзе і не зробіць гэта.

– У чымсьці ёсць адрозненні або падабенствы ў двух матчах паўфінальнай стадыі?

– Падабенства ў адсутнасці рэалізацыі. Момантаў процьма! Паўтаруся, што абарона пераважае над атакай і гэта праблема.

– Шмат гледачоў ... хатні лёд, але пакуль не атрымліваецца выйграць. Што гэта? Ціск?

– Складана адказаць на гэтае пытанне. Звычайна пры поўных трыбунах каманда раскрываецца і разнявольваецца. Такая атмасфера – гэта дадатковы імпульс, адрэналін. Не думаю, што справа ў псіхалагічным ціску. Прычыну я назваў. Адсутнасць належнай рэалізацыі – гэта дакладна не звязана з поўнымі трыбунамі.

– Сёння Рогач не ў складзе, а Рамановіч, які дапусціў фатальную памылку ў мінулым матчы, наадварот – гуляе. У чым прычына такога рашэння?

– Не варта шукаць прычын або чакаць ад мяне апраўданняў. Гэтае маё рашэнне і ўсё.

– Першую гульню пасля траўмы згуляў Арцём Кіслы, наколькі задаволеныя яго гульнёй?

– Не раз казаў, што хакей – камандная гульня, а я не вылучаю персаналіі гульцоў. Арцём аднавіўся пасля траўмы – малайчына. Больш дадаць няма чаго.

– У пачатку трэцяга перыяду супернік забівае вам гол, які, па сутнасці, і вырашыў зыход матчу. Як пракаментуеце дзеянні падапечных?

– Малады гулец выйграў адзінаборства ў больш дасведчанага, значыць, супернік быў больш «галодны».

– Серыя пераязджае ў Мінск пры ліку 0:2, што будзе там? Ці не адмовіцца «Нёман» ад таго хакея, які навязвае суперніку?

– Не. Мы будзем атакаваць.

– Наколькі будзе складана перавярнуць серыю пасля 0:2 дома?

– Складана, але цалкам рэальна, – сказаў Летаў.