Tribuna/Хакей/Блогі/У хакейны ЧБ вярнуўся брамнiк-танцор: не зайграў у «Дынама», падпісаўся за рэжым, хоць расiянiн

У хакейны ЧБ вярнуўся брамнiк-танцор: не зайграў у «Дынама», падпісаўся за рэжым, хоць расiянiн

Пасля таго выклiкалi ў зборную.

3 студзеня, 15:45
У хакейны ЧБ вярнуўся брамнiк-танцор: не зайграў у «Дынама», падпісаўся за рэжым, хоць расiянiн

29 снежня завяршыліся апошнія матчы ў рэгулярным чэмпіянаце экстралігі ў 2023 годзе. У адным з паядынкаў «Металург» дзяжурна абыграў аўтсайдара турніру «Магілёў» (3:1). А самым яркім момантам сустрэчы стаў пераможны танец расійскага галкіпера жлабінчан Сяргея Бальшакова. Пад саўндтрэк з фільма «Місія невыканальна» брамнік выканаў «месячную паходку» і шпагат.

Такі перформанс варатара «Металурга» стаў другім на працягу трох дзён. У такім жа стылі галкіпер танчыў і пры першай перамозе над «Магілёвам» (5:2).

Падобныя шоу ад расійскага варатара – не рэдкасць. У часы выступу за «Разань» ён ужо выконваў падобны танец пасля пераможнага матча:

А вось так у стылі Конара Макгрэгара Бальшакоў адзначыў перамогу ў серыі булітаў.

Сам варатар расказваў пра сімпатыі да ірландскага байца.

«Мне падабаецца, што ён стварае шоу. Заўсёды цікава ўбачыць, што ж ён прыдумае ў наступны раз. Колькі чалавек ужо яго хаду спарадыравала! Нават я гэта зрабіў», – распавядаў Бальшакоў.

Карʼера Бальшакова пачалася ў акадэміі маскоўскага «Спартака». У 17 гадоў брамнік вырашыў паспрабаваць сябе за акіянам і далучыўся да каманды «Брэдфард Булз» з GMHL – адной з моладзевых ліг Канады. Сезон атрымаўся звышпаспяховым: «Брэдфард» стаў чэмпіёнам, а самога Бальшакова прызналі найлепшым варатаром і навічком лігі. Але ж пасля гэтага кiпер не пайшоў далей па шляху да НХЛ, а паехаў у расiйскi «Амур».

У КХЛ зайграць у галкіпера не атрымалася. Бальшакоў – толькі тры матчы пры практыцы ў МХЛ у складзе «Амурскіх тыграў». У 2016 годзе 20-гадовага галкіпера падпісаў «Сочы», дзе на той момант выступаў Андрэй Касціцын. Але нi ў «Сочы» (0 матчаў), ні пасля ў васкрасенскім «Хіміку» з ВХЛ (10 матчаў за 2 гады) галкіпера было не вiдаць.

Рэанімаваць карʼеру Бальшакову ўдалося ў складзе «Разані», дзе ў сезоне 2019/20 ён быў асноўным варатаром: 40 матчаў, 93,1% адбітых кідкоў.

Пасля гэтага галкіпер зʼявіўся ў чэмпіянаце Беларусі. У сезоне 2020/21 ён дапамог «Юнацтву» выйграць чэмпіянат i быў прызнаны найлепшым варатаром экстралігі. Па ходзе сезона галкіпер умудрыўся падпiсацца за рэжым Лукашэнкi, пасля чаго расказаў пра жаданне выступаць за зборную Беларусі. I гэта нават спрацавала – у лістападзе 2021-га Крэйг Вудкрафт запрасіў расіяніна на трэніровачны кэмп. Але Бальшакоў пакуль так і не згуляў за беларускую каманду.

Пасля чэмпіёнства ў экстралізе галкіпер пачаў наступны сезон таксама ў «Юнацтве», аднак пасля некалькіх матчаў перабраўся ў мінскае «Дынама». Але ў КХЛ чарговы раз нiчога не атрымалася: 11 прапушчаных шайб за тры матчы i толькi 86,9% адбітых кідкоў.

У траўнi 2022-га «Дынама» абмяняла кiпера ў каманду ВХЛ «Акадэмiя Мiхайлава» на расійскага форварда Міхаіла Шалагіна. У расiйскiм Д2 брамнік правёў нядрэнны сезон з 42 матчамi. А ў 2023-м змянiў каманду ўнутры лiгi – прыйшоў у «Дынама» Санкт-Пецярбург. Але пасля 10 матчаў бакі прынялі рашэнне скасаваць кантракт – а следам Бальшакоў адправіўся ў Жлобін.

Пра падпісанне расійскага варатара «Металург» абʼявіў у канцы лістапада. Бальшакоў адразу стаў асноўным у клубе. За месяц у экстралізе галкіпер правёў 8 матчаў з пяццю перамогамi i 93,3% адбiтых кiдкоў. Таксама Бальшакоў паўдзельнічаў з «Металургам» у Кубку Дружбы, але там клуб нават з узмацненнем ад канкурэнтаў па ЧБ не здолеў у паўфiнале справiцца з «Сокалам» з ВХЛ i фiнiшаваў трэцiм.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты