Усе навіны

Яраслаў Чупрыс: «Весціся на правакацыі не трэба. «Дынама-Маладзечна» спрабавала перавярнуць гульню за кошт такіх момантаў»

27 кастрычніка, 23:41

Галоўны трэнер «Шахцёра» Яраслаў Чупрыс падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Дынама-Маладзечна» (7:3).

– Добрая гульня, добрая перамога. Вышмаравалі канцоўку двума прапушчанымі галамі – ідэалу не бывае. 50 хвілін мы гулялі ў выдатны хакей, хуткі, сілавы, з багаццем правільнай гульні ў зоне нападу. Уражанні ад матчу ў большай ступені станоўчыя.

Віншую з перамогай балельшчыкаў. Дзякуй, што прыехалі і падтрымалі каманду. Іх было чуваць на трыбунах.

– Характар гульні ў трэцім перыядзе змяніўся. Бойкі, дзве шайбы прапусцілі.

– Я хлопцам сказаў, што весціся на правакацыі не трэба. Супернік спрабаваў перавярнуць ход гульні за кошт такіх момантаў... Мужыкі малайцы: заступіліся за Масалёва, Сазановіч – прыгажун, і той жа Іваноў. За сябе пастаялі. Я ніколі не супраць. Гэта не выглядала танна, гэта было нармальна. Супернік прапанаваў – мы прынялі ўдар.

– Тры галы – ці не зашмат прапусцілі сёння?

– Мы павінны былі самавіта, спакойна давесці гульню да канцоўкі. Магчыма, паплаціліся за лішнюю самаўпэўненасць. Разбяром гэты момант. Знойдзем рашэнне. Я заўсёды ў пошуку. Ідэалу няма, але мы да яго імкнемся.

– Ці ўсімі кампанентамі гульні вашых падапечных задаволены сёння?

– Я ніколі не задаволены ўсімі кампанентамі. Не бывае такіх матчаў. Мы з трэнерскім штабам увесь час у пошуку лепшай гульні.

– Нядаўна ўвесь склад «Шахцёра» быў унесены ў заяўку «Ястрабаў». Што гэта было?

– Матывацыя не патрапіць на гульню за пінскую каманду. Нікому месца ў «Шахцёры не забраніравана. Спадзяюся, усе пачулі мяне.

– «Віцебск гуляе серыю з Нёманам. Будзеце чакаць асечкі ад суседа па турнірнай табліцы?

– Не, мы не глядзім на асечкі супернікаў. Кожны свой матч гуляем як апошні. Нам важная наша гульня і яе якасць, а не вынікі супернікаў.

– Як хутка вернецца ў строй Мікіта Усціненка?

– Не магу сказаць. Пакуль няма дакладных прагнозаў, – сказаў Чупрыс.