Усе навіны

Краўчанка: «Гульцы – звычайныя людзі, хочуць адпачыць, вырашыць справы»

29 кастрычніка, 20:50

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Брэстам» (5:1).

– Больш роўна згулялі ўсе тры перыяды ўсімі звёнамі, камандай – адсюль і вынік. Месцамі выпадалі ў другім, але ня так, як было ў папярэдніх матчах. Роўна гулялі, не змяншалі, таму перамога заканамерная. Заўзятарам падзяку! Рады, што падарылі людзям добрыя эмоцыі, было прыемна бачыць іх у настроі.

– Знервавала прапушчаная шайба?

– Ды не. Калі выйгралі, то чаго хвалявацца? Супернік з мясам завёз, суддзі прынялі сваё рашэнне, мы зрабілі запыт на перашкоду варатару, але нам патлумачылі, што гол быў. Бывае, што ты бачыш адно, а на справе іншае. Нічога страшнага – выстаялі ў меншасці, яшчэ і гол забілі. Усё нармальна.

– Упершыню за доўгі час «Металурга» па ТБ паказвалі і адразу галы, добрая гульня. Можа, часцей трэба?

– Шчыра, нават не звярнуў увагу, што матч па тэлебачанні. Мы зараз не ў той сітуацыі, каб фантазіраваць і загадваць наперад. Едзем ад гульні да гульні, хочацца больш перамог, але іх трэба заслужыць, дзеля іх папрацаваць.

– Наперадзе яшчэ два матчы, потым паўза. Як ацаніце такі шчыльны графік?

– Каляндар не выбіраюць, ён які ёсць, мы згаджаемся з умовамі. Хто іх лепш вытрымаў, той знаходзіцца ў верхняй частцы табліцы, усё астатняе другараднае.

– Патрэбна паўза «Металургу»?

– Думаю, яна ўсім камандам патрэбна. Усё-ткі гульцы – звычайныя людзі, хочуць адпачыць, вырашаць назапашаныя справы, аднавіцца. Але мы аб паўзе цяпер не думаем, нашы думкі аб наступным суперніку і бліжэйшым выездзе, – сказаў Краўчанка.