Усе навіны

Баскаў пра выступ пад нейтральным сцягам: «Сёння такі час, які нам трэба проста перажыць»

2 траўня 2023, 15:18

Непрызнаны МАК член НАК Беларусі, экс-кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі, які пакінуў пасаду ў 2021-м з-за пяцігадовага бана ІІХФ за палітычны ціск на падначаленых, які ў 2020-м знаходзіўся на Плошчы Перамен у момант нанясення смяротных пабояў мясцоваму жыхару Раману Бондарэнку Дзмітрый Баскаў выказаўся пра выступ на спаборніцтвах пад нейтральным сцягам.

– Як гэта – выступаць на міжнароднай арэне пад нейтральным сцягам?

– Я не ведаю як гэта выступаць, бо мне ў жыцці пашанцавала, у мяне не было такіх момантаў, калі я выступаў пад нейтральным сцягам.

Мы заўсёды апраналі з гонарам спартыўныя гарнітуры, экіпіроўкі, курткі менавіта сваёй краіны. Мы заўсёды прыязджалі са сваім сцягам і ганарыліся, калі наш сцяг уздымаўся, і мы чулі свой гімн.

Але сёння такі час, які нам трэба проста перажыць.

Ды і калі так здарыцца, што нейкі наш беларускі спартсмен выступіць пад нейтральным сцягам, але пры гэтым будзе ў душы спяваць наш беларускі гімн і прыедзе сюды ў нашу краіну, вернецца, выйдзе з самалёта, разгорне наш беларускі сцяг. Ну то мы, прынамсі, усё будзем разумець, за якую краіну ён выступаў, і і для каго ён імкнуўся, – сказаў Баскаў.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.