Усе навіны

Юрый Файкоў: «Мінскаму «Дынама» ў плэй-оф КХЛ лепш згуляць з «Лакаматывам»

14 лютага, 15:36

Беларускі спецыяліст Юрый Файкоў падзяліўся меркаваннем аб выхадзе мінскага «Дынама» ў плэй-оф КХЛ.

– Думаю, нічога новага не скажу: хлопцы і самі кажуць, што праводзяць сезон няроўна. Добрыя серыі матчаў чаргуюцца з не вельмі добрымі.

Але, нягледзячы на тое, што каманда толькі на 8 месцы ў канферэнцыі, бачу, што ў яе ёсць патэнцыял. Напрыклад, Андрэй Стась праводзіць свой найлепшы сезон. Мэнэджмент адпрацаваў нядрэнна. Думаю, на выніках адбіваецца вялікая колькасць траўміраваных. Гэта не дазваляе трэнерскаму штабу раскрыць патэнцыял. Калі будзе поўны камплект, лічу, каманда стане больш баяздольнай.

– Усё ідзе да таго, што «Дынама» зноў выйдзе ў плэй-оф з 8-га месца і трапіць на кагосьці з грандаў…

– Хутчэй за ўсё, на СКА Рамана Ратэнберга. Самі разумееце, якія будуць наступствы.

– З кім «зубрам» было б лепш сустрэцца?

– Можа быць, з «Лакаматывам». У яраслаўцаў маладая каманда. І калі ўсе вопытныя гульцы «Дынама» будуць у страі, то, магчыма, шанц ёсць. Маскоўскае «Дынама» магутна гуляе, асабліва ў большасці. Выйграць у яго чатыры матчы будзе вельмі складана. Як і ў СКА. Таму, думаю, найлепшы варыянт – «Лакаматыў». Мне здаецца, яго можна ўчапіць, – сказаў Файкоў.