Усе навіны

Аляксандр Мацерухін: «Мы да любога саперника рыхтуемся старанна. Усе каманды моцныя»

4 кастрычніка, 00:01

Галоўны трэнер «Магілёва» Аляксандр Мацерухін падзяліўся думкамі пасля паразы ад «Юнацтва» (3:1) у матчы Экстралігі:

– Да «Юнацтва» рыхтаваліся так, як да ўсіх каманд, супраць якіх гуляем. Паглядзелі, прааналізавалі. Мы да любога суперніка рыхтуемся старанна. Для нас усе каманды – гэта моцныя каманды, таму нічога такога звышнатуральнага не было.

Калі па гульні, у першым перыядзе быццам і нядрэнна пачалі, але не так, як хацелася б. У «Юнацтва» было больш перавагі, кідкоў. У другім перыядзе прачнуліся, сталі дзейнічаць крыху лепш, больш агрэсіўна гуляць наперадзе. У апошняй дваццаціхвілінцы нядрэнна гулялі, але выдаленні нас падкасілі. Маючы столькі большасці з нашага боку, адзін гол павінны забіваць. Падвяла наша рэалізацыя колькаснай перавагі. Закінь мы адну шайбу ў большасці, была б зусім іншая гульня.

А так хлопцы – малайцы, месцамі гулялі нядрэнна, дзесьці нас добра зачынялі, трымалі ў зоне, часам і ў нас былі моманты. Нажаль, кульгае рэалізацыя. Шайбы даюцца цяжка, хоць моманты былі і нядрэнныя.

– Калі чакаць дэбюту Дзмітрыя Шатайлы?

– Усё па спартыўным прынцыпе. Пакуль Расціслаў Зінавенка нас цягне, не бачу сэнсу яго мяняць. Калі будзе маленькі збой, і я адчую, што патрэбна замена, Дзмірый атрымае свой шанец, – распавёў Мацерухін.