Усе навіны

Дзмітрый Краўчанка: «Атака – тыя, хто павышаюць продаж квіткоў. Абарона – тыя, хто перамагаюць у матчах»

17 кастрычніка, 11:08

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка падзяліўся эмоцыямі пасля матчу з «Хімікам» (3:2) у Экстралізе.

– Тым і цікавы хакей, што ў ім усё можа хутка мяняцца. Як кажуць, ад кахання да нянавісці – адзін крок. У хакеі прыкладна такая ж штука: усё можа перавярнуцца ў адзін момант. Усё побач. Наколькі доўга ты кантралюеш свае эмоцыі, настолькі доўга ты трымаеш гульню – усё ўплывае на вынік.

Мы добра кантралявалі ход матча, нічога не прадвяшчала ніякіх пытанняў. І тут: атэнсьён – раз, атэнсьён – два і потым атэнсьён у квадраце. Эмоцыі перахліствалі, галава закружылася, пайшлі выдаленні. Адны перайгралі, іншыя перасядзелі. Сапернік перахапіў ініцыятыву, адчуў гульню, пабег з падвойным намаганнем.

Не трэба самому сабе рабіць атэнсьён. Калі гуляеш добра, прыцягвай увагу заўзятараў і радуй забітымі галамі. Не трэба прыцягваць увагу прапушчанымі галамі і тым, што можа прывесці да прапушчаных галоў. Я ўвесь час кажу рабятам, што напад – гэта тыя, хто павышае продажы квіткоў. А абарона – тыя, хто перамагае ў гэтых матчах. Сёння мы ў чарговы раз павысілі продажы квіткоў і ледзь было не выпусцілі свае цяжка заробленыя ачкі.

Галоўнае тое, што давялі да перамогі. Заўзятарам дзякуй, што прыходзяць, падтрымліваюць, ствараюць атмасферу, нягледзячы ні на што. Рыхтуемся да наступнай гульні.

– У вас ёсць лагічнае тлумачэнне, што адбываецца з сеткамі варот у чэмпіянаце? Ужо не першы раз ірвецца.

– Нейкія дзіравыя сталі. Трэба не прапускаць проста :)

– Міцкевіч і Галашчапаў пакінулі «Металург».

– Перагаварылі з хлопцамі, пажадалі адзін аднаму здароўя, паціснулі рукі і разышліся. Такія моманты здараюцца ў жыцці. Абодва хлопца прафесіяналы. Будзем чакаць новых сустрэч.

– У абойме засталося шэсць абаронцаў плюс працягвае аднаўляцца пасля траўмы Ягор Старкоў. Узмацненне абароны – бліжэйшая задача ў плане селекцыі?

– Чакаем ўзмацненне да канца кастрычніка. Ва ўсякім разе, спадзяюся на гэта, – распавёў Краўчанка.