Усе навіны

Ілля Шынкевіч: «Ужо чатыры гады ў «Дынама» дапамагаю моладзі»

19 ліпеня, 17:51

Абаронца мінскага «Дынама» Ілля Шынкевіч пракаментаваў падаўжэнне кантракту з «зубрамі».

– Рады, што застаюся ў родным горадзе і правяду ўжо дзясяты сезон у складзе «Дынама». Значная і прыгожая лічба. Пакуль нават гэта не ўсведамляю. Проста хачу гуляць у хакей на высокім узроўні. Буду рабіць усё, каб дапамагаць камандзе перамагаць, радаваць балельшчыкаў.

– З кожным годам усё больш адказнасці ў плане шэфства над маладымі хакеістамі?

– Так, ужо даўно на маіх плячах ёсць такі абавязак. Часцяком пасля 30 гадоў хакеістаў лічаць ветэранамі. Можна сказаць, што ўжо чатыры гады дапамагаю моладзі. Дзялюся парадамі, калі нешта спытаюць. Ці ў працэсе гульні падказваю, калі ўзнікае нейкая сітуацыя. У «Дынама» зараз шмат таленавітых хлопцаў, таму цікава сачыць за іх прагрэсам.

– Ужо некалькі сезонаў запар у цябе стабільна станоўчыя паказчыкі па «плюс-мінус».

– Многае прыходзіць з вопытам: менш рызыкоўных, авантурных рашэнняў, больш простых і надзейных дзеянняў. Я не атакавалы абаронца, таму больш канцэнтруюся на гульні ў абароне, гэта прыносіць вынік.

– Як правёў лета?

– У стандартным рэжыме. Некалькі тыдняў адпачываў ад хакея, але займаўся спортам: веласіпед, плаванне, тэніс, валейбол, трэнажорная зала. З'ездзіў з сямʼёй на мора адпачыць. Далей пачалася сурʼёзная падрыхтоўка. З іншымі хлопцамі здымалі лёд, каталіся. Пасля яшчэ каля дзесяці дзён правёў у кэмпе развіцця нацыянальнай зборнай. Гэта добрая магчымасць падтрымліваць форму. Плюс там жа пазнаёміўся з Дзмітрыем Квартальным. Дзмітрый Вячаслававіч – моцны спецыяліст, будзе цікава з ім папрацаваць на клубным узроўні, – распавёў Шынкевіч.